Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля 60-га кілямэтра кожны крок — боль». Як беларус прабег больш за 100 кілямэтраў па Падляшшы


Аляксей Каляда фінішуе ў забегу на 106 кілямэтраў на Падляшшы. Фота Michał Buczyński,
Аляксей Каляда фінішуе ў забегу на 106 кілямэтраў на Падляшшы. Фота Michał Buczyński,

Беларус Аляксей Каляда расказаў, як адолеў свой першы забег даўжынёй звыш 100 кілямэтраў, страціў 7200 калёрыяў, але ўклаўся ў 14 гадзін. А праз два дні зноў выйшаў на прабежку.

Аляксею Каляду 34 гады. Ён паходзіць зь Менску. У Беларусі служыў у войску, быў фінансістам. Цяпер жыве ў Беластоку, працуе ў IT. Актыўна бегае апошнія сем гадоў. Сёлета 5 кастрычніка Аляксей прабег 106 кілямэтраў. Забег быў арганізаваны на Падляшшы, у старажытным горадзе Супрасьлі.

Думка прабегчы такую дыстанцыю зьявілася ў спартоўца год таму. Тады ягоны паплечнік прабег 100 кілямэтраў. Аляксей разам з каляжанкай у бегавым клюбе Тацянай Кулевіч вырашылі: калі той дабяжыць, то і яны налета паспрабуюць. Першы раз паплечнік заблукаў і яго зьнялі з дыстанцыі. Але з другой спробы ён адолеў іншы забег.

«Ён дабег — і ў нас не было іншага выбару, як зарэгістравацца і прабегчы», — прызнаецца суразмоўца.

На забег зарэгістраваліся ў пачатку году. Удзел каштаваў каля 70 эўра. Усяго дыстанцыю ў 106 кілямэтраў беглі 234 чалавекі.

«Першыя тры гадзіны ты бяжыш, калі яшчэ цёмна»

Забег пачынаўся а трэцяй уначы. Умова: скончыць гонку цягам 16 гадзін.

«Першыя тры гадзіны ты бяжыш, калі яшчэ цёмна, ноч. Гэта ўсё ў лесе на Падляшшы, празь вёскі, палі», — расказвае Аляксей.

Падчас іншага забегу на Падляшшы
Падчас іншага забегу на Падляшшы

Падчас трасы ён заўважыў некалькі прыгожых мясьцінаў, куды потым можна прыехаць адпачыць зь сям’ёй. Каб не заблукаць, кожны ўдзельнік мае GPS-трэкер. Сябры-заўзятары могуць сачыць на мапе, дзе чалавек бяжыць. Або, магчыма, перастаў бегчы, нешта зь ім здарылася.

Удзельнікі стартавалі ўсе разам. Але людзі бягуць з рознай хуткасьцю, можна застацца бегчы аднаму, а праз гэта зьбіцца з трасы. Часам няправільна паверне адзін, а за ім пабягуць іншыя. Неканечне ўвесь час бегчы. Галоўнае — укласьціся ў ліміт часу, тлумачыць бягун.

«Можна паўзьці, ісьці», — дадае ён.

На трасе страціў 7200 калёрыяў

Акрамя GPS-трэкера, кожны ўдзельнік меўся ўзяць у бегавы заплечнік 1 літар вады, ліхтарык, плед з фольгі, элястычны бінт. Аляксей таксама браў энэргетычныя гелі, батончыкі, таблеткі, якія кампэнсуюць страту арганізмам солі, мінэралаў, якія выходзяць з потам. Такія таблеткі ён прымаў кожныя паўгадзіны-гадзіну.

Праз 15-20 кілямэтраў маршруту стаялі пункты, дзе можна было паесьці, адпачыць, схадзіць у прыбіральню. Суразмоўца кажа, што першыя 20-30 кілямэтраў есьці не хацелася. Потым агаладаў. На прыпынках зьеў некалькі варэнікаў зь мясам, суп.

Маратон у Варшаве
Маратон у Варшаве

Прылада паказала, што за час трасы Аляксей страціў 7200 калёрыяў. У звычайным жыцьці чалавек траціць каля 2000 калёрыяў за содні.

«Пасьля 60-га кілямэтра кожны крок — боль»

Аляксей прабег маршрут за 13 гадзін 55 хвілін. Гэта 119-е месца ў забегу. Ён хацеў укласьціся ў 12 гадзін.

«Гэта ня добры вынік. Гэта проста вынік. У мяне не было мэты перамагчы. Была мэта дабегчы», — заўважае ён.

Пасьля начнога забегу ў Горадні
Пасьля начнога забегу ў Горадні

Бягун мяркуе, што наступным разам можа быць лягчэй, бо ўжо ведае, чаго можна чакаць на такой дыстанцыі. Аляксей першую палову шляху толькі бег. Пасьля 30-40 кілямэтраў у яго пачалі балець ногі.

«Пасьля 60-га кілямэтра кожны крок — гэта быў боль у ногі. Я з сабой дамаўляўся: адзін кілямэтар іду — два бягу. Калі ішоў, ногі таксама балелі, але гэта быў іншы боль. Трэба было зьмяняць боль — калі бяжыш і калі ідзеш», — успамінае суразмоўца.

Ён дапускаў магчымасьць пакінуць дыстанцыю, толькі калі б зусім блага сябе адчуў.

«Баляць ногі — гэта не аргумэнт, каб сысьці», — заўважае спартовец.

Аляксей мяркуе, што кепска падрыхтаваўся. Ён бегае 2-3 разы на тыдзень, займаецца іншым спортам. Але колькі набегаў за год, не адсочвае.

«Адзін адпачынак, другі, лянота, праца, дзеці. Рыхтаваўся, бегаў, але ніякіх асаблівых трэнінгаў у мяне не было», — прызнаецца бягун.

Ён кажа, што такім доўгім забегам вырашыў зрабіць сабе іспыт.

«Мне займацца бегам прыемна. Маратон гэта дакладна не цяжкасьць. Хацелася паспрабаваць чагосьці іншага, іспыту для сябе. Эмоцыі, якія атрымліваеш на фінішы, непараўнальныя. Гэта палёгка, што ўсё скончылася. Прыемна, што змог гэта зрабіць, узлёт, уздым. Так заўсёды, калі дасягнуў добрага выніку, а тут яшчэ і фізычная асалода», — кажа ён.

З паплечнікамі па бегавым клюбе
З паплечнікамі па бегавым клюбе

Фінішаваў беларус зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яго сустракалі сябры. Першыя два дні пасьля дыстанцыі было цяжка хадзіць. Але потым пачуваўся нармальна і на тыдні выйшаў на прабежку. Кажа, што спусташэньня пасьля такога высілку не адчуваў.

На менскім паўмаратоне
На менскім паўмаратоне

Выйграў лятарэю на забег з Капэнгагену да Мальмё

Бег у жыцьці Аляксея — гэта хобі. Бег дапамагае трымацца ў добрай форме, мець карысны занятак, добра пачувацца. Бег дазваляў Аляксею зьняць напружаньне пасьля цяжкой працы. Гэта яшчэ і спосаб сустрэцца з сваёй супольнасьцю. У Беларусі кола людзей, зь якімі ён стасаваўся, было шырэйшае. За мяжой даводзіцца шукаць яго наноў.

Бегавы клюб у Беластоку — адзін з такіх асяродкаў. Ён існуе каля трох гадоў. У ім паўсотні ўдзельнікаў, актыўных — каля 15. Большасьць — беларусы, некалькі ўкраінцаў. Раней яны разам толькі бегалі. Потым сталі супольна піць гарбату пасьля трэнаваньняў, хадзіць у лазьню.

Пасьля маратону ў Варшаве
Пасьля маратону ў Варшаве

Першы забег Аляксея быў у 2017 годзе — менскі паўмаратон. Потым ён бегаў паўмаратоны ў Горадні, Ратамцы, Салігорску, маратоны ў Вільні і Варшаве. Цяпер удзельнічае ў забегах на Падляшшы. Суразмоўца адзначае, што ў Польшчы ладзяць больш забегаў, чым у Беларусі. Але запісацца туды складаней, бо шмат ахвочых.

«Тут можна бегаць кожныя выходныя, нават не выяжджаючы з Падляшша», — расказвае ён пра арганізаваныя імпрэзы.

Налета Аляксей плянуе прабегчы паўмаратон з Капэнгагену да Мальмё. Ён выйграў у лятарэі права на ўдзел. Шлях будзе ісьці цераз мост, звычайна закрыты для карыстаньня, але да 25-й гадавіны пабудовы мосту яго адкрыюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG