Больш за 35 тысяч чалавек паглядзелі на Youtube польскамоўны ролік усяго за некалькі тыдняў. Аўтар відэа Павал Супаненка — выпускнік Коласаўскага ліцэю і Кракаўскага эканамічнага ўнівэрсытэту — жыве і працуе ў Кракаве, гадуе малую дачку і распавядае пра сваю радзіму.
Праца над ролікам заняла 2–3 месяцы, кажа Павал. Рабіць яго даводзілася ў вольны ад працы час. Пасьля ўнівэрсытэту Павал працуе ў сфэры IT, а відэа і анімацыя — ягонае хобі.
Музыку да роліка напісаў ягоны брат Ян. Як кажа Павал, музычнае суправаджэньне — палова посьпеху. Адрэдагаваў тэкст выкладчык інстытуту ўсходнеславянскай філялёгіі Ягелонскага ўнівэрсытэту філёляг і культуроляг Зьміцер Клябанаў. Рабіў відэа Павал на хатнім кампутары, а гук запісваў ва ўласным аўтамабілі — дома, дзе малое дзіця, зрабіць якасны запіс было б складана.
«Гэта была ідэя для канала The Emigrants, які мы з маім сябрам вядзем на фэйсбуку. Ён з Партугаліі, я зь Беларусі. Робім ролікі з польскім кантэнтам», — кажа Павал пра тое, як зьявілася відэа. Апошнім часам Беларусь дае нагоды для пазытыўных навінаў, зьвязаных з адкрыцьцём межаў. Таму вырашылі распавесьці пра краіну для палякаў так, каб у іх зьявілася жаданьне яе наведаць.
«Ня тое каб яны нічога ня ведалі — ведаюць шмат, але збольшага нэгатыўнае, — тлумачыць Павал. — Таму ідэя была простая — паказаць палякам станоўчую Беларусь».
Павал кажа, што пры стварэньні сцэнара былі думкі дадаць і менш пазытыўнай інфармацыі, але ад іх адмовіліся.
«Думалі, ці ня ўставіць пра тое, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ёсьць сьмяротнае пакараньне, або што Лукашэнка больш за 20 гадоў пры ўладзе, — кажа аўтар. — Але гэта ня тое, чым можна заахвоціць людзей. Да таго ж гэта з гумарам было зроблена. Нельга ўспрымаць літаральна тое, што там паказана, бо ў пяць хвілін 20 фактаў нельга зьмясьціць так, каб падрабязна пра іх напісаць».
Досьвед жыцьця ў польскім грамадзтве падказаў Паўлу, якія факты падабраць найлепш.
«Калі спытаць у палякаў, з чым асацыюецца Беларусь, то скажуць — „ну, Лукашэнка, дыктатура“, — кажа ён. — У СМІ мала інфармацыі пра Беларусь. Напрыклад, у мяне на працы ёсьць сяброўка, муж якой увесь час гуляе ў World of Tanks. Я пытаюся: „Ты ведаеш, што гэта ў Беларусі робяць?“ І яна была ў шоку».
Рэакцыя на ролік і шматлікія перапосты ў сацыяльных сетках Паўла вельмі цешаць. Кажа, нават не чакаў, што столькі людзей зацікавяцца ягонай працай. Ролік разьмясьцілі папулярныя ў Польшчы інтэрнэт-парталы, і да Паўла зьвяртаюцца з прапановамі зрабіць такое ж відэа на іншых мовах.
У беларускіх сацыяльных сетках пасьля паведамленьня пра бязьвізавы ўезд у Беларусь для грамадзян 80 краін на пяцідзённы тэрмін адразу зьявіліся разнастайныя меркаваньні — ад «тут глядзець няма на што» да «што можна пасьпець за пяць дзён?». Павал кажа, што тут беларусы падобныя да палякаў — «любяць паскардзіцца там, дзе можна парадавацца».
«Мы з жонкай-полькай і дачкой былі зараз у Беларусі тры тыдні. Паглядзець можна вельмі шмат, нават Менск і навокал. Дарогі ў нас вельмі добрыя — за гадзіну можна паўсюль даехаць. У Менску шмат выдатных паркаў, ёсьць дзе шпацыраваць зь дзіцём. Шмат музэяў. Мы зьезьдзілі ў Мірскі замак, у Дукорскі маёнтак. У нас шмат прыгожых месцаў, дзе можна проста гуляць, знайсьці недарагую рэстарацыю, паехаць катацца на сноўбордзе, на лыжах», — кажа Павал.
«Людзі, якія кажуць, што ў Беларусі няма чаго паглядзець, альбо сьляпыя, альбо недаацэньваюць сябе, — кажа ён. — Гэтаксама і тыя, хто кажа, што Беларусь — „малая краіна“. Гэта сьмешна і трошкі „савок“. Калісьці нам убілі ў галаву, што Беларусь — нейкі прыдатак, малая, недаРусь і навошта тут затрымлівацца. Нават дырэктар гатэлю калісьці сказаў, што турысты ў Беларусь прыяжджаюць, ядуць і едуць на Маскву».
Фактаў з савецкай гісторыі краіны ў Паўлавым відэа няма. Хоць вобраз Беларусі як «маўзалея» СССР дагэтуль жывы. Павал кажа, што для яго ў гэтым факце няма нічога пазытыўнага.
«Калі расейцы прыяжджаюць і лічаць, што „Беларусь — гэта закансэрваваны Савецкі Саюз“, то для мяне гэта не камплімэнт. І я з гэтым абсалютна не згаджуся. Можа, архітэктура і нейкія дзяржаўныя ўстановы грамадзкага харчаваньня — яшчэ так. Але я гэтага „саўка“ ня бачу. Нават дзяржаўныя ўстановы, як на мяне, лепш працуюць, чым у некаторых краінах Эўропы, — кажа Павал. — Таму не паказваць Беларусь як выспу „савецкасьці“ — гэта плюс».
Павал і ягоная сям’я даўно жывуць у Польшчы. «Ёсьць трошкі шкадаваньня, але цяперашнім часам усе мультыкультуралісты, — кажа ён. — Я не адчуваю сябе адасоблена ад Беларусі. Я свабодны чалавек, падарожнічаю, жыву там, дзе мне ў гэты момант зручна. І стараюся ўплываць на імідж Беларусі, распавядаю пра Беларусь. Раблю, што магу».