Дата дня
2 верасьня 1934 году заўчасна памёр ад сухотаў Мікола Ільляшэвіч, дзяяч беларускага руху, гісторык, псыхоляг, настаўнік, выдавец. Адзін зь першых дасьледнікаў, які востра падняў пытаньне аб нэгатыўным уплыве палітыкі Расейскай імпэрыі на землі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Разам з братам, вядомым у будучыні паэтам і палітычным дзяячом Хведарам, скончыў Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся зь Вінцэнтам Жук-Грышкевічам (будучы старшыня Рады БНР). Браў удзел у рэдагаваньні моладзевага часопісу «Маладое жыцьцё», там упершыню пачаў друкавацца сам. Па сканчэньні гімназіі ў 1922-м паступіў у Праскі ўнівэрсытэт.
У 1925-м стаў адным з сузаснавальнікаў і першым старшынёю Беларускага культурна-асьветніцкага таварыства імя Францішка Скарыны. Абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка».
Таксама ў гэты дзень
1192 — скончыўся трэці крыжовы паход, кароль Рычард Львінае Сэрца і султан Саладын падпісалі мірную дамову.
1834 — Сэм’юэл Кольт запатэнтаваў рэвальвэр.
1928 — у Ленінградзе стварылі кінастудыю «Савецкая Беларусь». У 1939 годзе студыя пераехала ў Менск, у 1946 годзе яе перайменавалі ў «Беларусьфільм».
1942 — габрэі з гета ў мястэчку Лахва на Лунінеччыне даведаліся, што побач з габрэйскімі могілкамі для іх падрыхтавалі расстрэльныя ямы. Не чакаючы сьмерці, вязьні вырашылі пачаць бунт. У гісторыю ён увайшоў як першае ў гісторыі паўстаньне ў гета падчас ІІ сусьветнай вайны.
1945 — капітуляцыяй Японіі скончылася Другая сусьветная вайна.
1971 — Аб’яднаная Арабская Рэспубліка распалася на Эгіпет і Сырыю.
1991 — Нагорна-Карабаская Рэспубліка абвясьціла незалежнасьць ад Азэрбайджану.
1996 — ва Ўкраіне ўвялі нацыянальную валюту — грыўню.
1998 — у Віцебску арыштаваны Ўладзімер Плешчанка за нібыта крадзеж бюста Суворава. Абвінавачаньне ўрэшце зьнялі, але актывіст быў у няволі да 26 траўня 1999 году.
2020 — з Купалаўскага тэатру звольніўся народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Усяго пасьля звальненьня дырэктара тэатру Паўла Латушкі напісалі заявы на звальненьне 42 акторы і іншыя супрацоўнікі тэатру.
У гэты дзень нарадзіліся
1911 — Юлі Таўбін, беларускі паэт, перакладчык. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 у ліку 26 беларускіх літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКВД.
1943 — Барыс Гюнтэр, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія леглі ў падмурак прынятай 25 жніўня 1991 году пастановы аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі, удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11–12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму. Памёр 22 жніўня 2014 году.
1955 — Яўген Мірановіч, беларускі і польскі гісторык, грамадзка-культурны дзеяч.
У памяці
1800 — Мацей Радзівіл, беларускі драматург, кампазытар, аўтар лібрэта апэрэтаў, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.
1814 — Жан Эмануэль Жылібэр, францускі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Горадзенскай мэдычнай акадэміі.
1973 — Джон Рональд Руэл Толкін, брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца.
1998 — Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік, журналіст, краязнавец, настаўнік.
1998 — Ян Матусевіч, рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар.