Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі ўласьнік нацыяналізаванага ў Беларусі заводу дамагаўся кампэнсацыі страты актываў, але не ад Менску


Цэнтральная плошча ў Сьветлагорску. Ілюстрацыйнае фота
Цэнтральная плошча ў Сьветлагорску. Ілюстрацыйнае фота

Сьветлагорскі завод зварачных электродаў, якім валодала ўкраінская кампанія, спачатку нацыяналізавалі, а потым перадалі расейскаму прадпрыемству.

Украінская кампанія «ПлазмаТек», якая валодала Сьветлагорскім заводам зварачных электродаў і спыніла яго вытворчасьць пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, ацаніла свае страты ад нацыяналізацыі ў Беларусі сваіх актываў і зьвярнулася ў суд з пазовам да Расеі аб кампэнсацыі страт.

Як вынікае з матэрыялаў справы, кампанія ацаніла шкоду, нанесеную ў выніку расейскага ваеннага ўварваньня, у 27,3 мільёна даляраў.

У пазове кампаніі адзначаецца, што яна не кантралюе Сьветлагорскі завод зварачных электродаў ні як юрыдычную асобу, ні як непасрэдна маёмасны комплекс. Украінскі інвэстар беларускага прадпрыемства лічыць, што яго зь «мінімумам юрыдычных фармальнасьцяў» пазбавілі прадпрыемства і маёмасьці ў Беларусі. А ў траўні 2023 году зьявілася інфармацыя, што завод перадалі ва ўласнасьць расейскаму прадпрыемству.

Аднак украінскі суд не знайшоў падстаў лічыць, што страта маёмасных правоў кампаніі «ПлазмаТек» у Беларусі стала вынікам пачатку ў лютым 2022 году поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, хоць кампанія дэталёва апісала ў сваёй заяве гісторыю нацыяналізацыі сваіх актываў у Беларусі.

Суд таксама зьвярнуў увагу на тое, што наяўнасьць апасродкаванай сувязі паміж нацыяналізацыяй прадпрыемства ў Беларусі і пачаткам узброенай агрэсіі Расеі «ніякім чынам ня сьведчыць аб магчымасьці ўскласьці адказнасьць на Расею за пазбаўленьне часткі ў статутным капітале Сьветлагорскага заводу зварачных электродаў».

У выніку суд адмовіў у задаволеньні пазову аб спагнаньні стратаў у памеры 27,3 мільёна даляраў з Расеі ў асобе расейскага Міністэрства юстыцыі. Аднак украінскае прадпрыемства можа гэтае рашэньне аспрэчыць у апэляцыйным парадку.

Што папярэднічала

Сьветлагорскі завод зварачных электродаў пачаў працаваць у 2006 годзе.

У 2020 годзе прадпрыемства адзначылі ўзнагародай «Стабільны посьпех» Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік году».

2 сакавіка 2022 году кіраўніцтва кампаніі – уласьніцы беларускага заводу заявіла пра спыненьне яго дзейнасьці ў сувязі з пачаткам расейскага ваеннага ўварваньня з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі і адклікала ўсіх сваіх украінскіх спэцыялістаў на радзіму.

Прадпрыемства не працавала да канца 2022 году, калі Аляксандар Лукашэнка пры прызначэньні новага старшыні Сьветлагорскага райвыканкама даручыў яму «забраць» прадпрыемства і аднавіць яго дзейнасьць.

«Лічыце, што гэта прадпрыемства ваша. І па прыезьдзе тэрмінова рэалізуйце гэтае ўказаньне. Не чакайце нейкіх дакумэнтаў. Накіруйце ва ўрад. Яны вам адказ дадуць. Мяркую, пасьля сёньняшняга яны вам да Новага году зьменяць уласьніка», — заявіў Лукашэнка ў сьнежні 2022-га.

Адначасова ён раскрытыкаваў тагачаснага кіраўніка сваёй адміністрацыі, а таксама кіраўніка ўраду за «нястрымную цяганіну і бюракратызм» пры зьмене ўласьнікаў прадпрыемстваў зь іншаземнымі інвэстыцыямі.

«Мы ж дамаўляліся. Сыходзяць нейкія там украінскія, польскія ці фінскія гаспадары — людзі застаюцца, тэхналёгіі застаюцца, вытворчасьць застаецца. Электроды патрэбныя. [...] Я вам даў указаньне: пайшлі гаспадары — да пабачэньня, мы вас ня ведаем, вы нас знаць ня хочаце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізаванае», — заявіў Лукашэнка ў сьнежні 2022 году.

21 траўня 2023 году сьветлагорскае мясцовае выданьне паведаміла, што завод аднавіў працу пасьля таго, як яго новым уласьнікам стаў Магнітагорскі электродны завод з Расеі.

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG