Прыднястроўе рыхтуецца да дадатковых адключэньняў электраэнэргіі і закрыцьця прадпрыемстваў пасьля спыненьня паставак расейскага прыроднага газу 1 студзеня з-за заканчэньня кантракту з Украінай, піша малдаўская служба Свабоды.
Паколькі у сэпаратысцкім рэгіёне моцныя халады, улады Прыднястроўя заявілі, што 5 студзеня пэрыядычныя адключэньні электрычнасьці будуць доўжыцца чатыры гадзіны, з 8 раніцы да поўдня па мясцовым часе, у тым ліку ў рэгіянальнай сталіцы Тыраспалі.
Урад сэпаратыстаў папярэдзіў, што адключэньне электраэнэргіі можа працягнуцца, і прапанаваў жыхарам нарыхтоўваць дровы для ацяпленьня.
У рэгіёне з насельніцтвам каля 450 000 чалавек людзі сутыкнуліся з адключэньнямі на адну гадзіну 3 студзеня і на тры гадзіны 4 студзеня. Па словах чыноўнікаў, на раніцу 4 студзеня зафіксавалі як мінімум 157 аварыйных адключэньняў электрычнасьці.
Большасьць вытворчасьцяў, за выключэньнем харчовых, спыненыя. 4 студзеня закрыліся мэталюргічны завод і хлебазавод у горадзе Рыбніца з насельніцтвам каля 48 000 чалавек.
Сэпаратысцкія ўлады абвясьцілі аб мерах дапамогі пажылым людзям, паколькі чакаецца, што ўначы тэмпэратура апусьціцца да мінус 10 па Цэльсію.
«Увядзеньне рухомых разрэзаў 3 студзеня было выпрабаваньнем. І яно пацьвердзіла, што гадзіннага перапынку для падтрыманьня электразабесьпячэньня недастаткова», — напісаў у Telegram фактычны кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі.
«Выпрацаваная электраэнэргія не пакрывае рэзка ўзрослага попыту».
Ён паведаміў, што «1,5 тысячы шматпавярховых дамоў не маюць ацяпленьня і гарачай вады. Амаль 72 тысячы прыватных домаўладаньняў ня маюць газу. Адключана 150 газавых кацельняў.
Улады фэдэральнай сталіцы Кішынёву пацьвердзілі, што Малдова забясьпечвае Прыднястроўе электрычнасьцю пасьля таго, як электрастанцыя, якая абслугоўвае рэгіён, перайшла на працу на вугалі.
Паводле публічных дадзеных, у сталіцы Прыднястроўя Тыраспалі ёсьць запасы каля 70 тысяч тон вугалю, якія маглі б пакрыць спажываньне рэгіёну на 30-50 дзён.
Форум