Большасьцю ў 6 галасоў супраць 3 суд пастанавіў, што прэзыдэнт мае права на імунітэт у сувязі з дзеяньнямі, учыненымі ім у рамках выкананьня сваіх канстытуцыйных абавязкаў. На дзеяньні ж, учыненыя ў прыватным парадку, імунітэт не распаўсюджваецца.
Пры гэтым канкрэтную трактоўку таго, якія дзеяньні прэзыдэнта падпадаюць пад імунітэт ад перасьледу, а якія не, Вярхоўны суд пакінуў на меркаваньне судоў ніжэйшай інстанцыі.
У першую чаргу гаворка ідзе пра суд у Вашынгтоне, дзе супраць Трампа выстаўлена абвінавачаньне ў саўдзеле ў мяцяжы. Ёсьць і дзьве іншыя крымінальныя справы супраць Трампа — аб захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў у ягоным маёнтку і аб умяшаньні ў выбары ў Джорджыі. На справу аб фальсыфікацыі дакумэнтаў, паводле якой прысяжныя ў Нью-Ёрку прызналі Трампа вінаватым, а прысуд будзе вынесены 11 ліпеня, рашэньне Вярхоўнага суду не распаўсюджваецца.
Камэнтатары адзначаюць, што Вярхоўны суд, хоць цалкам і не задаволіў пазоў Трампа, верагодней за ўсё, зрабіў немагчымым вынясеньне яму прысуду па справе аб падзеях 6 студзеня да прэзыдэнцкіх выбараў гэтага году, паколькі судзьдзі ў Вашынгтоне спатрэбіцца час, каб вырашыць, ці распаўсюджваецца на дзеяньні Трампа імунітэт. Нават у выпадку рашэньня не на карысьць экс-прэзыдэнта часу на сам працэс па сутнасьці, хутчэй за ўсё, ня хопіць. Разбор прыпынілі ў чаканьні вэрдыкту Вярхоўнага суду.
Абвінавачаньні ў дачыненьні да Трампа зьвязаныя зь ягонай меркаванай роляй у беспарадках, учыненых ягонымі прыхільнікамі ў Вашынгтоне 6 студзеня 2021 году, калі сотні дэманстрантаў уварваліся ў будынак Капітолію, каб перашкодзіць Кангрэсу зацьвердзіць перамогу Джо Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах. Былы прэзыдэнт адмаўляе, што неяк парушаў закон, і называе свой перасьлед палітычным. Пры гэтым ягоныя адвакаты настойвалі, што, нават калі б у дзеяньнях Трампа былі прыкметы крымінальнага злачынства, судзіць яго за ўчынкі, зьдзейсьненыя на пасадзе прэзыдэнта, усё роўна нельга.
Форум