Майстра ААТ «Гроднажылбуд» асудзілі на 4 гады калёніі за камэнтары пра сілавікоў і ўдзел у пратэстах
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Горадзенскі абласны суд 22 лістапада разгледзеў крымінальную справу супраць палітвязьня Дзьмітрыя Голуба.
Яго прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці),
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі),
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прызначыў палітвязьню 4 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Дзьмітры Голуб зь лістапада 2019 па студзень 2024 году пакідаў камэнтары ў чатах Telegram і на YouTube-канале пра сілавікоў, праўладных журналістаў, прадстаўнікоў улады і Лукашэнку. Таксама яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе, паведаміла БЕЛТА.
На абвяшчэньне прысуду ў судовую залю прывялі студэнтаў Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Пасьля студэнтам правялі лекцыю «на тэму экстрэмізму».
Дзьмітрыя Голуба затрымалі 7 сакавіка 2024 году. У «пакаяльным відэа» сілавікі прымусілі мужчыну сказаць, што ён удзельнічаў у пасьлявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама пакідаў абразьлівыя камэнтары пра сілавікоў і расейскіх вайскоўцаў.
Форум