Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 сьнежня: маці палітзьняволенай будуць судзіць за інтэрвію; Ягора Лебядка хочуць перавесьці на турэмны рэжым

абноўлена

Юлія Лаптановіч са Сьвятланай Ціханоўскай, Пружаны, 2020 год
Юлія Лаптановіч са Сьвятланай Ціханоўскай, Пружаны, 2020 год

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян за палітычную і грамадзкую актыўнасьць.

Маці палітзьняволенай будуць судзіць за інтэрвію

Тацяну Васільеву затрымалі ў Пружанах 27 жніўня. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) за інтэрвію тэлеканалу «Белсат» у 2021 годзе. Яе ўтрымліваюць у берасьцейскім СІЗА-7, даведаліся праваабаронцы.

Суд над палітзьняволенай распачнецца 16 сьнежня ў Берасьцейскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць судзьдзя Мікалай Сянько.

Вядома, што Тацяну затрымлівалі ў студзені 2024 году ў час рэйду КДБ за дапамогу палітвязьням. У лютым асудзілі паводле ч. 2 ст. 24.15 КаАП за «атрыманьне замежнай бязвыплатнай дапамогі».

Яе дачка — шматдзетная Юлія Лаптановіч — утрымліваецца за кратамі больш за 3 гады. Муж Юліі, якога таксама асудзілі ў палітычнай справе, летась цалкам адбыў тэрмін пакараньня і выйшаў на волю.

Вайсковаму аналітыку Ягору Лебядку зьбіраюцца ўзмацніць пакараньне

Стала вядома, што ў Івацэвічах 11 сьнежня адбудзецца суд па замене Ягору Лебядку рэжыму ўтрыманьня на турэмны. Рашэньне будзе прымаць судзьдзя Васіль Аўрусевіч, паведамляе «Вясна».

Нагадаем, раней судзьдзя Алена Місьнік прызначыла Ягору Лебядку 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок «у мэтах забесьпячэньня дзейнасьці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрвію прадстаўніку названага канала на тэму правядзеньня ўзброенымі сіламі РФ спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны і ролі ў ёй Беларусі».

Праваабаронцы прызналі вайсковага аналітыка Ягора Лебядка палітвязьнем.

Ягор Лебядок адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калёніі № 22. Адміністрацыя калёніі зьмяшчала яго ў штрафны ізалятар.

Затрымалі двух беларусаў, якіх вінавацяць у «фінансаваньні УСУ і экстрэмісцкіх арганізацый»

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правёў апэрацыю зь сілавой падтрымкай атраду спэцыяльнага прызначэньня «Рысь», створанага ў 2022 годзе пад кіраўніцтвам камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, паведаміла прэс-служба ўнутраных войскаў МУС 4 сьнежня.

Сілавікі ўварваліся ў некалькі дамоў са зброяй, каб у выніку «адпрацаваць» двух чалавек. Паведамляецца, што яны затрымалі беларусаў, якія фінансавалі «Ўзброеныя сілы Ўкраіны і экстрэмісцкія арганізацыі».

У тэлеграм-канале ўнутраных войскаў паведамленьне суправаджалася відэа, на якім сярод іншага відаць, як сілавікі ламаюць дзьверы кватэры і разразаюць плот з мэталапрофілю ля прыватнай хаты, каб зайсцьі ў двор са шчытом.

Падчас «адпрацоўкі» у двух жыхароў Магілёва знайшлі і канфіскавалі мабільныя тэлефоны і кампутарную тэхніку, з дапамогай якіх яны нібыта «ажыцьцяўлялі злачынная дзейнасьць», а таксама грошы.

Жыхара Берасьцейшчыны будуць судзіць за данаты і платную падпіску на «экстрэмісцкія» рэсурсы

44-гадовага жыхара Берасьцейскай вобласьці будуць судзіць паводле пяці пратэставых артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 130 (дапамога ў распальваньні сацыяльнай варожасьці і варажнечы),
  • ч. 3 арт 361-1 (уваходжаньне ў склад «экстрэмісцкага» фармаваньня),
  • ч.1 і 2 арт. 361-2 (фінансаваньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці),
  • ч.2 арт. 361-3 (фінансаваньне вэрбаваньня і падрыхтоўкі асобаў для ўдзелу ў збройным канфлікце),
  • ч.1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Згодна з матэрыяламі справы, з 15 ліпеня 2020 па 6 лютага 2024 году мужчына аказваў «інфармацыйную падтрымку» Nexta — адпраўляў у чат-бот відэа, фота і паведамленьні, «для распальваньня сацыяльнай варожасьці ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і фармаваньня заведама нэгатыўных і варожых адносінаў да органаў дзяржаўнай улады, дзяржаўных установаў і арганізацый», паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Акрамя гэтага, мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён падпісаўся на плян «Перамога», перавёў на рахункі BySol больш за 5 тысяч рублёў, аформіў платную падпіску на рэсурс, падкантрольны «Люстэрку», і заплаціў больш за 360 рублёў, перавёў структурам палку Каліноўскага больш за 5,5 тысячы рублёў у крыптавалюце.

Справу расьсьледавала галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК. Матэрыялы справы накіравалі ў суд.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG