Складаную апэрацыю дзяўчыне пагадзіліся зрабіць у Любліне. Да гэтага Даша праходзіла лячэньне ў Міньску Мазавецкім, Белай Падлясцы, Варшаве. І дактары, і маці Кацярына мяркуюць, што анкалягічная хвароба разьвілася ў дзяўчыны ад моцнага стрэсу.
Да таго ж у Дашы перад апэрацыяй здарыўся цяжкі псыхалягічны зрыў: лекары дыягнаставалі востры дэпрэсіўны сындром на глебе страху сьмерці. Дзяўчына ня можа быць бяз мамы побач. Давялося зьвярнуцца да псыхіятраў і выводзіць Дашу з гэтага стану. Маці спадзяецца, што літаральна днямі апэрацыя ўсё ж адбудзецца — дачка выйшла з таго складанага дэпрэсіўнага стану.
Жорсткае затрыманьне
Кацярына, у якой шасьцёра дзяцей, у пратэстах у 2020 годзе ня ўдзельнічала. Увосень таго году яна перанесла апэрацыю. 23 кастрычніка Кацярыну выпісалі са шпіталя і яна паехала на лецішча, дзе звычайна зь вясны да позьняй восені жыла яе сям’я.
Празь некалькі дзён увечары Кацярына на машыне паехала ў Менск па прадукты. Старэйшы сын Станіслаў папрасіў забраць яго зь дзяўчынай на лецішча з горада. Заехалі па яго. У тую нядзелю ў сталіцы праходзіў чарговы марш. Але калі Кацярына прыехала ў горад, акцыя скончылася, ачапленьня ўжо не было. «Пад раздачу», як кажа сама Кацярына, усе яны трапілі выпадкова. Заехалі па Станіслава, потым па ягоную дзяўчыну. Кацярына ў аўтамабілі размаўляла з сынам, чакалі. І тут у вакно машыны «прыляцеў» гумавы дручок. Кіроўца даў газу, яны хутка зьехалі. Сілавікі пачалі страляць, пагналіся за ўцекачамі. Кіроўца вымушаны быў прытармазіць на пешаходным пераходзе, бо дарогу пераходзілі людзі зь дзіцячым вазочкам. Сілавікі дагналі машыну. Затрымлівалі жорстка, расказвае жанчына. Станіслава паклалі на зямлю тварам уніз.
«Я сабой закрывала сына, калі яны яго білі. Нас прывезьлі ў Цэнтральнае РУУС. Аказалася, што сыну зламалі сківіцу і нос. Мяне трымалі ў камэры, дзе не было вады і не працавала прыбіральня. А я была пасьля апэрацыі, думала, што наагул памру... Адпусьцілі праз суткі, прысудзіўшы штраф. А сыну прызначылі 15 дзён арышту і перавялі ў Баранавіцкі СІЗА, дзе ён цяжка перахварэў на каранавірус», — успамінае падзеі 2020 году Кацярына.
Ператрусы, перасьледы і ўцёкі
17 красавіка 2021 году ў кватэрах жанчыны і яе бацькоў, дзе жыў старэйшы сын, адбыліся ператрусы. Сын Станіслаў вымушаны быў выехаць у Расею. Бацька Кацярыны трапіў у шпіталь і праз два тыдні пасьля таго ператрусу памёр.
У ліпені жанчыну выклікалі на допыт. Пыталіся, дзе яе сын Станіслаў. У выніку Кацярына вырашыла з чацьвярымі малодшымі дзецьмі ехаць за мяжу. 23 лістапада 2021 года яны прыехалі ва Ўкраіну. Крыху абжыліся, Кацярына з 18-гадовай дачкой Дар’яй уладкаваліся на працу ў краму вясельных сукенак. Малодшыя дзеці — Маша, Аляксандра і Павал — пайшлі ў школу. Але 24 лютага 2022 году пачалася вайна. У сакавіку Кацярына зь дзецьмі вымушаная была зноў пераяжджаць, цяпер ужо ў Польшчу. Спачатку спыніліся на хутары каля Міньску Мазавецкага, грошай амаль не было.
