Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разарваныя сем’і. Як беларусы, якія ня могуць прыехаць на радзіму, сустракаюцца з блізкімі на нэўтральнай тэрыторыі


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Беларусь змушана пакінулі сотні тысяч людзей.

У большасьці ў краіне засталіся родныя. Некаторыя зь іх затрыманыя ці асуджаныя. З тымі, хто на волі, пабачыцца таксама ня проста. Перасякаць беларускую мяжу сёньня — гэта лятарэя: можна праскочыць, але могуць і арыштаваць. «Настоящее время» пагаварыла зь беларусамі пра тое, як яны падтрымліваюць сямейныя сувязі ва ўмовах новай «жалезнай заслоны», з прычыны якой некаторыя ня бачылі сваіх блізкіх ужо больш за чатыры гады, прапусьцілі нараджэньні, вясельлі, не змаглі быць на пахаваньні родных. І спыталі ў крызіснага псыхоляга, як спраўляцца з гэтым расстаньнем, як пераадолець пачуцьцё віны і што рабіць, калі блізкіх у Беларусі ўзялі ў закладнікі.

«Перажыць разлуку дапамагаюць штодзённыя сазвоны па гадзіне»

Многія беларусы для легалізацыі і бясьпекі выбіраюць міжнародную абарону. З гэтым статусам наведваць Беларусь проста нельга. Тады адзіны спосаб пабачыцца — прыезд за мяжу родных зь Беларусі. Але сёньня гэта няпроста. Плынь ахвотных вялікая, і запісацца на атрыманьне візы ў Беларусі складана. Пералёты ў бязьвізавыя краіны, напрыклад у Грузію, дарагія. А яшчэ ёсьць небясьпека затрымацца на мяжы, дзе спэцслужбы практыкуюць выклікі на гутарку, пасьля якіх нехта едзе далей, а нехта не. Усё гэта даводзіцца ўлічваць, рыхтуючыся да доўгачаканай сямейнай сустрэчы.

Сьвятлана (імя зьменена) пакінула Беларусь у 2023 годзе. Цяпер яна жыве ў Польшчы, знаходзіцца пад міжнароднай абаронай. Тут яна з братам, які зьехаў з краіны яшчэ ў 2020 годзе, бо быў незалежным назіральнікам на выбарах і баяўся перасьледу. У Беларусі ў іх засталіся пажылыя бацькі.

«Я працую журналістам на незалежнае выданьне. Да 2023 году я знаходзілася ў Беларусі, хоць мая рэдакцыя рэлякавалася яшчэ ў 2021 годзе, — расказала Сьвятлана. — Я засталася дзеля бацькоў, бо ў таты праблемы са здароўем, ён інвалід I групы. Я не магла іх пакінуць, і мне не хацелася зьяжджаць. У 2023 годзе, калі я вярталася ў Беларусь зь Літвы, мяне выклікалі на размову на мяжы. Людзі ў цывільным, якія не прадставіліся, пыталіся: „Як думаеце, чаму мы вас запрасілі?“ „Можа, вы зрабілі нешта ня так? Можа, вы данацілі пратэстоўцам, УСУ?“. У мяне была легенда, якой я прытрымлівалася. Усё было карэктна, але адчувалася, што калі захочуць гэтыя хлопцы — ты паедзеш далей, не захочуць — не паедзеш. Для мяне гэта быў званочак, што ўсё становіцца больш сур’ёзна. Пасьля той гутаркі, вярнуўшыся ў Беларусь, я пераехала на час да сяброўкі, баючыся арышту, мне здавалася, што за мной сочаць».

Сьвятлана зьехала да брата ў Польшчу, каб скінуць страх, напругу, падумаць, як быць.

«Я разумела, што, калі застануся за мяжой дзеля бясьпекі, на маму ляжа ўвесь цяжар клопату аб бацьку. На бацьку ад’езд дачкі, якую ён любіць, таксама адаб’ецца нэгатыўна, таму што нас усіх трымае любоў. Гэта было адно з самых жудасных рашэньняў у маім жыцьці. Я хадзіла да псыхоляга, вяла бясконцыя размовы з бацькамі, калегамі, сябрамі. Я купляла квіткі дадому — і здавала іх назад, плакала каля касы. Ня спала, хадзіла ноччу па горадзе. У мяне заканчвалася шэнгенская віза, і застаўся толькі адзін выбар: або падавацца на міжнародную абарону ў Польшчы, або вяртацца ў Беларусь. У выніку я засталася. Было вельмі цяжка. Не магла доўга працаваць, сядзела на сазвонах з бацькамі кожны дзень. Усё гэта я вытрымала дзякуючы маме. Яна сказала, што вельмі хвалявалася, пакуль я была ў Беларусі, што, прачынаючыся зранку, адразу глядзела, калі я была апошні раз у тэлефоне. Яна прасіла мяне застацца ў бясьпецы і падтрымала гэтае рашэньне».

Сьвятлана пабачылася з бацькамі толькі праз год эміграцыі. Увесь гэты год яны супольна арганізоўвалі іх прыезд у Польшчу. Спыніліся на варыянце гасьцявой візы на запрашэньне. Запрашэньне знаёмым могуць рабіць грамадзяне Польшчы і тыя, хто мае пастаянны дазвол на жыхарства («сталы побыт»). Сьвятлана знайшла знаёмую з польскім грамадзянствам і здолела празь яе аформіць запрашэньне для бацькоў, якое пераправілі ў Беларусь са знаёмым. Пасля гэтага бацькам трэба было запісацца ў візавы цэнтар.

«Гэта вялікая складанасьць сёньня. Трэба літаральна днямі [напралёт] маніторыць даты запісу. У нас гэта не атрымлівалася. Мы знайшлі пасярэдніка, які аказваў такія паслугі. Гэта каштавала 370 беларускіх рублёў (прыкладна 100 эўра), на дваіх — у два разы больш. Але ў выніку мы абышліся безь яго. Мне трапіла думка: тата — інвалід, адзін ён ня справіцца, яму трэба быць разам з мамай на запісе. Я вырашыла напісаць непасрэдна ў амбасаду Польшчы ў Беларусі і апісаць сытуацыю. І стаўся цуд: у пасольстве мяне папрасілі прадставіць дакумэнты, і, атрымаўшы пацьверджаньне, што бацьку патрэбна суправаджэньне, бацькам проста прызначылі дату візыту. Так мы прамінулі пакутлівыя крокі з запісам».

Па запрашэньні можна прасіць нацыянальную візу ці шэнгенскую. Бацькам Сьвятланы выдалі шэнгенскую візу на час дзеяньня запрашэньня.

Як даехаць, стала яшчэ адным выпрабаваньнем, узгадвае Сьвятлана:

«Тады быў каляпс на мяжы, вялізная колькасьць аўтобусаў стаялі там суткамі. Рэакцыю таты на такі пераезд цяжка было спрагназаваць. Але мы высьветлілі, што інвалід мае прыярытэт на мяжы, яго павінны прапусьціць па-за чаргой. Тады мы знайшлі перавозчыка, які бясплатна даставіў бацькоў у Польшчу. Кіроўцу гэта было выгадна, бо яго прапусьцілі 400 машын зь беларускага боку. У выніку дарога заняла ўсяго 10 гадзін».

Доўгачаканая сустрэча прынесла радасьць і горыч адначасова, прызнаецца Сьвятлана:

«Відаць, што стан таты пагоршыўся за гэты год. Відаць, што на маці адбіваецца нагрузка клопату. Гэты час мне трэба было быць зь імі. Гэта не абавязак, гэта маё жаданьне. У нас вельмі добрыя адносіны, але я адчуваю абсалютную віну да гэтага часу».

Падтрыманьне адносінаў на адлегласьці патрабуе вялікіх рэсурсаў і сталай працы, кажа суразмоўніца: «Перажыць разлуку дапамагаюць штодзённыя гадзінныя сазвоны, невялікія перадачы, сустрэчы з тымі, хто можа прыяжджаць зь Беларусі за мяжу, плянаваньне новых мэтаў. Імкнёмся прытрымлівацца Віктара Франкла. Ён пісаў, што ў канцлягеры выжывалі ня тыя, хто думаў, што гэта ніколі ня скончыцца ці скончыцца хутка, а тыя, хто вырашаў задачы бягучага моманту. Гэта добрая ўстаноўка: быць у надзеі, але вырашаць канкрэтныя праблемы.

Нядаўна польскае МЗС растлумачыла, што замежнікі, якія атрымалі часовы дазвол на жыхарства («карту часовага побыту») па міжнароднай абароне, таксама могуць аформіць запрашэньне для сваякоў у любы момант. Дзеля гэтага ня трэба пражываць у краіне пяць гадоў.

«Цяжка было не таму, што ня трапіў на пахаваньне, а што ня мог быць побач пры жыцьці»

Да 2020 году Паша працаваў вясельным фатографам. Але падчас выбараў аказаўся сьведкам гістарычных падзей і задакумэнтаваў многія зь іх. Адна зь ягоных самых вядомых работ — сумеснае фота Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай, якое стала сымбалем аб’яднаньня штабоў апазыцыйных кандыдатаў. Цяпер Паша жыве і вучыцца ў Нямеччыне.

«Я выехаў зь Беларусі ў жніўні 2021 году. Выяжджаў часова, у творчую рэзыдэнцыю ў Варшаве. Але сытуацыя ў краіне стала імкліва мяняцца, і я зразумеў, што калі буду там жыць, то не змагу здымаць, паказваць, гаварыць».

У Беларусі ў Пашы засталіся бацькі. Зь імі ён здолеў пабачыцца ў Варшаве прыкладна праз год эміграцыі. Гэта быў апошні раз, калі ён бачыў бацьку. У яго засталіся скрыншоты сазвонаў, па якіх можна прасачыць, як мяняўся бацька з-за прагрэсавальнага раку, і фатаздымкі з апошняй сустрэчы, дзе бацька з маці сьпяць на канапе ў кухні ў найманай кватэры Пашы.

«Мне было прасьцей узяць камэру і фатаграфаваць бацькоў, чым эмацыйна рэагаваць на нашу сустрэчу. Камэра дапамагла адхіліцца ад болю, пакідаючы ня толькі ўспаміны, але і здымкі, наяўнасьці якіх я цяпер вельмі рады. Фотаапарат — гэта як пасярэднік паміж табой і рэальнасьцю. Займаючыся дакумэнтальнай фатаграфіяй, я навучыўся працаваць зь няпростымі тэмамі і захоўваць эмацыйную дыстанцыю».

На пахаваньне бацькі Паша не паехаў.

«Самае цяжкае было ня тое, што я ня трапіў на пахаваньне, а што я ня мог бачыцца з жывым бацькам столькі, колькі я і ён хацелі б. Менавіта гэта выклікала злосьць».

З 2021 году ён працягвае фатаграфаваць беларусаў, якія апынуліся за межамі Беларусі, у тым ліку з прычыны рэпрэсій і гвалту. Ягоны фатапраект «Беларускія сувязі» стаў пераможцам фатаконкурсу «Family Connections».

«Кожная гісторыя, якую я здымаў, унікальная. У кагосьці з прычыны вымушанай эміграцыі распаліся сем’і, хтосьці паехаў на вайну ва Ўкраіну, лічачы гэта сваім абавязкам. Гэта значыць, для многіх гэтая сытуацыя трагічная і незваротная. Чым даўжэй мы на адлегласьці, тым складаней падтрымліваць сувязі і шукаць пункты дотыку».

Фатаграфій і ўспамінаў ужо дастаткова, каб аднойчы стварыць кнігу, кажа Паша:

«Магчыма, не ўпісаўшыся ў гэта ўсё, я далей мог бы жыць у Беларусі, здымаць вясельлі, сем’і. Але я не шкадую. Мае фатаздымкі — пра тое, што людзі прынялі рашэньне і за гэтае рашэньне адказваюць цяпер. Здымаючы беларусаў на вайне ва Ўкраіне, на вечарынцы ў Польшчы, на службе ў царкве ў Францыі, я хачу перадаць, што яны рызыкнулі, узялі адказнасьць — і таму цяпер ня дома».

«Бацькі спачуваюць, што дзецям выпаў лёс жыць у такі час»

Натальля зьехала зь Беларусі ў 2021 годзе ў Грузію, таму што была сьведкай па «экстрэмісцкай» справе, перажыла ператрусы і допыты, «турбавалася за свайго партнэра з тых жа прычын». У Беларусі ў яе засталіся маці з татам, брат зь сям’ёй, хатнія гадаванцы. З бацькамі ўдалося ўбачыцца толькі праз паўтара года расстаньня:

«За год жыцьця ў Грузіі мы ўбачыліся толькі з братам. З бацькамі не атрымлівалася, таму што яны баяцца самалётаў. Нам удалося сустрэцца, толькі калі мы пераехалі ў Польшчу, якая геаграфічна бліжэй».

Натальля расказала, што па каналах дэмакратычных сіл у выгнаньні ёй удалося зрабіць для бацькоў гуманітарныя візы як для членаў сям’і.

Маральна рыхтуючы бацькоў перад паездкай да магчымых выклікаў на размову на мяжы, Натальля даведалася нечаканыя падрабязнасьці пра жыцьцё свайго бацькі:

«Тата раптам сказаў: „Мы ўсё гэта ўжо праходзілі, размовы і ператрусы ў мяне таксама былі, калі я маладым быў у прафсаюзе“.

Для нас гэта было поўнай нечаканасьцю. Ён стаў расказваць дэталі той гісторыі, і я разумею, што яна наўпрост адлюстроўвае сёньняшні дзень».

У эміграцыі Натальля выйшла замуж.

«Мы пажаніліся ў Даніі. Гэта не было вясельле ў традыцыйным фармаце са стрыечнымі братамі і сёстрамі і іншай шматлікай раднёй, проста сябры зладзілі нам вечарыну. Неразуменьня з боку бацькоў не было. Яны потым прыехалі ў Польшчу, і мы ў сямейным коле адсьвяткавалі гэтую падзею. За вячэрай. Новая рэальнасьць трансфармуе ўсё, уключаючы традыцыйныя сьвяты, рытуалы».

Натальля дзеліцца парадамі, як арганізаваць сямейную сустрэчу:

«Спачатку мы думалі, што бацькам трэба паказаць як мага больш, і нават пазычылі грошы ў сяброў, каб забясьпечыць культурную праграму, ледзь не да Вэнэцыі марылі іх давезьці. Але трэба цікавіцца, што ім хочацца. Насамрэч ім хочацца проста ўбачыць, якім жыцьцём жывуць іх дзеці».

Акрамя таго, разважае Натальля, трэба ўлічваць, што многія бацькі — гэта людзі, якія дзесяцігодзьдзямі маглі нікуды не выяжджаць або ўвогуле не былі за мяжой.

«Бацькі траўмаваныя „саўком“. У іх адчуваньне, што ўсё нельга. Мама падымаецца, каб падаць афіцыянтам талеркі ў рэстаране — ёй здаецца, што мы павінны дапамагчы ім. Яны саромеюцца фатаграфаваць нешта на вуліцы. У Беларусі дзяржава праз тэлебачаньне фармуе страшную выяву замежжа. У іх ёсьць уяўленьне, што тут усё з падвохам. Яны зьдзіўляюцца, што тут добрыя дарогі, новыя машыны, чыста. Таму што ім у Беларусі расказваюць, што тут сьмецьце ўсюды, прастытуткі па вуліцах ходзяць і гэтак далей. Горка, што людзі жывуць у такой кансэрве. Я марную шмат сіл, каб не жахацца гэтаму разрыву».

Вымушанае расстаньне Натальля разглядае ня толькі як траўму, а імкнецца бачыць у ёй новыя магчымасьці:

«Я магла б знайсьці тысячы нагод, каб кожны вечар плакаць. Але няма сэнсу настальгаваць і шкадаваць аб тым, што адбылося. У маіх сяброў ёсьць сытуацыі, калі яны непрымірыма разышліся з роднымі па тэме палітыкі, ня могуць весьці нават бытавыя размовы, таму што праз пару фраз усё скочваецца да „Што ты, дурань, хацеў гэтым даказаць? Што ты там робіш, вяртайся!“. Я рада, што ў мяне такога няма. Цяпер мы перайшлі на асаблівую блізкасьць на адлегласьці, якая не фармальная, а чалавечая».

Пакуль сям’я «выцягвае» сытуацыю расстаньня, кажа Натальля:

«Мне добра, што бацькі жывуць на пэнсіі, як ім падабаецца: сад, выпечка, кансэрвацыі. Ім добра, што мы ў бясьпецы. Але калі рэдка бачысься, разумееш, што за гэты час яны моцна састарэлі, і незразумела, ці будуць яны праз такі ж час у стане прыехаць зноў. Вось гэта балюча»

Калі родныя ў закладніках — што рабіць?

Рэдакцыя «Настоящего времени» атрымала кантакт беларуса, які працягвае жыць у краіне і гатовы быў расказаць, як яму ўдаецца бачыцца з дачкой, якая эмігравала ў Літву. Аднак у апошні момант суразмоўца адмовіўся ад гутаркі, бо «ў Беларусі зараз вельмі трывожна».

Праваабаронцы паведамляюць пра новую хвалю затрыманьняў сваякоў палітэмігрантаў. Крызісны псыхоляг Алена Грыбанава зараз працуе зь некалькімі такімі эмігрантамі, чыіх родных нядаўна затрымалі. Прафэсійная этыка не дазваляе ёй раскрываць дэталі, толькі агульную фабулу гісторый:

«Блізкія сваякі кліентаў знаходзяцца ў СІЗА, яны ў прамым сэнсе ў закладніках. Сілавікі маніпулююць імі, [патрабуюць], каб тыя, хто зьехаў, вярталіся дадому, станавіліся другімі „пратасевічамі“ і трансьлявалі пэўную рыторыку ў падтрымку рэжыму — [кажуць, што] тады, можа і адпусьцяць іх родных».

(Раман Пратасевіч, на гісторыю якога спасылаецца суразмоўца, — былы рэдактар тэлеграм-канала Nexta, які актыўна пісаў аб пратэстах; Пратасевіча арыштавалі, пасадзіўшы ў Менску Boeing 737, а ў 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка яго памілаваў. Цяпер Пратасевіч супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі.)

Людзі шукаюць дапамогі ў псыхоляга, каб стабілізаваць свой псыхаэмацыйны стан, яны адчуваюць вострае пачуцьцё страху, бездапаможнасьці, разгубленасьці. Алена Грыбанава раіць наступнае:

«Гэтыя эмоцыі і пачуцьці трэба прыняць і не спрабаваць хутка ад іх пазбавіцца. Некаторыя пачынаюць сябе лаяць за стрэсавы стан: „Зьбярыся, ануча, трэба нешта рабіць!“ Гэта яшчэ больш пагаршае сытуацыю. Ня трэба рабіць непрадуманых дзеяньняў і ісьці на повадзе ў сілавікоў. Уявіце сытуацыю захопу закладнікаў у банку, напрыклад. Тэрарысты кажуць: „Мы адпусьцім пару закладнікаў, калі вы зойдзеце ў памяшканьне“. Ці варта бегчы ў гэтае памяшканьне? Ці лепей зацягнуць час, каб даць сабе магчымасьць супакоіцца і сабраць больш інфармацыі? Трэба разумець, што хутка такое пытаньне не вырашаецца, сытуацыя вымагае не эмоцый, а халоднага розуму, як шахматная партыя».

Псыхоляг рэкамэндуе сабраць як мага больш інфармацыі пра абставіны затрыманьня блізкіх і затым зьвярнуцца ў праваабарончыя арганізацыі, якія добра зарэкамэндавалі сябе, у якіх ёсьць досьвед працы з такімі сытуацыямі. І не паддавацца шантажу спэцслужбаў, калі тыя патрабуюць прыехаць.

«Гэта прамая пагроза бясьпецы. Замест аднаго ў зьняволеньні будзе двое, замест двух — будзе чацьвёра. Таксама ў сытуацыі гвалту і наймацнейшага псыхалягічнага ціску ня варта забываць пра такую зьяву, як „стакгольмскі сындром“. Гэта стан псыхалягічнай ломкі, калі ў сьвядомасьці ахвяры ўзьнікае ўяўленьне, што ўсё ня так жудасна, што, з аднаго боку, трэба зразумець гвалтаўніка, з другога боку, жалем да сябе абудзіць у ім спачуваньне. Гэта шкодная ілюзія. Сымпатыя да людзей, якія зьдзяйсьняюць гвалт, можа стаць першым крокам да здрады іншым, да распаду асобы. Трэба дакладна разумець, што людзі, якія ў адносінах да вас і вашых родных чыняць гвалт, ня будуць успрымаць вас па-іншаму, добрымі раптам вы для іх ня станеце».

Што да перажываньняў з прычыны разарваных сувязяў і вымушанага расстаньня, выкліканага гэтым пачуцьця віны, — гэта сустракаецца практычна ў кожнага кліента, кажа спэцыялістка. Яна адзначае, што калі паміж роднымі людзьмі адбыўся не каштоўнасны разрыў, а толькі геаграфічны, то перажыць расстаньне нашмат прасьцей.

Дапаможа яго перажыць і пазытыўны погляд на эміграцыю, дадае псыхоляг:

«Кожны эмігрант перажывае крызіс адаптацыі. Але варта памятаць, што крызіс — гэта ня толькі небясьпека, але і магчымасьць асабовага росту. Калі трансьляваць блізкім у Беларусі ня толькі слабасьць і гора, але і сваю пасьпяховасьць, гэта будзе для іх надзеяй і падтрымкай.

Хочацца прывесьці прыклад адной жанчыны, якая перажыла гвалт і апынулася ў вымушанай эміграцыі. Пры сазвонах з роднымі яна заўсёды скардзілася на свае праблемы. Але нядаўна яна падзялілася такой рэфлексіяй: „Так, я не працую па спэцыяльнасьці, жыву на найманай кватэры, ёсьць праблемы з мэдыцынай у чужой краіне, але я за тры гады эміграцыі пабывала ў васьмі краінах нават са сваім невялікім заробкам! Наведала столькі культурных мерапрыемстваў, колькі не наведвала за ўсё жыцьцё ў Беларусі, вывучыла беларускую мову нарэшце, вывучыла польскую“. І калі чарговы раз сваякі спыталі яе, як справы, яна адказала: „Я толькі зараз зразумела, што ў мяне ўсё добра“».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG