У выніку магутнага землятрусу ў правінцыі Дынгры ў Тыбэце раніцай 7 студзеня, паводле апошніх зьвестак, загінулі сама меней 126 чалавек, яшчэ 188 пацярпелі, паведамляюць кітайскія ўлады.
Мясцовыя ўлады паведамілі пра пашкоджаньні больш як тысячы дамоў. На ліквідацыю наступстваў накіравалі больш за 3400 ратавальнікаў і 340 мэдыкаў. Выратавальныя працы ў кітайскай правінцыі Дынгры ўскладняюцца нізкімі тэмпэратурамі — цяпер там мінус 8 градусаў па Цэльсіі, чакаецца мінус 18.
Паводле зьвестак Цэнтру сэйсмалягічных сетак Кітаю, магнітуда землятрусу склала 6,8, эпіцэнтар знаходзіўся ў правінцыі Дынгры на глыбіні 10 кілямэтраў — прыкладна за 80 км (50 міляў) на паўночны ўсход ад гары Эвэрэст. Геалягічная служба ЗША паведаміла, што землятрус меў магнітуду 7,1.
Падземныя штуршкі таксама скаланалі будынкі ў суседніх Нэпале, Бутане і Індыі, піша Reuters. Пасьля асноўнага землятрусу былі зафіксаваныя яшчэ некалькі афтэршокаў магнітудай да 4,4.
Сёньняшнія штуршкі былі самыя магутныя за апошнія пяць гадоў, паведамілі ў CENC.
Пасьля землятрусу для турыстаў закрылі ляндшафтны парк Эверэста. Пра аднаўленьне працы парку паведамяць дадаткова.
Форум