Прысяжныя ў Нью-Ёрку прызналі экс-прэзыдэнта Дональда Трампа вінаватым у фальсыфікацыі дакумэнтаў, каб схаваць выплату былой порназорцы грошай за маўчаньне перад выбарамі 2016 году.
Пасьля абмеркаваньняў, якія расьцягнуліся на два дні, усе 12 прысяжных прызналі Трампа вінаватым па ўсіх 34 пунктах абвінавачаньня. Для вынясеньня любога вэрдыкту патрабуецца аднагалоснае рашэньне прысяжных.
Дональд Трамп абыякава назіраў за прысяжнымі, якія падчас слуханьняў давалі паказаньні, каб пацьвердзіць абвінаваўчы вэрдыкт. 77-гадовы экс-прэзыдэнт зьняпраўджвае сваю віну і плянуе падаць апэляцыю на гэтае рашэньне.
«Мы не зрабілі нічога дрэннага. Я зусім не вінаваты чалавек», — сказаў Трамп пасьля выхаду з залі суду.
Пазьней прэс-офіс Дональда Трампа абнародаваў заяву, у якой судовы працэс назвалі палітычна матываваным.
«Гэта была ганьба. Гэта быў сфальсыфікаваны судовы працэс, які вёў карумпаваны судзьдзя. Гэта сфальсыфікаваны суд, ганьба. Яны не далі нам зьмяніць месца правядзеньня суду. У гэтай выбарчай акрузе ў нас было 5% ці 6% прыхільнікаў».
Паводле Трампа, «сапраўдны вэрдыкт вынесе 5 лістапада народ. І яны ведаюць, што тут адбылося, і ўсе ведаюць, што тут адбылося».
Трамп абвінаваціў Белы дом у спробе зьліквідаваць палітычнага апанэнта пры дапамозе судовай сыстэмы.
«Гэта было зроблена адміністрацыяй Байдэна, каб нанесьці шкоду або нашкодзіць апанэнту, палітычнаму суперніку. І я лічу, што гэта проста ганьба. І мы будзем працягваць змагацца».
Судзьдзя абвесьціць вырак Дональду Трампу 11 ліпеня.
Дональду Трампу пагражае пакараньне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўленьня волі, хаця іншыя асуджаныя за гэта злачынства часта атрымліваюць меншыя тэрміны, штрафы або выпрабавальныя тэрміны. Турэмнае зьняволеньне не перашкодзіць яму весьці перадвыбарную кампанію ці стаць прэзыдэнтам у выпадку перамогі.
У Белым доме ня сталі камэнтаваць рашэньне прысяжных.
«Мы паважаем вяршэнства закону і ня маем дадатковых камэнтароў», – заявіў пасьля вэрдыкту афіцыйны прадстаўнік офісу юрыдычнага дарадцы Белага дома Ян Сэмс.
Дональд Трамп — 45-ы прэзыдэнт ЗША. Ён стаў першым за 250-гадовую гісторыю Злучаных Штатаў прэзыдэнтам, якому былі выстаўленыя абвінавачаньні ў крымінальнай справе — аб спробе адмяніць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
На пачатку лютага фэдэральны апэляцыйны суд у Вашынгтоне адмовіў Трампу ў імунітэце ад крымінальнага перасьледу. Суд пастанавіў, што пасьля завяршэньня паўнамоцтваў Трамп стаў звычайным грамадзянінам з тымі ж правамі, што і ўва ўсіх.
Супраць Трампа завялі чатыры крымінальныя справы. Ён не прызнае віну ні па адной зь іх і абвінавачвае пракурораў у палітычна матываванай спробе нанесьці шкоду ягонай перадвыбарнай кампаніі. Разам з тым палітык амаль напэўна будзе кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду ад Рэспубліканскай партыі ў лістападзе.
Форум