Трамп назваў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «найлепшым агентам па продажах» зь ліку палітыкаў. «Кожны раз, калі ён прыяжджае ў нашу краіну, ён вязе 60 мільярдаў долараў», — сказаў Трамп. Ён дадаў, што апошні раз Зяленскі нібыта «зьехаў з 60 мільярдамі» чатыры дні таму, пасьля чаго нібыта заявіў, што яму патрэбны яшчэ 60 мільярдаў, і «гэта ніколі не канчаецца». Трамп сказаў, што яму трэба будзе разьвязаць гэтае пытаньне.
Зяленскі наведваў ЗША летась, а сродкі на дапамогу Ўкраіне, каля 61 мільярда долараў, якія відавочна меў на ўвазе Трамп, Кангрэс выдзеліў толькі ў красавіку. «Чатыры дні таму» Зяленскі ЗША не наведваў. Верагодна, Трамп мог мець на ўвазе рашэньне саміту «Групы сямі» ў Італіі аб крэдыце Украіне ў памеры 50 мільярдаў долараў (далёка ня ўсю гэтую суму выдзеляць менавіта Злучаныя Штаты). Пры гэтым сам Трамп раней выступаў за тое, каб выдзяляць Украіне крэдыты, а не прамую дапамогу.
Пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе Трамп выступае з супярэчлівымі заявамі, з аднаго боку, сьцьвярджаючы, што, калі б ён быў прэзыдэнтам, Расея не адважылася б напасьці на Ўкраіну, з другога — крытыкуючы адміністрацыю Байдэна і дэмакратаў за выдзяленьне сродкаў Украіне.
Трамп неаднаразова сьцьвярджаў, што пасьля абраньня прэзыдэнтам зможа «за 24 гадзіны» спыніць вайну ва Ўкраіне. І ў Маскве, і ў Кіеве гэтыя словы камэнтавалі скептычна.
Форум