Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы па сьвеце вандруюць?


Падарожжа ў XVII стагодзьдзі, літаграфія Юзафа Брадоўскага, Tygodnik Ilustrowany, 1871
Падарожжа ў XVII стагодзьдзі, літаграфія Юзафа Брадоўскага, Tygodnik Ilustrowany, 1871

Беларусы — людзі цікаўныя. Прага зьведваць сьвет, вандраваць, глядзець, асэнсоўваць, як людзі жывуць у далёкіх «палестынах», і дзяліцца сваімі ўражаньнямі зь іншымі — характарыстыка ці не генэтычнага ўзроўню. Ва ўсялякім разе, ужо з XV стагодзьдзя беларусы пачалі падарожнічаць. Працяг размовы пра беларусаў як нацыю турыстаў з сучасным падарожнікам, гісторыкам мастацтва, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.

Вячаслаў Ракіцкі: У 1773–1774 гадох Тэафілія Мараўская, дачка Ўршулі Радзівіл і сястра Радзівіла «Рыбанькі» зьдзейсьніла падарожжа па Эўропе і свае ўражаньні апісала ў найцікавейшым дыярыюшы. Сяргей, дзе яна пабывала? Што цікавіла яе? Якой Эўропу ўбачыла Мараўская?

Сяргей Харэўскі: Яна цікавілася мэдыцынай. Але апрача таго, яна падрабязна апісвае свае ўражаньні ад наведваньня Гданьску, дзе яна захаплялася архітэктураю храмаў і слухала арганы. Апісвае яна і Бэрлін, які лічыла найпрыгажэйшым горадам, дзе турыстам тады паказвалі ў мэдыцынскай акадэміі чалавечыя шкілеты і эмбрыёны, пра што яна піша таксама. Гэта мяне моцна зьдзіўляе, бо Бэрлін тады яшчэ быў малым горадам, толькі пачынаўся яго росквіт. Таксама Мараўская занатавала свае ўражаньні ад Патсдаму, дзе яна бачыла караля Фрыдрыха ІІ Вялікага, ягоны палац Сан-Сусі, у якім агледзела карцінную галерэю, назірала за навюткімі тады фантанамі. У Страсбуры яна з братам гасьцявала ў Сапегаў, была ў тэатры, зноў зацікавілася мэдычнай школай. Затым апісала ўражаньні ад Швайцарыі:

«Цюрых слаўны тым, што ў ім шмат высокаадукаваных людзей. Вельмі добрая бібліятэка ў горадзе. Чытаць кнігі і выпісваць тэксты ў ёй дазволена кожнаму мясцоваму жыхару»

Тэафілія Канстанцыя Мараўская (1738–1807). Медзярыт Гірша Ляйбовіча, 1758, Нясьвіж
Тэафілія Канстанцыя Мараўская (1738–1807). Медзярыт Гірша Ляйбовіча, 1758, Нясьвіж

Ну, і, вядома ж, яна прыйшла ў захапленьне ад Парыжу. У францускай сталіцы Тэафілія Мараўская жыла два месяцы, пра што й напісала так:

«Назіраць з пакоя за горадам было адным з маіх улюбёных заняткаў, асабліва ўвечары. Таму што Парыж ня толькі цэлую ноч напоўнены ліхтарамі, і нават у кожнай краме вялікія і празрыстыя вокны, якія павялічваюць усю прыгажосьць тавараў, якія там прадаюцца. Купцы ў крамах сядзяць за поўнач, бо ўначы яны прадаюць нават больш тавараў, чым удзень».

А пасьля разам з мужам яна падарожнічала па Італіі, вельмі жыва й цікава апісаўшы ў сваім дзёньніку тамтэйшыя гарады, мэдычныя школы, храмы, палацы й нават археалягічныя раскопкі.

Ракіцкі: Цэлае сузорʼе падарожнікаў! Надзвычай важна тут зацеміць і тое, што яны пакінулі пасьля сябе найцікавейшыя літаратурныя творы, якія ўяўляюць сабой цэлы пласт літаратуры. Сёньня цяжка ўявіць сабе, як можна было тады перасякаць дзяржаўныя межы. Беларусы прызвычаіліся да візаў. Патрэбен быў дазвол на ўезд, выезд з краіны?

Харэўскі: Дазволу тады не патрабавалі. Але павінны былі быць у падарожнікаў нейкія суправаджальныя лісты. Тыя, хто легальна перасякаў мяжу, павінны былі прайсьці мінімальную памежную варту, заплаціць мыта за перасячэньне мяжы, а таксама паказаць дакумэнт з гербавай пячаткай, які б пацьвярджаў, хто ён такі. А ўвогуле тады пераважна верылі на слова. Нікому ў галаву не магло прыйсьці, што чалавек у карэце можа падрабляць дакумэнты. Гэты дакумэнт сёньня мы маглі б назваць страхоўкай — зь людзьмі маглі ж здарыцца і няшчасьці, і хваробы. А каб узяць крэдыт на лячэньне і зьвярнуцца да лекара, банкір мусіў мець нейкі дакумэнт ад падарожніка, які пацьвярджаў бы ягоную асобу. То бок і тады нейкія паперы трэба было браць у дарогу.

Ракіцкі: Зноў жа, пра транспарт, на якім падарожнікі выпраўляліся зь беларускіх земляў у далёкі сьвет. Як без самалётаў, цягнікоў, аўтамабіляў можна было трапіць у Эгіпет, Палестыну, ці аж у Амэрыку? Гадамі доўжыліся вандроўкі?

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

Харэўскі: Менавіта. І калі, напрыклад, казаць пра выправу Варсанофія, дык трэба сказаць, што не мэтафарычна, а насамрэч пешшу ён зьдзейсьніў яе. Гэты манах падрабязна апісаў, як праз Малдову ішоў ад манастыра да манастыра, недзе пераплываў на плытах — па Дняпры, Паўднёвым Бугу, па Днястры спусьціўся да Чорнага мора. Гэта насамрэч было вельмі цяжкое падарожжа. Мужчыны часьцяком езьдзілі конна. Па моры да месца прызначэньня дабіраліся караблямі. Канечне, сёньня нават страшна глядзець на макеты ці выявы гэтых суднаў XVI–XVII стагодзьдзяў. А па Эўропе беларуская арыстакратыя падарожнічала ў добрых, камфартабэльных карэтах. Але якая б камфартабэльная карэта ні была, у ёй усё ж не было звыклых для сучаснага чалавека кандыцыянэраў ці падагрэваў, а гэта вымагала ад падарожнікаў жалезнага здароўя.

Лёгкі падарожны транспарт — тарадайка, 1773
Лёгкі падарожны транспарт — тарадайка, 1773

Ракіцкі: Трэба разумець так, што і мужчыны, і жанчыны, якія выпраўляліся ў падарожжы зь Беларусі, трыста гадоў таму, а мо і больш, валодалі рознымі мовамі. З вашых словаў вынікае, што сама меней — лацінаю ды нямецкаю. А Русецкая-Пільштынова яшчэ й турэцкую мову ведала... Толькі зь веданьнем замежных моваў можна было тады падарожнічаць?

Харэўскі. Канечне, толькі з мовамі. Прычым гэта было вядома беларусам цягам стагодзьдзяў. Калі ж мы гаворым пра XIV ці XV стагодзьдзе, то пілігрым, які гадамі ішоў па сьвеце, вучыў мовы ў дарозе. І мінімальнага веданьня мовы дасягаў. Натуральна, Варсанофій ведаў грэцкую мову як праваслаўны манах, ведаў і лаціну, бо гэта на той час было прынята. І ўжо ў дарозе ён вучыў і арабскую, і турэцкую мовы. Для падарожнікаў, якія жылі бліжэй да ХІХ стагодзьдзя, для беларускіх пілігрымаў у Мэкку, нашы мусульмане складалі спэцыяльныя слоўнікі ці размоўнікі — беларуска-турэцкія, беларуска-арабскія. То бок бяз мовы, «нямому» чалавеку ў такіх вандроўках не было чаго рабіць.

Ракіцкі: Вось жа цікава, што ў нашы часы за мяжой звычайна бачыш беларусаў, якія двух словаў ня могуць прамовіць па-ангельску ці на іншай нейкай мове, кантактуюць зь мясцовымі жыхарамі, як кажуць, на мігі...

Харэўскі: Гэта праўда, і гэта вельмі часта бачыш. І я хачу параіць нашым слухачам не разьлічваць толькі на расейскую мову і нават на ангельскую, калі на ёй некалькі фразаў ведаюць, хоць гэта і нядрэнна. Калі ў якую краіну выбіраецеся, бярыце з сабою размоўнік, а яшчэ лепей — вывучыце перад дарогаю сказаў дваццаць-трыццаць на мове той краіны. Мяне гэта ня раз выручала, адразу выклікала прыязнае стаўленьне мясцовых людзей.

Ракіцкі: Да няведаньня моваў спрычынілася савецкая ўлада, пры якой людзі нікуды не выяжджалі?

Харэўскі: Так, гэта была палітыка самаізаляцыі ад сьвету. Але цікава, што ў першай палове ХХ стагодзьдзя інтэлігенцыя ў Беларусі яшчэ валодала мовамі таксама, можа нават аж да 1960–1970-х гадоў. Пераважна гэта былі людзі, народжаныя ў Заходняй Беларусі. Польскай мовай, бадай, валодалі ўсе адукаваныя асобы. А Якуб Колас, нагадаю, напрыклад, перакладаў з францускай. Ягоныя пераклады казак Шарля Пэро ўвогуле можна назваць клясыкай перакладу.

Ракіцкі: Нікуды прытым не выяжджаючы?..

Харэўскі: А вось жа выяжджалі часам нашы творцы. Той самы Якуб Колас браў удзел у міжнародным кангрэсе пісьменьнікаў у абарону культуры ў 1935 годзе ў Парыжы, дзе ён выступіў з дакладам. Тады малады й гарэзьлівы Кандрат Крапіва нават накрапаў з гэтае нагоды эпіграму:

«Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
То ў Загібельцы, браце, лепш:
Няма грыбоў у Булонскім лесе,
А ў Сене — хоць бы адзін лешч».

А Колас тады адказаў паэту-гумарысту вершыкам «Загібелька»:

«Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжай,
Зьбіраючы баравікі, —
То вывад я раблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа».

Бывалі за мяжою і Максім Танк, і Пятрусь Броўка, і Максім Лужанін ды многія іншыя пісьменьнікі. Бывалі шматкроць за мяжою і мастакі — скульптары Селіханаў і Анікейчык, Паплаўскі і Кашкурэвіч. У аўтабіяграфічнай аповесьці «Ніжнія Байдуны» Янкі Брыля ёсьць такі пасаж:

«Цераспалосіца, палосы і палоскі... Зьверху бачыў я іх у Францыі, у Пакістане, у Канадзе, у іншых краінах. І ўжо ня помню, дзе, у якім падарожжы, над чыімі палямі згадаў яшчэ аднаго вясёлага земляка...»

Якуб Колас выступае ў Парыжы, 1935 год
Якуб Колас выступае ў Парыжы, 1935 год

Ракіцкі: Але «творчыя камандзіроўкі» савецкай інтэлігенцыі ўсё ж былі вялікім выключэньнем, як і паездкі нашай арыстакратыі ў сярэднявеччы. Цяпер насамрэч можна гаварыць пра сотні тысяч беларусаў, якія часта бываюць за мяжою. Ці вылучаюцца яны сярод іншых постсавецкіх людзей? Ці пазнавалі беларусаў за мяжой у аддаленыя часы і ці пазнаюць іх сёньня? Па якіх рысах наагул можна пазнаць беларуса за мяжою?

