За некалькі гадзін з моманту рэгістрацыі Трамп прыцягнуў больш за 1,3 мільёна чытачоў.
Рашэньне далучыцца да плятформы кароткіх відэа можа дапамагчы былому прэзыдэнту-рэспубліканцу пашырыць электарат за кошт маладых выбарнікаў. Перад прызначанымі на 5 лістапада прэзыдэнцкімі выбарамі у ЗША Трамп шчыльна канкуруе зь дзейным прэзыдэнтам, дэмакратам Джо Байдэнам, адзначае Reuters.
Першае відэа Дональд Трамп разьмясьціў у сваім акаўнце ў TikTok увечары 1 чэрвеня. На кадрах палітык вітае фанатаў падчас турніру па барацьбе UFC у Ньюарку, у штаце Нью-Джэрсі.
Джо Байдэн падчас цяперашняй выбарчай кампаніі ўжо выкарыстоўвае TikTok, хаця падпісаў закон, які забароніць сацсетку, папулярную сярод 170 мільёнаў амэрыканцаў, калі кітайскі ўладальнік ByteDance ня зможа прадаць плятформу.
ByteDance зараз аспрэчвае праз суд закон, які патрабуе ад кампаніі прадаць TikTok да студзеня наступнага года. Сацсетка запэўнівае, што не зьбіраецца перадаваць дадзеныя карыстальнікаў са Злучаных Штатаў ураду Кітая, і што ўжо прыняты істотныя меры для абароны канфідэнцыйных зьвестак падпісчыкаў.
Форум