«Мы жылі на хутары, са старэйшай дачкой Дашай зьбіралі ягады, палолі ўчасткі, каб хоць трошкі зарабіць. Хаця раней на сваім лецішчы мы нічога не вырошчвалі, у нас быў толькі газон. Але на тым хутары хутка ўсяму навучыліся. Мне спатрэбілася больш за год, каб стаць на ногі. У жніўні 2023-га мы пераехалі ў Міньск Мазавецкі. Гэта вельмі ціхі, бясьпечны горад, за дзяцей тут я спакойная, а ў Варшаве вельмі б за іх перажывала», — дзеліцца Кацярына.
Хвароба дачкі і дэпрэсія
Беларуска расказвае, што літаральна праз два тыдні пасьля пераезду ў старэйшай дачкі Дар’і пачаліся праблемы: яна моцна кашляла, часам траціла прытомнасьць. Дактары спачатку казалі, што гэта алергічны спазм, ставілі ўколы. Але кашаль паўтараўся кожную ноч.
«Я настаяла, каб Дашу паклалі ў шпіталь. Ёй паставілі дыягназ „востры лярынгіт“, выпісалі антыбіётыкі. Дашы станавілася ўсё горш. Думалі, што ў яе запаленьне лёгкіх. Па маім патрабаваньні ўсё ж зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала новаўтварэньні ва ўсіх органах. Дашы зрабілі некалькі апэрацый, усе новаўтварэньні прыбралі, акрамя прысеньня сэрца — там была вялізная пухліна памерам 18 сантымэтраў. Яна ціснула на ўсе органы: сэрца, аорту. Даша не магла гаварыць, спаць, у яе разьдзьмуліся шыя, твар. Хвароба прагрэсавала», — расказала Кацярына.
Лекары ў Міньску Мазавецкім нічога не маглі зрабіць, кажа жанчына, і накіравалі Дар’ю ў Белую Падляску. Паставілі порт пад ключыцай. Рабілі біяпсіі. У Варшаве ў Інстытуце захворваньняў лёгкіх лекары заўважылі вадкасьць у сэрцы і лёгкіх, дзяўчыне патрэбна была тэрміновая апэрацыя.
«Я раніцай правяла Дашу да апэрацыйнай і чакала. Дашы зрабілі складаныя маніпуляцыі: бакавыя надрэзы і біяпсію. Усіх астатніх пасьля апэрацый даволі хутка прывезьлі, а Дашы няма. Выйшаў доктар і паведаміў, што яна ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Ён прызнаўся, што ўсё складана... Зьнялі з апарата ШВЛ, потым зноў рэанімацыя, ШВЛ», — са сьлязамі расказвае Кацярына.
Яна дадае, што з варшаўскага інстытуту Дашу адвезьлі ў шпіталь Белай Падляскі. Доктар, які рабіў апэрацыю, таксама паехаў туды. Склікалі кансыліюм. Вырашылі, што тэрмінова трэба зрабіць хіміятэрапію — для выратаваньня жыцьця. Усяго было 5 сэансаў. Але пасьля трэцяга ўжо нічога не зьмянілася, кажа маці.
«Нам сказалі, што трэба тэрмінова рабіць трансплянтацыю ўласнымі клеткамі. Пухліна агрэсіўная і хутка расьце. Такую апэрацыю могуць зрабіць у Любліне. Здалі дадатковыя аналізы, абсьледаваньні.
А тут у Дашы здарыўся псыхалягічны зрыў. Мы хавалі ад яе, наколькі ўсё сур’ёзна, але з размоваў лекараў Даша ўсё зразумела... У яе дыягнаставалі востры дэпрэсіўны сындром на глебе страху сьмерці. Калі ў дачушкі пачаліся праблемы з псыхікай, у яе лекара былі сьлёзы ў вачах, ёй казаў, што трэба тэрмінова выводзіць яе з гэтага стану. Таблеткі нібыта дапамагаюць, п’е сьвежавыціснутыя сокі, вітаміны», — апавядае Кацярына.
Днямі маці атрымала даведку, што дачка можа перанесьці апэрацыю. Цяпер сям’я чакае вынікаў кансыліюму і згоды на апэрацыю.
«Я спадзяюся, што днямі нас возьмуць на працэдуру. Яна складаная і небясьпечная, бо можа здарыцца цытакінавы шторм. Але я веру, што Даша справіцца. Кажу ёй: «Потым мы будзем плакаць, злавацца, але ня зараз. Зараз нам трэба перамагчы хваробу», — гаворыць жанчына.
Мара пра міліцэйскую акадэмію
Пра сваіх дзяцей Кацярына расказвае зь цеплынёй. Старэйшы сын, 28-гадовы Станіслаў, якога жорстка затрымалі ў 2020-м, пасьля пратэстаў жыў у Расеі. Перабраўся перад вайной ва Ўкраіну, хацеў далучыцца да службы ў беларускім батальёне, але не атрымалася. Цяпер Станіслаў у Польшчы, працуе на будоўлі каля Любліна. Падараваў хворай сястры Дар’і ноўтбук, на які адкладаў грошы з свайго заробку. Падарунак прывёз у шпіталь.
Кацярына з усьмешкай успамінае пра тое, кім хацела стаць старэйшая дачка Дар’я.
«Раней была ў дачкі мара паступіць у міліцэйскую акадэмію — ёй вельмі падабалася форма. Муж адразу казаў, што гэта вельмі дрэнная ідэя. А Даша прыгожая дзяўчына, казала, што будзе рабіць рэпартажы. Але пасьля жорсткага затрыманьня мяне і старэйшага сына ўвосень 2020 году мы адкінулі ўсе гэтыя думкі. Даша добра малюе, піша вершы і апавяданьні, яна вельмі эмпатычнае дзіця», — расказвае жанчына.
Другой дачцэ Кацярыны, Марыі, 18 гадоў. Яна застаецца «на гаспадарцы», калі Кацярына з Дар’яй знаходзяцца ў клініках. Марыя пасьля школы паступіла вучыцца далей, але, калі Дар’і паставілі дыягназ, забрала дакумэнты, каб дапамагчы маці. Малодшай дачцэ Аляксандры — 16, сыну Паўлу — 12.
«Я сем месяцаў правяла на гімнастычным дыванку каля ложка Дашы ў шпіталі Белай Падляскі. Дзякуй Богу, што я была зь ёй, бо былі складаныя сытуацыі, калі Дашы было вельмі кепска, з носу ішла кроў, я выбягала і клікала дактароў на дапамогу. Але я спакойная за сваіх малодшых: Пашка навучыўся выдатна гатаваць мяса, Сашка добра пячэ, ну а Маша кіруе. Я вельмі ганаруся імі», — кажа шматдзетная маці.
«Дачушцы паабяцала, што буду сядзець пад вакном лякарні»
На час апэрацыі і догляду Дар’і Кацярына зьбіраецца зьняць кватэру ў Любліне, каб быць бліжэй да дачкі. У палаце клінікі ёй знаходзіцца не дазволяць.
«Я вельмі перажываю, што Даша будзе там адна. Але лекары патлумачылі, што асьцерагаюцца інфэкцый і ўскладненьняў. Я магу не хварэць, але быць носьбітам інфэкцый. Дачушцы я паабяцала, што буду сядзець пад вакном лякарні на раскладным зэдліку, каб яна мяне бачыла. Я спадзяюся, заўтра-пасьлязаўтра мы паедзем у Люблін. Бо нам нельга марнаваць час», — кажа Кацярына.
На думку маці, хвароба здарылася ад стрэсу. Дар’я не хацела ехаць спачатку зь Менску, потым з Украіны. У яе ва Ўкраіне застаўся хлопец. У Польшчы цяжка хварэла і сама Кацярына. Дар’я ўвесь час працавала, каб дапамагчы сям’і.
«Дашы цяпер страшна. Але яна верыць, што ўсё будзе добра. Валасы пасьля хіміятэрапіі ўжо адрасьлі, вейкі, бровы таксама, парык ня носіць ужо, надзявае кепачку. Даша стамілася ад шпіталяў, на яе целе глыбокія шнары пасьля апэрацый, порт каля ключыцы, распухлі грудная клетка, рукі, шыя. Ёй трэба рухацца, я прыдумляю ўсялякія заняткі для яе. Вось зараз крэслы з падлакотнікамі пойдзем разам купляць, каб на балконе пасьля апэрыцыі сядзець... Як мантру я паўтараю: «Усё будзе добра, мы пераможам хваробу», — кажа жанчына.
Кацярына вельмі ўдзячная за дапамогу ўсім неабыякавым людзям, якія адгукнуліся на просьбу аб зборы грошай на лячэньне. Але наперадзе ў дачкі чарговая апэрацыя, працаваць жанчына пакуль ня можа. Ёй трэба зьняць кватэру на час апэрацыі і догляду дачкі ў Любліне.
Форум