Харэўскі: Скажу так: чужыя людзі не пазнаюць нас. Але беларусы сярод людзей іншых нацыяў адразу пазнаюць сваіх. Беларусы, як хамэлеоны, здатныя мімікраваць абсалютна пад любую абстаноўку. Чалавек, які за мяжою зьліваецца з асяродзьдзем, нічым зь яго не вылучаецца, гэта абавязкова беларус. Беларусы ад, прыкладам, нашых усходніх суседзяў адрозьніваюцца большай цікаўнасьцю. Людзі з Масквы ці Пецярбургу ўсім сваім выглядам заяўляюць, што іх ужо нічым ня зьдзівіш. Асабліва ў краінах кшталту Турэччыны ці Тунісу. А беларусы разглядаюць кожнае дрэўца, кожную траўку, запісваюцца на пазаплянавыя экскурсіі. Прыкладна так сябе паводзяць і палякі, літоўцы, чэхі. Паводле паводзінаў беларусы блізкія да гэтых народаў.

Чалавек, які за мяжою зьліваецца з асяродзьдзем, нічым зь яго не вылучаецца, гэта абавязкова беларус

Ракіцкі: А можна сказаць, што гэтая цікаўнасьць уласьцівая беларусам спрадвеку, з часоў першых беларускіх падарожнікаў?

Харэўскі: Думаю, што так. Але, з другога боку, варта адзначыць, што беларусы бяднейшыя, чым тыя ж усходнія суседзі. У сярэдняга беларуса за мяжой ня так шмат грошай, як у расейцаў, каб бавіць час у рэстарацыях. Яны ня едуць у Эгіпет, каб піць гарэлку пад пальмамі. І беларусы, як людзі прыжымістыя, хочуць за свае грошы атрымаць як найболей уражаньняў, інфармацыі, эфэктыўна выкарыстаць гэты час.

Вячаслаў Ракіцкі і Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё Свабода
Вячаслаў Ракіцкі і Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё Свабода

Ракіцкі: Але вельмі часта аж да сёньня беларусаў за мяжой атаясамліваюць з расейцамі. Як зрабіць, каб у гатэлях не даводзілася тлумачыць, што ты зь Беларусі, а не з Расеі? Калі ж гэта скончыцца? Што беларусы могуць дзеля гэтага зрабіць?

Харэўскі: Па-першае, павінна спрацаваць мова. Паводле маіх назіраньняў, беларусы нашмат часьцей успамінаюць родную мову, калі апынаюцца за мяжой. І вось апошнія два гады пасьля расейскай інвазіі ва Ўкраіну гэта стала добрым тонам. Беларусы сталі вельмі баяцца, каб іх не прызналі за расейцаў, бо гэта можа выклікаць неадэкватнае стаўленьне да іх замежнікаў. Каб не атаясамлівалі з расейцамі, таксама трэба часьцей усьміхацца. Усьмешка адчыняе любыя дзьверы, здымае палову пытаньняў. Я параіў бы і больш актыўна падаваць рукі людзям. Беларусы дарэмна баяцца тактыльных кантактаў. Павітайцеся зь людзьмі за руку, і гэта вас вылучыць сярод іншых. І, паўтаруся, вывучыце хоць бы некалькі сказаў, павітайцеся ў турэцкім гатэлі па-турэцку, і вы ўбачыце, як расплывуцца ў добразычлівых усьмешках твары туркаў. Натуральна, ня трэба сабе на грудзі вешаць розныя гербы, бо гэта проста дрэнны густ. І тады цябе будуць прымаць як беларуса — чалавека, роўнага іншым. Паводзіць сябе трэба так, як сто, дзьвесьце гадоў таму паводзілі сябе за мяжой нашы славутыя суайчыньнікі.

Папярэдні выпуск:

Калі беларусы сталі «турыстамі»?

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG