Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свая» дзяржава як пагроза. Пра палітычна актыўных беларусаў у расейскім вышуку


Беларускія сілавікі, Менск, 2020
Беларускія сілавікі, Менск, 2020

Пабачыць сваё прозьвішча ў расейскім міліцэйскім вышуку — малая «прыемнасьць». Сам перасьлед — прыкрая дадзенасьць: у Беларусі дыктатура і рэжым шукае ўсіх нязгодных. Але пры чым тут Расея?

Гаворка, натуральна, не пра тых, хто сапраўды нарабіў нейкай шкоды, а пра «палітычных»: журналістаў, праваабаронцаў, проста неабыякавых грамадзян і іх сваякоў. А значыць, патэнцыйна — пра ўсіх.

Сьцісла:

  • Сваёй грамадзянін можа адчуваць дзяржаву толькі на ўмовах узаемнасьці, што тычыцца бясьпекі і спрыяньня: дзяржава табе, а ты — ёй.
  • Дзяржаўная здрада: хто і каму здрадзіў?
  • Ці можа беларуская дзяржава помсьціць беларускім грамадзянам?

На ўмовах узаемнасьці

Памятаю, аднойчы ў часы Станіслава Шушкевіча мы проста селі ўсёй рэдакцыяй у машыну і паехалі глядзець, як над Домам ураду лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта было незабыўнае ўражаньне — ад таго, што мы маем сваю дзяржаву. У беларусаў, як і ў іншых, ёсьць свой дом!

Гэта была беларуская дзяржава — з нашай беларускай мовай, гісторыяй і культурай. Дзяржава была адпаведнай такім паняткам, як краіна і Радзіма, і нашы ўяўленьні пра яе супадалі з нашымі пачуцьцямі.

Свая дзяржава — гэта бясьпека, спрыяньне і ўзаемнасьць. Усё, як у нашых суседзяў (апроч Расеі).

Трэба сказаць, што ў рознай ступені так было і ў савецкіх «нацыянальных рэспубліках», якія ўспрымаліся людзьмі як свае. Адно што далучанасьць да СССР і Расеі такое адчуваньне нівэлявала, бо расейскі мэйнстрым гэтых пачуцьцяў ніколі не культываваў. Там замест іх было іншае: «Раньше думай о родине, а потом о себе». Уласна дзяржаўны патрыятызм быў неадрыўны ад мілітарызму і культ вайны заглушаў прыярытэты мірнага жыцьця.

Калі рэспублікі абвесьцілі незалежнасьць (менавіта ад Расеі, бо ніхто іншы на нас не прэтэндаваў), тыя базавыя пачуцьці выйшлі на першы плян. І сёньня беларус можа толькі пазайздросьціць літоўцу ці паляку, за якімі гарой стаяць іхныя свае дзяржавы і за якімі гарой стаяць яны самі, літовец і паляк.

У Беларусі за гэтыя 30 гадоў пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады адносіны людзей да краіны або Радзімы не зьмяніліся. Зьмянілася дзяржава як інстытуцыя і яе адносіны да людзей. Дзяржава перастала быць сваёй, беларускай. З-за яе пляча за намі ўважліва сочыць агрэсіўная Расея. Іншымі словамі, адбылася дзяржаўная здрада. Дзяржава здрадзіла людзям. І, каб заспакоіць саму сябе, абвінаваціла ў гэтай здрадзе людзей.

Дзяржаўная здрада

Гэты цяжкі «шпіёнскі» артыкул Крымінальнага кодэксу сёньня, як кажуць праваабаронцы, дзяржава імкнецца зрабіць будзённай практыкай. Дзяржава, па сутнасьці ўжо не беларуская, а расейская, карае такім чынам найбольш прыкметных беларусаў, якія праявілі сябе менавіта ў дзейнасьці на карысьць беларускай дзяржавы. Карае вялізнымі тэрмінамі зьняволеньня. Максымальнае пакараньне — расстрэл.

Да прыкладу, тры гады таму 13 гадамі турмы за «здраду дзяржаве» быў пакараны Павал Белавус, стваральнік «Арт Сядзібы», крамы беларускай сымболікі і сувэніраў Symbal.by, адзін з арганізатараў масавага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР каля менскага опэрнага тэатру. Цяжка ўявіць сабе больш адданага беларускай дзяржаўнасьці чалавека. Фармулёўкі абвінавачаньня — блытаныя і абстрактныя, але паказальныя:

«Пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі. <...>

Сьледзтвам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай зьмены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у дачыненьні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяньнямі Павал Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу вонкавую і ўнутраную бясьпеку дзяржавы».

Калі не зьвяртаць увагі на каструбаватасьць фармулёвак, можна сьцьвярджаць, што Павал усё рабіў роўна наадварот і з адваротным эфэктам. Істотнае тут іншае — што і хто разумее пад словам Радзіма: Павал — Беларусь, а суд — Расею. Якраз Беларусі на карысьць Расеі здрадзіла дзяржава, якая была створаная як беларуская, свая.

Расейская помста

Дзяржава можа быць сваёй і не сваёй. Многія беларусы жывуць цяпер за мяжой і спрабуюць наноў наладзіць адносіны ўзаемнасьці з новымі дзяржавамі. І гэта звычайна ўдаецца — і ў справе бясьпекі, і ў справе спрыяньня.

У Беларусі дзяржава як інстытуцыя, здрадзіўшы людзям, перастаўшы быць сваёй для іх, імкнецца абясцэніць іх пачуцьці і іх саміх. Яна помсьціць людзям і самой Беларусі. І гэта, натуральна, не беларуская, а расейская помста. Немагчыма ўявіць, каб кагосьці ў нас затрымалі за словы «Да здравствует Россия!», але дакладна затрымаюць за словы «Жыве Беларусь!» Што гэта значыць? Тое, што, перастаўшы быць сваёй, дзяржава непазьбежна перастае быць дзяржавай, і ператвараецца ў адміністрацыю чужой дзяржавы.

Менавіта гэтая дзяржава зрабіла беларускі пашпарт адным з самых слабых у сьвеце: ён ня толькі не бароніць беларуса, а наадварот, падстаўляе пад небясьпеку, і найперш у Расеі. Звычайна свая дзяржава імкнецца максымальна ўзмацніць свой (мой) пашпарт.

Мы не згаджаемся з дыктатурай, хоць і разумеем, што яна цяпер дадзенасьць і што трэба пачакаць, калі нешта зьменіцца да лепшага. Але папраўдзе праблема глыбейшая. Бо на вачах зьнікае сама гэтая інстытуцыя, створаная калісьці як дзяржава Беларусь.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG