Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка Вольга Казак у Нью-Ёрку: «Бацькі казалі: або размаўляеш па-беларуску, або шукай сабе іншае жытло»


Вольга Казак
Вольга Казак

Яе бацькі на пачатку 90-х апынуліся ў ЗША зь дзьвюма валізкамі, а сёньня кампазыцыі Вольгі Казак — сапраўдныя гіты на амэрыканскіх радыёстанцыях, яна перамагла ў «Billboard Song Writing Contest» і выступала з канцэртамі ў Лінкальн-цэнтры.

Як у Амэрыцы любяць беларускія песьні, як быць адзінай белай дзяўчынкай у школе і як закалыхаць дзіця пад «Аксамітны летні вечар» — пасьпяховая сьпявачка Вольга Казак распавядае ў інтэрвію Радыё Свабода.

«Амэрыканцам падабаецца беларуская народная музыка»

— Воля, два гады таму твая песьня «Like Heaven» стала гітам нью-ёрскіх радыёстанцыяў. Тады пра цябе напісалі ледзь ня ўсе беларускія мэдыі. У ЗША цябе ведаюць як кампазытара і сьпявачку — на вуліцах ужо пазнаюць?

— Не, што ты! Мне больш падабаецца чуць, як сусьветна вядомы голас выконвае мае песьні (сьмяецца). Я не лічу, што як сьпявачка я стала вельмі вядомая. Але, так ці інакш, гэта быў вельмі доўгі шлях. Я ўжо шмат гадоў пішу музыку. Я выйгравала шматлікія музычныя конкурсы, напрыклад, «Billboard Song Writing Contest» ці «Star Chance», таму з гэтага боку мяне ведаюць даўно. «Прабівацца» я пачала недзе ў 2005 годзе, калі мяне запрасілі на вялікую канфэрэнцыю ў Пуэрта-Рыка, дзе я сустрэла вельмі вядомых прадусараў і выканаўцаў, як Чарлз Мак, зь якім дагэтуль працую, сьпявачку Куін Лаціфа. Тады я стала пісаць песьні ня толькі для сябе, а таксама для вядомых сьпевакоў, якія выйгравалі прэстыжныя конкурсы, як «Грэмі» ці «Оскар». Я пішу песьні для амэрыканскага тэлебачаньня, фільмаў. Ты ўзгадала песьню «Like Heaven», але і іншыя мае творы траплялі на радыёстанцыі — амэрыканскія і расейскія, дзе я выйгравалі гіт-парады. Мне сапраўды падабаецца пісаць, выступаць, займацца тэлебачаньнем, фільмамі, прадусіраваць падзеі.

— Пішаш песьні па-беларуску?

— Шчыра кажучы, я пішу ў асноўным па-ангельску і па-гішпанску. Але ў мяне ёсьць песьні і на беларускай мове. Цяпер я працую над беларускамоўнымі праектамі — міксую народную музыку з рэгі, тэхна і іншымі стылямі музыкі.

— Я бачыла ў youtube твой выступ у амэрыканскім клюбе, дзе ты сьпявала па-беларуску. Як рэагуюць амэрыканцы, калі чуюць беларускую мову?

Калі я выступаю на сцэне, я заўсёды стараюся ўключыць у праграму некалькі беларускіх песень.

— Калі я выступаю на сцэне, я заўсёды стараюся ўключыць у праграму некалькі беларускіх песень. Напрыклад, у United Nations ці Lincoln Center я сьпявала «Белая, белая» — усе падпявалі: цемнаскурыя, азіяты. Да мяне нават з Кітаю падыходзілі і казалі, што ведаюць гэтую песьню і яна ім падабаецца. Дарэчы, амэрыканцам вельмі падабаецца беларуская народная музыка. Для іх гэта экзотыка, таму гэта ім вельмі цікава.

— Ці падкрэсьліваеш, што паходзіш зь Беларусі? Ці ведаюць у ЗША што-небудзь пра Беларусь?

— Бывае, што некаторыя людзі ведаюць, дзе Беларусь. Памятаю, я размаўляла з прадусарам і рэжысэрам Роры Робінсанам. Ён спытаў, адкуль я паходжу. Я распавяла, а ён у адказ: «О, Беларусь, ну і што ў вас там з Лукашэнкам?». Высьветлілася, што ён ведае ня толькі, дзе нашая краіна знаходзіцца, а яшчэ пра тое, якая ў нас палітычная сытуацыя. Робінсан паходзіць з Ірляндыі. Ягоны кароткамэтражны анімацыйны фільм «50 адсоткаў шэрасьці» быў намінаваны на прэмію «Оскар».

— Што адрозьнівае ЗША ад Беларусі?

Гэта сапраўды найважнейшае — магчымасьць быць, кім ты хочаш.

— Усе заўсёды кажуць, што ў Амэрыцы ўсе адчуваюць сябе свабоднымі. Я не хачу паўтарацца, але гэта сапраўды найважнейшае — магчымасьць быць, кім ты хочаш. Тут ты сам ад сябе залежыш. І гэта можа быць цяжка для некаторых, бо ў Беларусі прызвычаіліся, што кажуць, як трэба рабіць. Каб чагосьці дасягнуць, ты мусіш вельмі цяжка працаваць, тут такога няма, што хтосьці цябе будзе штурхаць. Ня хочаш? Добра, хтосьці іншы захоча. Людзі тут сапраўды працуюць дзень і ноч. Напрыклад, я пачынаю свой дзень а 5 раніцы — так рана, бо нядаўна я нарадзіла дачку. На працы ў мяне сустрэчы бываюць безь перапынкаў, па вечарах таксама часам працую. Гэта даволі цяжка, але, зь іншага боку, калі ты нечага хочаш, то ў ЗША ты гэта можаш дасягнуць. Па працы я сустракаюся з многімі вядомымі людзьмі ў розных сфэрах — мэдыяў, палітыкі, кінэматографу — напрыклад, я працавала з Джэсікай Альба, Джынай Дэйвіс, Робін Робэртс і іншымі. Я ня буду пералічваць шмат імёнаў, бо гэта няважна. Але мне падабаецца, што тут, нават калі чалавек шмат дасягнуў, то ён ня лічыць сябе зоркай і застаецца простым у кантакце.

«У іншых сем’ях з пакаленьня ў пакаленьне перадавалі золата, у нас — народныя песьні»

— Ці сочыш ты за тым, як разьвіваецца шоў-бізнэс у Беларусі, што адбываецца ў мастацкай, музычнай сфэры?

— Не магу сказаць, што я экспэрт па беларускай музыцы, але стараюся сачыць — хаця б таму, што мяне цікавіць творчасьць з усяго сьвету. Вядома, тое, што слухаюць у ЗША, можа не падабацца людзям у Беларусі, або нейкія тэндэнцыі прыходзяць туды толькі праз 5 ці 10 гадоў.

Я дакладна магу сказаць, што вельмі шаную тое, што беларускія творцы, нягледзячы ні на што, спрабуюць ствараць нешта новае, цікавяцца тым, што адбываецца ў сусьветнай музыцы, мастацтве. Чаго не хапае ў Беларусі, дык гэта магчымасьці свабодна выехаць зь Беларусі і пабачыць сьвет.

— Часам ня тое што выехаць складана, а і выступіць у самой Беларусі складана. Ты чула пра «чорныя сьпісы»?

— Так, гэта вельмі цяжка. Калі ты хвалюесься ці баісься — у такіх варунках немагчыма працаваць. Калі ежджу па сьвеце, я сустракаюся з многімі беларусамі. Гэта вельмі таленавітыя людзі, якія робяць шмат цудоўных рэчаў. І вось яны распавядаюць, што калі працавалі ў Беларусі, то ім не дазвалялі працаваць, не падтрымлівалі. Цяпер яны займаюцца творчасьцю ў іншых краінах, дзе пра іх выдатна ведаюць, дзе іх шануюць. Таму вы нават і ня можаце сабе ўявіць, колькі беларусаў у сьвеце, якія робяць нешта неверагоднае ў розных сфэрах! Я гэтым вельмі ганаруся і лічу, што варта падтрымліваць адно аднаго, а ня толькі крытыкаваць.

— Што на цябе найбольш паўплывала як на сьпявачку?

Ёсьць сем’і, дзе з пакаленьня ў пакаленьне перадаюць золата, у нас перадавалі народныя песьні — ад бабулі да бабулі.
— Найбольшы ўплыў на мяне мела беларуская народная песьня. З гэтага я пачынала, гэта ўвесь час гучала ў нашай хаце. Мае бацькі намагаліся захаваць беларускі фальклёр — езьдзілі па вёсках, запісвалі песьні ад бабуль, развучвалі іх потым, таму з гэтым я вырасла. Ёсьць сем’і, дзе з пакаленьня ў пакаленьне перадаюць золата, у нас перадавалі народныя песьні — ад бабулі да бабулі. Таму я пішу сваю музыку, але ведаю, што перада мной задача — захаваць тую працу, якую пачалі мае бацькі.

«Бацькі казалі: або размаўляеш па-беларуску, або шукай сабе іншае жытло»

— Ты апынулася ў Амэрыцы ў 10 гадоў. Ці было табе складана?

— Я вельмі хутка знайшла сваё месца ў школе, празь месяц я ўжо добра размаўляла па-ангельску. Хоць не заўсёды было вельмі лёгка. Я жыла і вучылася ў Бронксе — як Джэніфэр Лопэс (сьмяецца). У маёй школе былі дзеці з розных краінаў — Пуэрта-Рыка, Мэксыкі, Сэрбіі, але ў клясе я была адзіная белая дзяўчына. Памятаю, мяне нават сабраліся біць іншыя дзяўчаты. Але адна чарнаскурая дзяўчына, якую звалі Кортні, сказала: ніхто Волю не чапае! І пасьля гэтага мы былі зь ёй вельмі добрыя сяброўкі.

— Ты ўсё ж за столькі гадоў не забыла беларускай мовы. Дзе ты яе вывучыла і як змагла не згубіць у Амэрыцы?

Я з самага дзяцінства размаўляла па-беларуску, у Менску хадзіла ў беларускамоўную школу. А вось у ЗША бацькі мяне проста змушалі размаўляць на беларускай мове, я не жартую! Натуральна, я хацела быць як іншыя дзеці, таму, калі прыехала ў Амэрыку, то пачала заўсёды размаўляць па-ангельску, нават дома. Тады бацькі ставілі мяне на месца, асабліва тата: ты ў маёй хаце, і мы тут размаўляем па-беларуску. Калі ў цябе ёсьць грошы — ідзі шукай сабе іншае жытло, дзе ты зможаш размаўляць на любой мове, якой захочаш. Таму я і чытала, і пісала па-беларуску. Дапамагло і тое, што ў ЗША мы сустракаліся зь іншымі беларусамі дыяспары, ад якіх я чула родную мову, што дапамагло яе захаваць. Але толькі калі вырасла, я зразумела, як гэта цудоўна — ведаць родную мову і захаваць беларускую культуру.

Вольга Казак пра беларускую мову
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:14 0:00

— Ці адчуваеш ты сябе беларускай пасьля столькіх гадоў жыцьця ў ЗША?

— Я адчуваю сябе і амэрыканкай, і беларускай. У Амэрыцы прынята ганарыцца сваім паходжаньнем, таму я заўсёды кажу, што я зь Беларусі. Некаторыя ня ведаюць і думаюць, што гэта нейкая італьянская выспа — Бэла Рус (сьмяецца).

— Ты казала, што ня так даўно ў цябе нарадзілася дачка. Будзеш прымушаць яе вучыць беларускую мову, як цябе твае бацькі?

— Цікава, ці будзе яна размаўляць па-беларуску. Але задача ў мяне будзе яшчэ больш складаная, чым у маіх бацькоў. У нас дома гучаць увогуле тры мовы — мы з мужам размаўляем па-ангельску, але сам ён з Турэччыны. Захаваць беларускасьць, вядома, намагаемся — не пасьпела мая дачка, як кажуць, «вылупіцца», як мая маці замовіла ёй беларускую вышыванку да бел-чырвона-белай шапачкі. А калі яна не змагла заснуць, мы з бацькамі сьпявалі ў тры галасы беларускія народныя песьні — яна толькі пад іх засынала. Таму «Беларусь мая» ці «Аксамітны летні вечар» увесь час гучаць у хаце. Цяпер мой муж, калі кладзе яе спаць, ужо і сам напявае «Беларусь мая». Мы вельмі з гэтага сьмяемся.

— Ты езьдзіш у Беларусь?

Я не была столькі гадоў у Беларусі і вельмі хачу туды паехаць. Зь іншага боку, Беларусь засталася для мяне чыстай, прыгожай, дзяцінствам.

— Я не была ў Беларусі з таго часу, як мы зьехалі. Я спрабавала атрымаць візу, але мне яе ня выдалі — сказалі, што я павінна спачатку ўстанавіць сваё жыхарства, адмовіцца ад беларускага грамадзянства, заплаціць грошы. І гэта займае вельмі шмат часу. Я вырашыла пакуль пачакаць. Я не была столькі гадоў у Беларусі і вельмі хачу туды паехаць. Зь іншага боку, Беларусь засталася для мяне чыстай, прыгожай, дзяцінствам. Спадзяюся, мая дачка таксама пабачыць Беларусь, калі прыйдзе час.

— Я заўважыла, што тут вельмі шмат сьпяваюць на вуліцы — і сьпяваюць вельмі добра. Ці можаш прасьпяваць што-небудзь?

— Так, тут шмат талентаў, а ў мэтро сьпяваюць часта лепш за прафэсійных выканаўцаў. Я засьпяваю куплет ці два зь беларускай песьні. Я гэтую песьню хутка буду выпускаць, але ў іншай аранжыроўцы. Цяпер я прасьпяваю народны варыянт — яна перадалася ад маёй бабулі — таксама Волі. Называецца «Цячэ рэчанька».

Вольга Казак сьпявае песьню па-беларуску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:11 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG