Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даў гестапаўцу па галаве сякерай». Як на беларускім Палесьсі адбылося першае ў гісторыі паўстаньне ў гета


Лахва, 1926 год. Ілюстрацыйная выява
Лахва, 1926 год. Ілюстрацыйная выява

2 верасьня 1942 году габрэі з гета ў мястэчку Лахва на Лунінеччыне даведаліся, што побач з габрэйскімі могілкамі для іх падрыхтавалі расстрэльныя ямы. Не чакаючы сьмерці, вязьні вырашылі пачаць бунт. У гісторыю ён увайшоў як першае ў гісторыі паўстаньне ў гета падчас ІІ сусьветнай вайны.

Што такое гета

  • Падчас ІІ сусьветнай вайны так называлі жылыя зоны, куды нацысты гвалтоўна перамяшчалі габрэяў у мэтах ізаляцыі іх ад негабрэйскага насельніцтва. Вязьняў гета нацысты забівалі ў рамках палітыкі зьнішчэньня габрэяў на акупаваных тэрыторыях.

Габрэі жылі ў Лахве прыблізна з пачатку XVII стагодзьдзя. Менш чым праз год пасьля прыходу немцаў у Лахве стварылі гета і ізалявалі там 2 тысячы габрэяў. Палова зь іх была мясцовымі. Рэшта — тыя габрэі, якія пасьля нападу Нямеччыны на заходнюю Польшчу ўцяклі адтуль у занятую Сталіным Заходнюю Беларусь. Гета ў Лахве знаходзілася ў цэнтры мястэчка, усе 2000 вязьняў жылі ў 50 хатах. Тэрыторыю абнесьлі агароджай і калючым дротам. Калі вязень выходзіў за плот без адмысловага дазволу, яго расстрэльвалі.

Як рыхтавалася паўстаньне

Падрыхтоўка пачалася практычна адразу пасьля стварэньня гета. Габрэі разумелі, што іх чакае. Ужо ў першыя дні акупацыі нацысты хацелі расстраляць усіх дарослых габрэяў у Лахве, каб пазьбегнуць у будучыні іх супраціву. Мясцовая легенда сьцьвярджае, што ўратаваць іх удалося дзякуючы сабранаму для акупантаў золату. Але яшчэ да паўстаньня ў Лахве загінулі амаль 200 габрэяў.

Калі ў красавіку габрэяў сагналі ў гета, яны адразу пачалі зьбіраць сякеры, нажы і жалезныя пруты на выпадак сілавога выступленьня. У гета дзейнічала некалькі падпольных групаў. Калі яны дазналіся пра падрыхтаваныя за 1,5 км ямы, гэта стала імпульсам для паўстаньня.

Іцхак Рохчын
Іцхак Рохчын

Нямецкае кіраўніцтва паабяцала кіраўніку юдэнрату (так называліся органы габрэйскага самакіраваньня, якія нацысты загадвалі ствараць габрэям на акупаваных тэрыторыях. — РС) Бэрлу Лапаціну, што, калі той і ягоныя людзі дапамогуць зьнішчыць гета, то 30 чалавек пакінуць жывымі. Лапацін адмовіўся і паведаміў пра ўсё вязьням. Паводле пляну, паўстанцы павінны былі падпаліць гета і, скарыстаўшыся мітусьнёй, прарваць ачапленьне, каб уцячы ў лес. За плян адказваў сам Лапацін і Іцхак Рохчын з арганізацыі «Бэйтар». Гэта спартыўна-патрыятычная габрэйская арганізацыя, якая існавала там яшчэ да вайны. У яе задачы ўваходзіла абарона габрэяў.

Пачатак паўстаньня: «Схіліўся над немцам і ўдарыў яго сякерай»

Ранкам у Лахву прыбылі некалькі сотняў немцаў і іх памагатых, мясцовых калябарантаў. Яны паспрабавалі арганізаваць калёны вязьняў у кірунку выкапаных ямаў. Сыгнал для ўздыму далі Лапацін і Рохчын, падпаліўшы сядзібу юдэнрату.

Вось як гэта ўспамінаў Копель Калпаніцкі, які перажыў паўстаньне ў Лахве:

«Лапацін увайшоў у будынак юдэнрату, падпаліў яго, і будынак пачаў гарэць. Затым быў дадзены сыгнал. Рохчын выйшаў зь сякерай у руцэ, секануў ёй па галаве афіцэра гестапа, які страляў ... Рабіны ўсталі ўбаку і пачалі паўтараць „Шма Ісраэль“ (юдэйская малітва. — РС), і ўсе гучна паўтаралі ўсьлед за імі, выкрыкваючы: „Шма Ісраэль!“, і пабеглі да плота».

Але ня ўсе здолелі гэта зрабіць.

«Тры кулямёты за ракой адкрылі агонь па ўсіх, хто бег», — згадваў Калпаніцкі. «Калі я бег, то ўбачыў справа ад сябе майго брата Мошэ, які схіліўся над немцам і ўдарыў яго сякерай. Я даў яму знак, каб ён уцякаў, і ён жэстам паказаў мне, каб я бег. Я больш ніколі ня бачыў сваю сям’ю».

Пачало гарэць усё гета, а вязьні нападалі на немцаў і паліцыянтаў з сякерамі і нажамі. Адзінкам удалося засекчы нацыста і адабраць зброю, як Янкелю Абрамовічу. Тым ня менш сілы былі далёка ня роўныя. Сотні немцаў і іх памагатых былі ўзброеныя. У баі загінуў і адзін зь лідэраў паўстаньня Рохчын. Яго застрэлілі, калі ён спрабаваў пераскочыць рэчку Сьмердзь. Агулам былі забітыя і загінулі ў пажары каля 800 чалавек.

Дзякуючы паўстаньню ў Лахве ўцалела больш габрэяў, чым у іншых мястэчках Палесься

Каля 600 жанчын і старых прыгналі да чыгункі. Вязьням гета загадвалі разьдзявацца, клалі ў яму і расстрэльвалі з аўтаматаў. Да 16 гадзінаў забілі ўсіх габрэяў. Частку ўцекачоў немцы злавілі і забілі ў наступныя дні. Мясцовым сялянам немцы прапаноўвалі два кіляграмы цукру за спайманага ўцекача з гета, а за дапамогу — расстрэльвалі. Так сталася зь сям’ёй Сьцяпанчанак: іх усіх немцы забілі за дапамогу габрэям, а іх дом спалілі.

Бэрл Лапацін
Бэрл Лапацін

Паводле розных падлікаў, удалося ўратавацца 120-300 габрэям з лахвіцкага гета. Сярод іх быў і лідэр юдэнрату Бэрл Лапацін, які далучыўся да савецкіх партызанаў. Але да канца вайны ён не дажыў, падарваўшыся на міне падчас апэрацыі. Падобны лёс спаткаў і іншага паўстанца, маладога паэта-ідышыста Ісака Слуцкага.

Вайну перажылі 90 уцекачоў. Летам 1944 году частка з тых, каму ўдалося выжыць у лесе, вярнулася ў Лахву. Лея Раманоўская-Рып успамінала пасьля, што ўсе ішлі ў напружаньні і маліліся. Мястэчка перастала існаваць. На яго месцы было поле, дзе расла морква. Лея з братамі і сёстрамі доўга шукалі месца, дзе стаяў іхны дом. Былыя вязьні гета прыйшлі да мясцовых сялян, чые хаты ацалелі. Калі мясцовыя пачалі называць тых, каго забілі немцы, габрэі плакалі.

Дзякуючы паўстаньню і ўцёкам у Лахве ўцалела значна больш габрэяў, чым у іншых мястэчках Палесься.

Пакараньне забойцаў

Пасьля вайны спэцыяльная камісія расьсьледавала злачынства генацыду. Брацкую магілу знайшлі на тэрыторыі рыбгаса. Паводле дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, тут былі пахаваныя целы 1946 жыхароў Лахвы, у тым ліку 698 жанчын і 724 дзіцяці. У 1963 годзе ў Лунінцы адбыўся судовы працэс, на якім судзілі былога паліцыянта Мікалая Стрэчэня. У верасьні 1942 году ён удзельнічаў у масавых забойствах габрэяў у гета ў Лахве. У 1971–1973 гадах у Франкфурце адбываўся працэс, на якім судзілі старшыню атрада СД у Пінску па прозьвішчы Пэч. Ён асабіста расстрэльваў вязьняў гета ў Лахве 3 верасьня 1942 году.

Помнік на месцы забойства габрэяў у Лахве
Помнік на месцы забойства габрэяў у Лахве

Пасьля вайны габрэі ў Лахве больш не жылі. Многія з тых, хто выжыў, выехалі ў Польшчу, а адтуль — у Ізраіль і ЗША. Былое мястэчка ператварылася ў вёску. У 1994 годзе там паставілі помнік загінулым габрэям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG