Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ня будуць ляцець ракеты». Кіраўнік гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны расказаў пра гандаль зь Беларусьсю і ўкраінскіх беларусаў


Генадзь Чыжыкаў, прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, ганаровы прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу беларусаў
Генадзь Чыжыкаў, прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, ганаровы прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу беларусаў

«Гэта мы зможам зрабіць, калі зь беларускага боку на нас ня будуць ляцець самалёты і ракеты і калі Беларусь ня будзе ўцягнутая ў гэтую вайну», — заявіў у інтэрвію Свабодзе Генадзь Чыжыкаў, прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, ганаровы прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу беларусаў.

Генадзь Чыжыкаў ачольвае Гандлёва-прамысловую палату Ўкраіны (ГППУ) з 2013 году. На гэтай пасадзе ён неаднойчы арганізоўваў сустрэчы бізнэс-колаў Беларусі і Ўкраіны пры трох прэзыдэнтах Украіны — Віктару Януковічу, Пятру Парашэнку і Ўладзіміру Зяленскім.

Кіраўнік ГППУ мае асаблівае стаўленьне да Беларусі — ён доўгі час зьяўляецца ганаровым прэзыдэнтам Усеўкраінскага саюзу беларусаў, у склад якога ўваходзіць шэраг рэгіянальных беларускіх дыяспар. Гэтая арганізацыя заўсёды падтрымлівала беларускую ўладу, а яе шматгадовы кіраўнік, выхадзец з савецкага КДБ Пётра Лайшаў, ініцыяваў неабходнасьць фінансаваньня саюзу зь беларускага бюджэту.

Генадзь Чыжыкаў, прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, ганаровы прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу беларусаў
Генадзь Чыжыкаў, прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, ганаровы прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу беларусаў

Свабода распытала ў Генадзя Чыжыкава, ці магчыма аднавіць узаемны гандаль Украіны і Беларусі і чаму ён дагэтуль ня склаў свае паўнамоцтвы ганаровага старшыні Ўсеўкраінскага саюзу беларусаў.

Замест мільярдаў — нулі

Доўгі час аб’ёмы беларуска-ўкраінскага гандлю былі прадметам асабістага гонару для кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны. З кожным годам абедзьве краіны атрымлівалі ўсё больш даходаў, якія ў канцы 2021 году вымяраліся мільярдамі даляраў.

Беларусь, што праўда, больш зарабляла на пастаўках ва Ўкраіну, чым Украіна на гандлі зь Беларусьсю. Але ўкраінскія прадпрыемствы прадавалі на беларускі рынак больш гатовай, а не сыравіннай прадукцыі, як гэта рабілі беларускія кампаніі.

На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры падпісалі кантрактаў на 500 мільёнаў даляраў. Першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага, 4 кастрычніка 2019 году
На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры падпісалі кантрактаў на 500 мільёнаў даляраў. Першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага, 4 кастрычніка 2019 году

З 2019 году Ўкраіна і Беларусь пачалі праводзіць форумы рэгіёнаў, якія павінны былі спрыяць яшчэ большай актывізацыі ўзаемнага гандлю. Так і адбывалася, пакуль у 2020 годзе ўлады Ўкраіны не прызналі Аляксандра Лукашэнку нелегітымным прэзыдэнтам, а ў 2022-м Расея ўварвалася ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі і ўлады Беларусі падтрымалі расейскую агрэсію.

Цягам некалькіх месяцаў гандаль замаруджваўся. Некаторыя бізнэсоўцы яшчэ спрабавалі ўратаваць падпісаныя кантракты пры дапамозе арганізаваных на заходняй мяжы Беларусі пляцовак, на якія прадукцыю дастаўлялі і перагружалі на транспарт эўрапейскіх перавозьнікаў. Але аформіць яе на мытні Ўкраіны станавілася ўсё цяжэй — пры ўвозе з тэрыторыі Польшчы нулявыя мытныя стаўкі для беларускай прадукцыі не прымяняюцца. Апроч таго, Украіна спыніла дзеяньне дамовы аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня. Знайсьці нейкія шэрыя схемы ў такіх умовах вельмі складана.

«На ўкраінскім рынку беларуская прадукцыя была вельмі добра знаёмая — гэта і машынабудаўніцтва, і тралейбусы, і аграрная прадукцыя, і ўгнаеньні, таксама як на беларускім рынку ўкраінскія чорныя мэталы, аграрная і іншая прадукцыя. Мы памятаем, як з году ў год кіраўнікі краін сустракаліся, сустракаўся бізнэс, і ўсе „маршыравалі“ ў кірунку пашырэньня таваразвароту. І калі ён набірае ўжо мільярды даляраў, то вядзецца не пра дзясяткі, а сотні і тысячы задзейнічаных прадпрыемстваў», — сказаў Генадзь Чыжыкаў.

Бізнэс зьвярнуўся ў суды

Цяпер украінскія кампаніі ўсё часьцей зьвяртаюцца ў суды, каб абавязаць беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў вярнуць пералічаныя ім грошы за прадукцыю, якую яны не змаглі атрымаць, бо пачалася поўнамаштабная расейская вайна супраць Украіны.

Пазовы вымяраюцца сотнямі тысяч і мільёнамі даляраў у вялікіх прадпрыемстваў і дзясяткамі тысяч — у дробнага бізнэсу.

«Калі Расея пачала вайну, а Беларусь яе падтрымала, калі мы бачым, колькі ракет і самалётаў з таго боку падымаецца ў паветра, то выснова прадпрымальнікаў была вельмі простая — эканамічныя дачыненьні між нашымі краінамі, а гэта датычыць і экспарту, і імпарту, пачалі зьмяншацца з кожным месяцам, пакуль ня зьнізіліся ў 80–100 разоў і цяпер ужо амаль блізкія да нуля. А за гэтым стаяць сотні, тысячы прадпрыемстваў, і гэта для іх вялікія выдаткі і эканамічныя страты», — адзначыў кіраўнік Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны.

Генадзь Чыжыкаў дадаў, што павялічылася і колькасьць зваротаў у арбітраж Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны па вырашэньне спрэчак.

«У 2021 годзе ў нас было 12 спраў, а ў 2022-м — ужо 57. І з нашага, і зь беларускага боку былі ўведзеныя абмежаваньні, забарона валютных разьлікаў у замежнаэканамічнай дзейнасьці, а ў лістападзе летась спынілі дамову аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня. І ўсе гэтыя падзеі, вядома ж, прывялі да таго, што шмат прадпрыемстваў апынуліся ў складанай сытуацыі, калі тавары ці паслугі былі аплачаныя, а іх не атрымалі», — паведаміў ён.

Украінскія вытворцы знайшлі замену беларускаму рынку

Украінскія прадпрымальнікі пачалі зьвяртацца ў Гандлёва-прамысловую палату па дапамогу ў пошуку новых рынкаў. «Гэта цяжка, але большасьць прадпрыемстваў разумеюць сытуацыю, не чакаюць і шукаюць новыя магчымасьці і новыя рынкі», — падкрэсьліў Генадзь Чыжыкаў.

Паводле яго, ад спыненьня эканамічнай супрацы зь Беларусьсю істотна пацярпелі і вялікі, і малы бізнэс.

Генадзь Чыжыкаў, прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, ганаровы прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу беларусаў
Генадзь Чыжыкаў, прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, ганаровы прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу беларусаў

«Гэта такая вечная спрэчка, якую ніхто ня можа вырашыць: для каго праблемы большыя — для мільярдэра, калі ён страчвае мільён, ці для беднага чалавека — пяць грыўняў? Цярпяць і вялікія, і невялікія прадпрыемствы, і для іх гэта істотна. Я б так сказаў. Цяпер такая атмасфэра — амаль цалкам замарожаныя эканамічныя дачыненьні. Што тут камэнтаваць? Гэта мы зможам зрабіць, калі зь беларускага боку на нас ня будуць ляцець самалёты і ракеты і калі Беларусь ня будзе ўцягнутая ў гэтую вайну», — падкрэсьліў Генадзь Чыжыкаў.

Гандаль магчыма аднавіць, але пры пэўных умовах

Генадзь Чыжыкаў кажа, што пасьля пачатку вайны іхная арганізацыя зьвярнулася да Гандлёва-прамысловай палаты Беларусі «зь вельмі канкрэтным бачаньнем, каб Беларусь ня ўцягвалася ў вайну».

«Для нас гэта было вельмі важна: калі Беларусь ня будзе ўцягнутая непасрэдна ў гэтыя ваенныя падзеі, мяркую, будзе больш шанцаў, што мы адновім нашы патэнцыйныя дачыненьні, хаця б эканамічныя. Але вялікая ўвага будзе ўдзяляцца і палітычнаму складніку, пра які я пакуль не хачу гаварыць», — сказаў кіраўнік Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны.

«Беларусы ва Ўкраіне паводзяць сябе як украінцы»

Генадзь Чыжыкаў лічыць, што пакуль ня бачыць для сябе падстаў, каб адмовіцца ад званьня ганаровага прэзыдэнта Ўсеўкраінскага саюзу беларусаў.

«Найперш хачу зьвярнуць увагу, што мы гаворым пра беларусаў ва Ўкраіне. І, што вельмі важна, нягледзячы на тое, што большасьць нашых сяброў — этнічныя беларусы ці іхныя бацькі нарадзіліся ў Беларусі, яны ўсе грамадзяне Ўкраіны і, што прыемна, цягам усіх гэтых месяцаў вайны большасьць выступаюць супраць уцягваньня Беларусі ў вайну, яны падтрымліваюць Украіну і нашы Ўзброеныя сілы», — сказаў Генадзь Чыжыкаў.

Ён дадаў, што ўкраінскія беларусы гэтак жа гінуць ад расейскіх абстрэлаў, як этнічныя ўкраінцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў. Генадзь Чыжыкаў нагадаў, што ў красавіку ў Мікалаеве загінула Тацяна Дзяменьнікава — яна ўзначальвала культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы», якое таксама ўваходзіла ў склад Усеўкраінскага саюзу беларусаў.

Генадзь Чыжыкаў ушаноўвае памяць Паўла Шарамета на пятую гадавіну забойства журналіста. Кіеў, 20 ліпеня 2021 году
Генадзь Чыжыкаў ушаноўвае памяць Паўла Шарамета на пятую гадавіну забойства журналіста. Кіеў, 20 ліпеня 2021 году

«Я не магу сказаць, што [украінскія] беларусы неяк па-іншаму ставяцца да вайны. Яны ставяцца так, як і большасьць украінцаў, як патрыёты. І як грамадзяне Ўкраіны дапамагаюць Украіне і нашай арміі і вераць у будучыню краіны. У нас, сярод актывістаў, ёсьць, на жаль, і тыя, хто загінуў. Таму я ня бачу сэнсу спыняць дзейнасьць гэтай арганізацыі, хаця, шчыра кажучы, яна цяпер ня надта актыўная. Сябры гэтай арганізацыі дапамагаюць там, дзе могуць, і дапамагаюць тым, хто гэтага патрабуе. Беларусы ва Ўкраіне паводзяць сябе як украінцы», — заявіў Генадзь Чыжыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG