Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтаваў аналітычны даклад, прысьвечаны нэгатыўным тэндэнцыям у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны.
Апрача таго, 40-старонкавы дакумэнт утрымлівае прапановы дзеля забесьпячэньня збалянсаванага разьвіцьця дзяржавы цягам 2016–2020 гадоў.
Свабода прапануе канспэкт дакладу з характарыстыкай праблемаў, якія не даюць беларусам дасягнуць узроўню заможных эўрапейцаў.
1. Запавольваньне эканамічнай актыўнасьці
На працягу апошніх гадоў беларуская эканоміка ў значнай ступені застаецца неэфэктыўнай, адстаючы паводле ўзроўню прадукцыйнасьці працы ад краін-лідэраў. Тэмпы эканамічнага росту ўпалі да крытычна нізкага ўзроўню: за студзень-верасень 2015 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014-га ВУП склаў 96,3%. Агулам па выніках разьвіцьця эканомікі за 9 месяцаў мінулага году выкананыя толькі 4 зь 9 прагнозных паказьнікаў: індэкс спажывецкіх цэнаў на ўзроўні 109,2% пры прагнозе ня больш як 112% за год; станоўчае сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі +2,9% ВУП пры прагнозе —3,5%; рэнтабэльнасьць продажу за студзень-жнівень дасягнула 9,5% пры прагнозе 7–7,5%; энэргаёмістасьць ВУП зьнізілася ў параўнаньні з такім жа пэрыядам папярэдняга году на 5,6%. Усе астатнія задачы праваліліся.
2. Няўстойлівасьць плацёжнага балянсу
Стан плацёжнага балянсу дазваляе зрабіць выснову, што плацёжныя адносіны дзяржавы застаюцца незбалянсаванымі, прычым мае месца адток валюты ня толькі па бягучым, але і па фінансавым рахунку. З-за зьніжэньня імпарту тавараў у параўнаньні зь іх экспартам (на 27,4% і 26,2% адпаведна) больш як у 5 разоў зьменшылася адмоўнае сальда плацёжнага балянсу. Разам з тым працягваецца адток капіталу ў выглядзе выплатаў інвэстыцыйных прыбыткаў (2 мільярды даляраў). У той жа час аб’ём інвэстыцыйных даходаў ад актываў, разьмешчаных за мяжой, ня толькі нязначны (усяго 58 мільёнаў даляраў), але і скараціўся на 24%. Таксама назіраецца адток капіталу па артыкуле «партфэльных» інвэстыцыяў. Гэта сьведчыць пра фактычную адсутнасьць унёску гэтага артыкула ў агульны балянс краіны, што ідзе ўразрэз з усясьветнай практыкай.
3. Хісткая дынаміка рэйтынгавых пазыцыяў
Беларусь так і не ўвайшла ў лік перадавых краін паводле міжнародных рэйтынгаў, якія характарызуюць дзелавое асяродзьдзе, канкурэнтаздольнасьць, узровень інавацыйнага разьвіцьця, эфэктыўнасьць дзяржаўнага кіраваньня для паляпшэньня міжнароднага іміджу і росту даверу да эканамічнай палітыкі ў нацыянальных і замежных інвэстараў. Так і засталіся на словах дэкляраваныя задачы — увайсьці ў лік 30 лепшых краін паводле ўмоваў вядзеньня бізнэсу ў рэйтынгу Ўсясьветнага банку і Глябальнай канкурэнтаздольнасці ў рэйтынгу Ўсясьветнага эканамічнага форуму; увайсьці ў лік 50 краін з найбольшым індэксам чалавечага разьвіцьця Праграмы ААН; заняць не ніжэй як 70-е месца ў рэйтынгу эканамічнай свабоды амэрыканскага дасьледчага цэнтру Heritage Foundation і газэты Wall Street Journal. Такім чынам, паводле паказьніка ўзроўню эканамічнай эфэктыўнасьці разрыў зь дзяржавамі-лідэрамі захаваўся, больш за тое, ёсьць рызыка яго нарастаньня.
4. Праблемы ўсясьветнай эканомікі і рынкаў
Відавочныя цяжкасьці ў разьвіцьці эканомік асноўных гандлёвых партнэраў і інвэстараў Беларусі — Эўразьвязу і Расеі. Прагноз росту ВУП для Эўразьвязу на 2016 год, агучаны Эўракамісіяй, зьніжаны да 1,9%. Але нашмат больш рэзкае скарачэньне чакае Расею: згодна з ацэнкай МВФ, за 2015-ты аб’ём ВУП зьнізіцца на 3,8%, у 2016-м — на 0,6%. Гэта выклікана абвалам цэнаў на нафту і праблемамі, зьвязанымі з украінскім крызісам (перш за ўсё — міжнароднымі санкцыямі супраць Расеі). Такі расклад у расейскай эканоміцы ня можа не адбіцца на шчыльна зьвязанай зь ёй Беларусі. Так, са зьніжэньнем цэнаў на нафту аб’ём экспартнага мыта на нафтапрадукты, якое паступіць у бюджэт Беларусі ў 2016-м, не перавысіць 1,5 мільярда даляраў. Для беларускіх НПЗ маржа нафтаперапрацоўкі ўжо зьнізілася на 20 даляраў за тону. Скарачэньне расейскага бюджэту азначае зьмяншэньне фінансаваньня дзяржаўных закупаў, у якіх удзельнічалі беларускія тавары. Адмоўны эфэкт для Беларусі мае і выкліканы падзеньнем цаны на нафту курс расейскага рубля і яго дэвальвацыя.
5. Забесьпячэньне навукова-інавацыйнай бясьпекі
У ліку найважнейшых праблемаў функцыянаваньня нацыянальнай інавацыйнай сыстэмы — крытычна нізкі ўзровень навукаёмістасьці ВУП. У апошнія гады паказьнік унутраных затратаў на навуковыя дасьледаваньні і распрацоўкі (у працэнтах да ВУП) знаходзіцца на ўзроўні, які не перавышае 0,6–0,7%. Гэта ніжэй ня толькі за сярэднеэўрапейскае значэньне (2%), а нават за крытычны ўзровень эканамічнай бясьпекі (1%). Праграмныя дакумэнты прадугледжвалі, што ў 2015 годзе трэба дасягнуць навукаёмістасьці ў памеры 2,5–2,9%, але ў бюджэце на 2015 год выдаткі на фінансаваньне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці былі закладзеныя ў памеры 2 трыльёны рублёў. Пры такім аб’ёме фінансаваньня навукі па выніках 2015-га фактычная навукаёмістасьць ВУП не перавысіць 0,54%. Вынік хранічнага недафінансаваньня навукі — слабая матывацыя працы ў навуковай галіне і, адпаведна, нізкі прэстыж навуковай дзейнасьці. Колькасьць занятых у сфэры навуковага абслугоўваньня працягвае няўхільна скарачацца: сёньня кадравы патэнцыял беларускай навукі складае ўсяго 27% ад узроўню пачатку 1990-х.
6. Інстытуцыйныя праблемы эфэктыўнасьці
Ва ўмовах беларускай інстытуцыйнай мадэлі інтарэсы розных сацыяльных макрагрупаў узгадняюцца не праз рынкавыя мэханізмы, а рашэньнямі органаў дзяржаўнай улады. Мэтазгодна прынцыпова зьмяніць мэханізм дзяржаўнай падтрымкі і перайсьці ад фінансавай падтрымкі вытворчасьці тавараў да аблягчэньня ўмоваў рэалізацыі (з улікам абмежаваных фінансавых магчымасьцяў як прадпрыемстваў, так і насельніцтва). Актывізаваць крэдытаваньне суб’ектаў гаспадараньня з ужываньнем ільготных працэнтных ставак па пазыках на куплю айчынных тавараў і паслугаў з адпаведным падвышэньнем працэнтных ставак па крэдытах на імпартныя аналягі. Праводзіць актыўную палітыку, скіраваную на павелічэньне даходаў насельніцтва, шляхам рэгуляваньня ставак мінімальнай аплаты працы. Скараціць падаходнае падаткаабкладаньне для нізкааплатных катэгорыяў. Выкарыстоўваць фондавы рынак як інструмэнт зьвязваньня свабодных грошай арганізацыяў і насельніцтва з забесьпячэньнем умоваў для росту курсу каштоўных папераў.
7. Падыходы да грашова-крэдытнай палітыкі
З аб’ектыўных прычынаў захоўваюцца высокія інфляцыйна-дэвальвацыйныя чаканьні, якія робяць уплыў на ўзровень ставак. Высокая доля дырэктыўнага крэдытаваньня эканомікі, пераважна аб’ектаў дзяржаўнага сэктару, скарачае магчымасьці выдзяленьня льготных крэдытаў для малога і сярэдняга бізнэсу і зьмяншае аб’ёмы фінансаваньня на рынкавых умовах. Аб’ём дырэктыўнага крэдытаваньня ў 2015 годзе быў абмежаваны 44 трыльёнамі рублёў, але ўжо за першыя 8 месяцаў для рэалізацыі дзяржаўных праграмаў было выдзелена крэдытаў на суму блізу 30 трыльёнаў. Пры гэтым праблема падвышэньня эфэктыўнасьці крэдытаваньня дзяржаўных праграмаў захоўвае сваю актуальнасьць. Адзначаецца нізкая ўдзельная вага доўгатэрміновых дэпазытаў фізычных асобаў у агульным аб’ёме дэпазытаў у беларускіх рублях. У сваю чаргу, пераважная доля кароткатэрміновых укладаў у аб’ёме рэсурснай базы стварае патэнцыйныя пагрозы для фінансавай стабільнасьці і перашкаджае доўгатэрміноваму крэдытаваньню.
8. Бюджэтна-падатковая палітыка
Як ніколі актуальная праблема напаўненьня бюджэту, бо па выніках 2015 году падатковыя паступленьні ў бюджэт чакаюцца меншыя за плянаваныя амаль на 6 трыльёнаў рублёў. Невыкананьне прагназуецца практычна па ўсіх падатках, што абумоўлена агульным пагаршэньнем паказьнікаў эканамічнай дзейнасьці ў краіне. У адпаведнасьці з карэкціроўкай бюджэту летась у верасьні павялічаныя выдаткі зь бюджэту на стымуляваньне валаўтваральных прадпрыемстваў, якія трапілі ў крызіснае становішча. Пры гэтым рэзэрвы росту падатковых паступленьняў для фінансаваньня выдаткаў шукаюцца, перш за ўсё, у падвышэньні стаўкі і пашырэньні базы падаходнага падатку, увядзеньні новых плацяжоў для фізычных асобаў і павелічэньні падатковай нагрузкі на суб’екты малога і сярэдняга бізнэсу, якія ўжываюць спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня. Акрамя таго, для фінансаваньня выдаткаў, зьвязаных з падтрымкай прадпрыемстваў, павялічаны ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу і ліміт зьнешняга доўгу, гарантаванага Рэспублікай Беларусь.
9. Выдаткі прамысловай палітыкі
Адставаньне эканомікі Беларусі ў прадукцыйнасьці працы ад разьвітых краінаў тлумачыцца найперш тым, што ўзровень дададзенай вартасьці, створанай адным работнікам у індустрыяльным сэктары краіны, складае толькі 1/5 сярэднеэўрапейскага значэньня. За апошнія 5 гадоў пагоршыўся ўзровень тэхналягічнасьці прамысловай вытворчасьці Беларусі: у аб’ёме вытворчасьці апрацоўчай прамысловасьці ён скараціўся ад 2,8% у 2010 годзе да 2,1% у 2014-м, сярэдне- і высокатэхналягічнай прадукцыі — з 26,9% да 24,6%. Беларуская прамысловасьць істотна адстае ад паказьнікаў краін Эўразьвязу, і разрыў у апошнія гады толькі павялічваецца. Паводле экспэртных ацэнак, каб дасягнуць узроўню Нямеччыны, неабходна павялічыць долю высокатэхналягічнай прадукцыі ў структуры прамысловай вытворчасьці ў 2,3 раза, да ўзроўню Францыі — у 2,7 раза, Чэхіі — у 3 разы. Пад узьдзеяньнем нізкай эфэктыўнасьці працы аб’ём прамысловай вытворчасьці скараціўся за 9 месяцаў 2015-га на 7,1% у адносінах да аналягічнага пэрыяду папярэдняга году, а ўнёсак прамысловасьці ў фармаваньне прыросту ВУП быў адмоўны.
10. Дзяржаўна-прыватнае партнэрства
На пачатак 2015 году доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВУП склала 25,3% і зьменшылася ў параўнаньні з 2013-м на 0,8% (колькасьць занятых у гэтым сэктары набліжаецца да 1,5 мільёна чалавек). Нягледзячы на адносны прагрэс у фармаваньні спрыяльнага дзелавога клімату, Беларусь так і ня здолела выйсьці на плянавы паказьнік — месца не ніжэй за 30-е ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» Ўсясьветнага банку, заняўшы летась 44-ю пазыцыю. Асноўнымі праблемамі, якія перашкаджаюць разьвіцьцю малога і сярэдняга бізнэсу, застаюцца сыстэма дзяржаўнага рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая не адпавядае патрабаваньням сучаснасьці; наяўнасьць адміністрацыйных бар’ераў; слабая даступнасьць крэдытна-фінансавых, матэрыяльна-тэхнічных і зямельных рэсурсаў; несувымерныя спагнаньні, якія накладаюцца за парушэньні ў сфэры прадпрымальніцкай дзейнасьці.