Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>&#149; “Ужо няма каму нават зьбягаць за мяжу”</B>


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Найбольш яскрава пра сытуацыю ў беларускай навуцы сьведчыць масавы адток кадраў за межы краіны, мяркуе прафэсар, член-карэспандэнт НАН Іван Нікітчанка:

Ужо няма каму нават зьбягаць за мяжу. Усе зьбеглі, хто быў. Няма гэтых хлопцаў, і яны сюды ўжо ня вернуцца ні за якія тугрэкі. Нават у Расеі заробкі зусім іншыя, удвая падвысілі: Пуцін даў 3 тысячы даляраў на месяц доктару, прафэсару”.

Паводле сацыёлягаў, 70 працэнтаў навукоўцаў Акадэміі навук Беларусі зараблялі летась штомесяц 350-750 тысяч рублёў, а кожны дзясяты меў менш за 250 тысяч. І толькі кожны дваццаты зарабляў больш за мільён.

Цікава, што насуперак сусьветным тэндэнцыям у горшым матэрыяльным стане апынуліся прадстаўнікі прыродазнаўчых навук. Дасьледаваньне пацьвердзіла таксама, што большасьць акадэмічных супрацоўнікаў сёньня мусяць падпрацоўваць у некалькіх месцах, што перашкаджае канцэнтравацца на асноўным занятку.

Карэспандэнт: “І самі атрымліваеце, і кантактуеце з навукоўцамі — якія заробкі ў беларускай навуцы?”

“У дырэктара інстытуту каля 400 даляраў, і тое — гэта з усялякімі накруткамі. А аклад у доктара, прафэсара — 600 тысяч рублёў.

Я сам, пакуль інфаркт не атрымаў, у Нямеччыне чытаў лекцыі. Дык за два тыдні працы зарабіў грошай столькі, што вярнуўся зь Нямеччыны на аўтамабілі “Фольксваген Гольф”. І гэта пры тым, што ня самы высокі аклад давалі. Таму ніякага параўнаньня”.

Карэспандэнт: “Дабаўкі да навуковых званьняў, пра якія паклапаціўся Лукашэнка, яны насамрэч якія?”

“Ад 200 да 300 даляраў. Але гэта нічога не вырашае. Каб дабрацца да гэтых 300 даляраў, патрэбна працаваць гадоў дваццаць. Трэба стаць доктарам, стаць прафэсарам, быць абраным у Акадэмію.

А ў Акадэміі член-карэспандэнтаў усяго 125, а акадэмікаў — 89, во якая колькасьць. А навукоўцаў — ого, колькі! Таму гэта не стымул, гэта абы-што”.

А што ў Эўропе?

Як выглядаюць беларускі рэаліі на тле досьведу замежжа?

У Эўразьвязе пастаўлена задача да 2010 году накіраваць на фінансаваньне навуковых распрацовак ня менш за тры працэнты валавага ўнутранага прадукуту ЭЗ. Прычым асабліва актыўна будзе павялічвацца фінансаваньне фундамэнтальных дасьледаваньняў. Аднак тыя сродкі пастаўленыя пад пільны кантроль навуковай грамадзкасьці. Дзеля гэтага сёлета ствараецца Эўрапейскі дасьледчы савет за выбітных вучоных, мэта якога – выдача грантаў выключна на аналізе навуковай каштоўнасьці прапануемых ідэяў.

Зусім іншае адначасова адбываецца ў Беларусі, дзе найпершае значэньне маюць палітычны прэстыж ды інтарэсы пэўных навкова-фінансавых колаў. Тут варта згадаць бясплённыя спробы паставіць пад незалежную экспэртызу, грамадзкае абмеркаваньне прапановы лябістаў такіх затратных праектаў, касьмічны спутнік БелКА, Парк высокіх тэхналёгій, атамная станцыя. Прэзыдэнт на зьездзе прама сказаў, што спроба асваеньня краінай космасу не пакрывае затрат, а ідэя беларускай Сыліконай даліны фактычна зьвялася да афшору.

Нешта аналягічнае адбываецца і ў суседняй Расеі. Аднак там нядаўна некалькі сотняў вучоных зьвярнуліся да ўраду з крытыкай ягоных дзеяньняў. А на зьезьдзе беларускіх вучоных не знайшлося ніводнага, хто б услых сказаў праўду.

Камэнтар грамадзкага рэдактара тыдня Радзіма Гарэцкага:

“Зьезд прайшоў у лепшых савецкіх традыцыях, у значнай ступені фармальна. Па прынцыпу “одобрямса”. Больш казалі пра дасягненьні. У дакладах Лукашэнкі, Мясьніковіча, Радзькова галоўнай тэмай было спусьціць навуку з фундамэнтальнай вышыні бліжэй да вытворчасьці. Але рэктара Маскоўскага дзяржунівэрсытуту акадэмік Садоўнічы падкрэсьліў якраз неабходнасьць разьвіцьця фундамэнтальных асноў і навукі, і адукацыі. Неабходна разумнае спалучэньне аднаго з другім.

Мяжа паміж імі часта вельмі ўмоўная. Чыноўнікі ад улады і навукі ціснуць на навукоўцаў. Але мне здаецца, што ў гэтым працэсе справа ня столькі ў нас, колькі ў самой вытворчасьці. Трэба яе зацікаўленасьць у новых вынаходніцтвах, новых тэхналёгіях. І тады самі прамыслоўцы будуць шукаць навінкі навукі.

Цяпер жа для большасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў галоўнае – выканаць вытворчы плян. А ўкараненьне новага патрабуе зьмены спосабу вытворчасьці, што патрабуе дадатковага фінансаваньня, якога і так звычайна не стае, і гэтак далей. Толькі канкурэнтная праца не на склад, а на рынак прымусіць шукаць і ўкараняць навуковыя распрацоўкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG