12 прысяжных вынесьлі вэрдыкт 30 траўня, за пяць месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, на якіх, як чакаецца, будуць супрацьстаяць дзейны прэзыдэнт дэмакрат Джо Байдэн і Дональд Трамп, меркаваны кандыдат ад Рэспубліканскай партыі.
Пракуратура Мангэтану абвінаваціла Трампа ў 34 крымінальных злачынствах, у тым ліку ў фальсыфікацыі 11 рахункаў-фактураў, 12 ваўчараў і 11 чэкаў, каб замаскаваць выплату 130 000 даляраў Стормі Дэніелз, каб купіць яе маўчаньне пра іх меркаваны сэксуальны кантакт у 2006 годзе. У той час Трамп быў жанаты з Мэланіяй Трамп.
Дэніелз хацела апублікаваць інфармацыю пра свае адносіны з Трампам за месяц да выбараў 2016 году, што магло пашкодзіць кандыдату ад рэспубліканцаў на пасаду прэзыдэнта. Асабісты адвакат Трампа Майкл Коэн заявіў суду, што ён пераслаў адвакату Дэніелз 130 000 даляраў за некалькі дзён да выбараў на загад Трампа. Урэшце Трамп перамог на выбарах.
Што будзе далей?
Цяпер судзьдзя мае вынесьці прысуд Трампу. Прысуд будзе залежаць ад некалькіх фактараў, у тым ліку ад крымінальнай гісторыі Трампа і колькасьці абвінавачаньняў, паводле якіх Трамп асуджаны, сказаў Браян Калт, прафэсар права ўнівэрсытэту штату Мічыган і аўтар кнігі «Канстытуцыйныя стромы: юрыдычны дапаможнік для прэзыдэнтаў і іхных ворагаў».
Варыянты прысуду — ад штрафу ці ўмоўнага тэрміну да пазбаўленьня волі тэрмінам да чатырох гадоў. Аднак у тых выпадках, калі абвінавачаных сапраўды асуджаюць на турэмнае зьняволеньне за такое негвалтоўнае злачынства — што ня ёсьць нормай у штаце Нью-Ёрк — яны звычайна атрымліваюць адзін год ці менш.
Трамп, праўдападобна, будзе абскарджваць усякі прысуд, і гэты працэс можа заняць гады, сказаў Калт.
Ці можа Трамп сесьці ў турму?
Тэарэтычна Трамп можа сесьці ў турму, але Калт лічыць гэта малаімаверным, бо Трамп раней не бываў асуджаны. Магчыма таксама, што судзьдзя адкладзе вынясеньне прысуду да разгляду апэляцыі, сказаў Калт.
Ці можа ён далей удзельнічаць у выбарах і заняць прэзыдэнцкую пасаду?
Канстытуцыя ЗША вызначае, што прэзыдэнт павінен быць прыроджаным грамадзянінам ЗША, мець ня менш за 35 гадоў і жыць у ЗША прынамсі 14 гадоў.
Гэта не забараняе зьняволенаму ці ўмоўна асуджанаму балятавацца на пасаду або стаць прэзыдэнтам. Лідэр Сацыялістычнай партыі Юджын Дэбс балятаваўся ў прэзыдэнты ў 1920 годзе і набраў 1 мільён галасоў, седзячы за кратамі за мяцеж. Тымчасам былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-малодшы быў арыштаваны за кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага апʼяненьня і аштрафаваны на 150 даляраў амаль за чвэрць стагодзьдзя да перамогі на выбарах 2000 году.
Трамп можа быць прыведзены да прысягі на пасаду прэзыдэнта з турмы або хатняга арышту.
Ці яго асуджэньне дапаможа балятаваньню, ці пашкодзіць?
Трамп выкарыстаў суд, каб актывізаваць сваю выбарчую базу, заяўляючы пра палітычную змову, мэта якой заблякаваць яго прэзыдэнцтва. Пасьля выстаўленых яму летась абвінавачаньняў адбыўся ўсплёск ахвяраваньняў на яго кампанію.
Калт мяркуе, што асуджэньне наўрад ці паўплывае на многіх выбарнікаў, паколькі большасьць ужо мае цьвёрдую пазыцыю наконт Трампа.
«Сумняваюся, што знойдзецца шмат ягоных прыхільнікаў, якія, пабачыўшы такі прысуд, скажуць: „Што ж, гэта мяняе ўсё“», — сказаў ён.
Але, дадаў Калт, у шчыльнай выбарчай гонцы, дзе кожны голас важыць, нельга цалкам выключаць ролю прысуду.
Новае апытаньне, апублікаванае NPR / PBS NewsHour / Marist Poll, пацьвярджае пункт гледжаньня Калта. У апытаньні 67 працэнтаў выбарнікаў заявілі, што абвінаваўчы прысуд не паўплывае на тое, за каго яны прагаласуюць у лістападзе. Працэнт тых, для каго прысуд павысіць імавернасьць галасаваньня за меркаванага кандыдата ад Рэспубліканскай партыі, амаль такі самы, як тых, для каго такая імавернасьць зьменшыцца.
Іншыя суды Трампа
Трамп сутыкнуўся з трыма іншымі судамі: адзін зьвязаны зь меркаваным парушэньнем абыходжаньня з сакрэтнымі дакумэнтамі, другі — зь беспарадкамі ў Капітоліі 6 студзеня 2021 году, яшчэ адзін зьвязаны зь меркаваным умяшаньнем у выбары ў штаце Джорджыя.
Справа аб сакрэтных дакумэнтах адкладзеная на няпэўны тэрмін, а пачатак «справы 6 студзеня» залежыць ад пастановы Вярхоўнага суду. Калт мяркуе, што ні тая, ні другая не пачнецца да выбараў у лістападзе 2024 году.
Нягледзячы на тое, што «справа Джорджыі» працягваецца, Калт назваў малаімаверным варыянт, калі працэс паскораць, выбіўшы Трампа з выбарчай кампаніі.
«Выглядае, што чым бліжэйшыя выбары, тым цяжэй уявіць, што суд у Джорджыі працягнецца», — сказаў ён.
Калі Трамп будзе прызнаны вінаватым у пэўны момант у любой з гэтых справаў, яго асуджэньне ў «справе Нью-Ёрку» паўплывае на суровасьць прысуду.
Калі Трамп будзе выбраны, ці зможа ён памілаваць сам сябе?
Прэзыдэнт мае права памілаваньня людзей за фэдэральныя злачынствы, а не за штатныя, і, такім чынам, Трамп ня мог бы памілаваць сябе за прысуд штату Нью-Ёрк. Але Калт кажа, што незразумела, ці можа прэзыдэнт памілаваць самога сябе нават за фэдэральнае злачынства. Тым ня менш, калі Трамп выйграе выбары, ягоны генэральны пракурор можа спыніць фэдэральныя справы супраць яго.
Форум