Свабода пачынае цыкль публікацый пра маладых пасьпяховых беларусаў у ЗША.
Праграміст Ігар Маханёк вядомы ў Беларусі дзякуючы сваёй працы ў Google, інвэстыцыям у беларускія стартапы і гульнёй у «Што? Дзе? Калі?». Нядаўна Ігар зьмяніў працу ў Google на іншую — цяпер ён працуе ў Facebook.
Прашу яго распавесьці крыху пра новае месца працы, але пакуль Ігар адмаўляецца — кажа, што занадта мала там працуе і ня мае пакуль дазволу даваць інтэрвію пра кампанію. Засяроджваемся на Google.
«Расейцаў тут лічаць рускай мафіяй, а беларусы любяць спрачацца»
— Чаму ты вырашыў зьмяніць Google на Facebook? Ці ў цябе засталася тая ж пасада, як і раней?
Мне вельмі падабаецца місія Facebook — аб’ядноўваць людзей і дапамагаць ім камунікаваць.
— Так, я застаўся на сваёй жа пасадзе — я праграміст праграмнага забесьпячэньня. Чаму зьмяніў працу? Мне вельмі падабаецца місія Facebook — аб’ядноўваць людзей і дапамагаць ім камунікаваць. Я вельмі паважаю Марка Цукербэрга. Прадукты Фэйсбука мне вельмі блізкія — сам Facebook, Instagram, WhatsApp. І пасьля васьмі гадоў ужо было цікава зьмяніць абстаноўку, выйсьці з зоны камфорту.
— Абодва твае месцы працы — вядомыя міжнародныя кампаніі-гіганты. Як ты лічыш, ці для беларуса гэта сапраўды немагчыма або вельмі цяжка — атрымаць працу ў Google ці Facebook?
— Я ведаю як мінімум некалькі дзясяткаў беларусаў, якія працуюць у Google, таму няма ў гэтым нічога немагчымага. БДУ ФПМІ (факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. — РС), які я скончыў, — гэта дастаткова добрая база для таго, каб ісьці ў праграмнае забесьпячэньне. Вядома, зь якога-небудзь Стэнфарду трапіць у Google лягчэй, бо і ў сам унівэрсытэт цяжэй паступіць, і праграма навучаньня там інакш пабудаваная. Але галоўнае, што ў Google ці Facebook цяжка трапіць без практычнай падрыхтоўкі, бо трэба ўмець напісаць код, прыдумаць цэлую сыстэму. Таму варта ўжо штосьці ўмець. У Google беларусы працуюць у розных сфэрах — ад праграмістаў да аддзелу продажу. А Facebook — кампанія меншая, таму і беларусаў тут меней, але яны таксама працуюць на розных функцыях. Калі казаць пра маю пасаду, то для інжынэраў патрабаваньні ў Facebook такія ж, як і ў Google.
— Ці склалася ў Google ці Facebook нейкае меркаваньне пра нас, стэрэатыпы? Напрыклад, што мы вельмі працавітыя ці наадварот?
— Цяжка сказаць пра нейкія стэрэатыпы менавіта пра беларусаў. Амэрыканцы групуюць нас зь іншымі ўсходнімі і цэнтральнымі эўрапейцамі. Мы ўсе разам маем агульныя рысы. Напрыклад, тыя ж палякі, расейцы, чэхі значна больш непасрэдныя ў сваіх выказваньнях, чым амэрыканцы, якія вельмі асьцярожныя ў крытыцы. Беларусы таксама кажуць усё ў твар. Апроч таго, усе гэтыя народы больш спрачаюцца, чым амэрыканцы.
Але я дакладна ведаю, што Google — гэта кампанія, дзе беларусаў ад расейцаў адрозьніваюць. Бо проста ў горадзе з гэтым могуць быць праблемы. Я ведаю, што ў мяне досыць моцны акцэнт, таму шмат якія амэрыканцы думаюць, што я расеец. А расейцаў тут лічаць і рускай мафіяй, і занадта грубымі, і кажуць, што працаваць ня хочуць. Але гэта хутчэй глябальныя стэрэатыпы, якіх у Google няма. У Facebook я пакуль знайшоў каля тузіна беларусаў. Але пакуль занадта рана казаць пра нейкае стаўленьне да нас, стэрэатыпы.
— Як ты тлумачыш, што ты зь Беларусі? Што тут пра нас ведаюць?
— Здараецца, што людзі чулі пра Беларусь дзякуючы спорту: хакею, тэнісу і Алімпіядзе. А большасьць амэрыканцаў нічога пра нас ня ведае. Але зь імі наконт гэтага проста, бо яны цікаўныя, ім лёгка патлумачыць. Я звычайна кажу: Беларусь — гэта ў Эўропе, побач з Польшчай ці Ўкраінай, пра якую тут усе ведаюць, дарэчы. Ва ўкраінцаў нават да крызісу было значна менш праблемаў з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Але тут яшчэ ёсьць адна штука, што амэрыканцы блытаюць назвы і кажуць: «О, вы беларашн! Гэта гучыць як рашн». Я мушу тлумачыць, што я Belarusian, а не Belarussian.
— А Лукашэнка?
— Амэрыканцы прозьвішча Лукашэнкі ня ведаюць і ня чулі. Азаранку ведаюць, але толькі калі сочаць за спортам.
«Беларуская мова ў Google будзе»
— Чым ты займаўся ў Google? Што менавіта ты стварыў?
— У апошні час я працаваў у праекце Google Maps. Часта зьмены, якія мы ўносім, нябачныя людзям. Напрыклад, раней я працаваў над іншым праектам, зьвязаным з дысплэйнай рэклямай. Дзякуючы гэтаму пачала зьяўляцца больш тэматычная рэкляма. Мы таксама палепшылі пошук у Play Store.
— Ты ўзгадаў Google Maps. Паводле якіх правілаў вы выкарыстоўваеце беларускую лацінку? Чаму назва мясцовасьці часам напісаная паводле правілаў, а часам не?
— Каб зьмяніць ці дапоўніць мапы ў Google, ёсьць адмысловы сэрвіс Google Map Maker, ён жа картограф. Цяпер ёсьць даволі вялікае кам’юніці ў Беларусі, якое займаецца паляпшэньнем Google Maps. Да таго як яго запусьцілі ў 2010 годзе, мапа Беларусі ўвогуле была «2 дарогі і 6 гарадоў». Цяпер жа валянтэры называюць гарады і мястэчкі так, як ім падаецца слушным. Няма нейкага аднаго правіла, бо зашмат правілаў звычайна вельмі аслабляюць валянтэрскі рух. Вядома, ёсьць каманда, якая сочыць за ўзроўнем і якасьцю. Але яны спрабуюць рабіць гэта вельмі нэўтральна. І з лацінкавымі напісаньнямі заўсёды было цяжка ў Беларусі: паглядзі на менскае мэтро ці друкаваныя мапы.
— Ці будзе беларуская мова ў прыладах і навінах Google?
Рэсурсы ў Google абмежаваныя, таму іншыя мовы вышэй у прыярытэтах, чым беларуская.
— Гэтыя пытаньні вельмі слушныя, я вельмі падтрымліваю, што ты іх задаеш. Але я не адказваю за моўную палітыку кампаніі. З майго неафіцыйнага пункту гледжаньня, гэта ўсё будзе, хоць і адбываецца досыць павольна. Для Google беларуская мова — гэта адна са шматлікіх моваў сьвету. І ёсьць сьпіс прыярытэтаў. Вышэй у гэтым сьпісе мовы, на якіх больш людзей размаўляе, якіх больш людзей патрабуе. Я неаднаразова падымаў гэтае пытаньне сярод розных камандаў у кампаніі, каб перакладалі свае прадукты на беларускую мову. Але рэсурсы ў Google абмежаваныя, таму іншыя мовы вышэй у прыярытэтах, чым беларуская.
Гэта была пэсымістычная рэальнасьць, але вось крыху аптымістычнай будучыні. Google расьце, зусім нядаўна пачалі запускаць прадукты на іншых постсавецкіх мовах: казахскай, кіргіскай, грузінскай, таму будзе і беларуская мова. Але тут усё завязана на тым, якая частка насельніцтва выкарыстоўвае толькі родную мову. У Беларусі — гэта меншая частка насельніцтва. Вядома, хтосьці спрабуе бачыць нейкія палітычныя падыходы, але тут выключна практычны і бізнэсовы падыход.
— Ці аплікацыі Google бясьпечныя? Ці выдае кампанія інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў?
— Google выкарыстоўвае ва ўсіх прадуктах шыфраваньне HTTPS. Гэта значыць, што калі вы карыстаецеся поштай Gmail, то інфармацыю паміж вашым кампутарам і сэрвэрам Google немагчыма перахапіць. Вядома, кампанія нікому інфармацыю не перадае, толькі калі ёсьць дакладны запыт ад праваахоўных органаў па канкрэтнай асобе. Ёсьць Google Transparency Report, у якім ёсьць зьвесткі па запытах і перададзенай інфармацыі. У Google каля ста мільёнаў падпісчыкаў, а лік карыстальнікаў, па якіх была выдадзеная інфармацыя, ідзе ўсяго на тысячы. Але зразумела, што Google мусіць падпарадкоўвацца законам, як і любая іншая інтэрнэт-кампанія.
«Спэцыялісты IT у Беларусі таньнейшыя, чым у ЗША»
— Чым Беларусь цікавая Google і іншым міжнародным кампаніям? Як лічыш, ці з боку ўладаў дастаткова дазволу на разьвіцьцё бізнэсу?
— Я наагул ня бачу тут уладнага фактару. Бізнэс і эканоміка ў Беларусі разьвіваюцца, становяцца тэхналягічнымі, больш людзей карыстаюцца інтэрнэтам. Рэкляма з вулічных білбордаў паступова перамяшчаецца ў інтэрнэт. Таму Беларусь — гэта будучы буйны рынак рэклямы, што і ёсьць бізнэсам Google.
— Але калі казаць пра Парк высокіх тэхналёгіяў у Беларусі, то складаецца ўражаньне, што гэта нешта разрэклямаванае, але малаэфэктыўнае.
У беларускім IT-бізнэсе ўсё значна лепей, чым 10 гадоў таму.
— Парк высокіх тэхналёгіяў — гэта арганізацыя, якая спрабуе дапамагаць беларускаму IT-бізнэсу. Ёсьць, напрыклад, ільготы па падатках. У Беларусі робяць бізнэс буйныя IT-кампаніі, як EPAM, Wargaming. Але ў апошнія гады зьявілася таксама шмат невялікіх кампаніяў, якія даюць працу беларускім праграмістам, «экспартуюць» свае прадукты ці паслугі і атрымліваюць экспартныя грошы. Я лічу, што ў беларускім IT-бізнэсе ўсё значна лепей, чым 10 гадоў таму. Напрыклад, заробкі сталі вышэйшыя.
— Але гэта натуральны працэс, што разьвіваецца і рынак, і інтэрнэт, і бізнэс. Зразумела, што цяпер лепш, чым 10 гадоў таму. Але як лічыш, ці ўсё ж у Беларусі спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу?
— Ёсьць свае плюсы і мінусы. Самыя галоўныя плюсы для адкрыцьця IT-бізнэсу ў Беларусі — гэта выдатныя спэцыялісты. І ў іх у параўнаньні з ЗША даволі нізкія патрабаваньні наконт заробкаў. Таму рабіць бізнэс на глябальны рынак зь Беларусі нашмат таньней, чым у ЗША.
— Як можа паўплываць і ўжо паўплываў на разьвіцьцё сфэры ІТ арышт беларускага бізнэсмэна Віктара Пракапені?
— Гэта вельмі сумная гісторыя. Я зь Віктарам размаўляў пару разоў — ён сапраўды вельмі разумны бізнэсовец, які шмат зрабіў для разьвіцьця IT-бізнэсу ў Беларусі. Ягоны бізнэс прыносіў экспартныя грошы, даваў працоўныя месцы. Віктар паказваў Беларусь іншым мэнэджэрам заходніх кампаніяў, якія адчынялі тут офісы. Пасьля ягонага арышту шмат хто палохаецца, але кампаніі, якія стартуюць у Беларусі, працягваюць працаваць. Вядома, можа стаць цяжэй запрашаць інвэстыцыі.
«У Беларусі мала прадпрымальніцкага духу»
— Ты таксама цікавісься беларускімі стартапамі. Наколькі яны пэрспэктыўныя і ці ёсьць стартапы, якія ты б мог адзначыць?
— Не магу сказаць, што я шмат займаюся беларускімі стартапамі. Некалькі гадоў таму я інвэставаў у стартап Panda.doc, які робіць аўтаматызацыю дакумэнтаў. Ёсьць яшчэ некалькі беларускіх стартапаў, у якіх я мэнтар, то бок дапамагаю парадамі, але не інвэстую. Яны маюць падобныя назвы: SplitMetrics і MetricsCat. Абодва зьвязаныя з аналізам мабільных аплікацыяў і колькасьці іх карыстальнікаў. Вельмі цікава, што ў Беларусі зьявіліся два такія стартапы ў адной сфэры. Ёсьць выдатны стартап Saytaxi, які робяць мае аднагрупнікі з унівэрсытэту. Яны ўжо пасьпяхова запусьцілі яго ў Беларусі і некаторых іншых краінах. Гэта канкурэнт Uber — сыстэмы выкліку таксоўкі з мабільнага.
— Ці ёсьць у беларускіх стартапаў шанец выйсьці на глябальны рынак і што для гэтага трэба? Што зрабіць, каб ты інвэставаў у нейкі беларускі стартап?
Рэцэпт посьпеху — трэба кінуць сваю працу, пазбавіцца свайго заробку і рабіць full-time праект бяз грошай.
— Трэба зрабіць выдатны стартап. Трэба зрабіць так, каб я паверыў, што стартап павінен вырасьці да мільярда даляраў. Інвэстару цікавыя стартапы, якія могуць стаць вялікімі. Зь вядомых прыкладаў — Twitter, Facebook, Uber, Google у свой час былі стартапамі.
Беларускім стартапам трэба замахвацца на нешта вялікае і працаваць, працаваць. Часта людзі прапаноўваюць мне ідэі, але я ў ідэі не інвэстую. І гэта галоўнае адрозьненьне Беларусі ад ЗША. У Беларусі мала гэтага entrepreneurial spirit — прадпрымальніцкага духу, калі людзі гатовыя рызыкнуць. А гэта рэцэпт посьпеху — трэба кінуць сваю працу, пазбавіцца свайго заробку і рабіць full-time праект бяз грошай.
«У ЗША плацяць не за ляяльнасьць, а за тое, як працуеш»
— Чым адрозьніваюцца амэрыканцы ад беларусаў?
— Амэрыканцы вельмі адкрытыя, асабліва ў Нью-Ёрку. У ЗША паўсюль пачынаюць з табой размаўляць. Стаіш у чарзе — з табой размаўляюць, запытваюцца, як справы. Едзеш у ліфце — размаўляюць. Гэта так дзіўна і ў першыя тыдні шакуе. Але гэта тое, што дазваляе ў ЗША вельмі хутка высьветліць, што за чалавек побач. Гэта лягчэй, чым у Менску, дзе можна наймаць кватэру і ня ведаць, хто жыве побач. Тут шмат пазытыву: людзі ўсьміхаюцца, а калі размаўляюць, то пра нешта добрае.
Разам з тым амэрыканцы вельмі цэняць прыватную прастору кожнага чалавека. З аднаго боку, яны рады паразмаўляць. А зь іншага, яны баяцца надакучыць. Таму на пытаньне «як справы» тут прынята адказваць, што ўсё добра. Я ведаю, што ёсьць такі штамп у постсавецкім грамадзтве, што калі адказваеш, што ўсё добра, то гэта неяк няслушна, фальшыва. Зразумела, што ва ўсіх ёсьць праблемы: тут людзі вельмі шмат працуюць, у іх шмат стрэсу. Але яны не цягаюць яго за сабой і стараюцца падтрымліваць добры настрой.
— Ты кажаш, што людзі тут шмат працуюць. Як адрозьніваецца характар працы?
— Тут усе разумеюць, што ўсяго трэба дасягаць самому, ніхто табе нічога не павінен і ўсё можа скончыцца ў любы момант. Тут разумеюць, што калі ты працуеш добра, а пасьля перастаў добра працаваць, то цябе звольняць, прычым вельмі хутка. Гэта just business. Плацяць за тое, як ты працуеш, а не за тое, што ты ляяльны працаўнік ці за тое, што ў цябе ёсьць сваяк у кіраўніцтве кампаніі. Людзі, якія хочуць дасягнуць болей, чым у іх ёсьць, болей працуюць. І яшчэ тут ня так, што чалавек павінен адседзець да шостай вечара і пайсьці дадому. Я працую столькі, колькі адчуваю сябе прадуктыўным на працы.
— Што далей? Ці не зьбіраесься пераяжджаць у Крэмніевую даліну?
— Я вельмі люблю Нью-Ёрк. Гэты горад — сапраўднае перакрыжаваньне дарог. Усе сем мільярдаў чалавек у сьвеце — і з кожнай краіны тут знойдзецца хто-небудзь. Гэта так цікава.