Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі завод ня змог спагнаць доўг з украінскага прадпрыемства, бо Ўкраіна выйшла з дамовы СНД


У жніўні 2022 году расейская ракета пацэліла ў гандлёвы цэнтар Краменчука. Ілюстрацыйнае фота
У жніўні 2022 году расейская ракета пацэліла ў гандлёвы цэнтар Краменчука. Ілюстрацыйнае фота

Крамянчуцкі колавы завод праз расейскае ваеннае ўварваньне, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, цягам 2023 году значна скараціў сваю вытворчасьць, якая склала ўсяго 6,7% ад даваеннага ўзроўню.

Гаспадарчы суд Палтаўскай вобласьці адмовіўся выконваць рашэньне Эканамічнага суду Магілёўскай вобласьці аб спагнаньні з Крамянчуцкага колавага заводу 59 тысяч даляраў на карысьць Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Як адзначаецца ў рашэньні суду, беларускі суд у сваім рашэньні спасылаўся на дамову пра парадак вырашэньня спрэчак, зьвязаных з ажыцьцяўленьнем гаспадарчай дзейнасьці, падпісанай у межах СНД у Кіеве 20 сакавіка 1992 году.

12 студзеня 2023 году Ўкраіна выйшла з гэтай дамовы.

«Згодна з ч. 1 артыкулу 25 закону Украіны [...] „Пра міжнародныя дамовы Ўкраіны“ спыненьне дзеяньня міжнароднага дагавору вызваляе Ўкраіну ад любога абавязаньня выконваць дамову», — адзначаецца ў судовым рашэньні.

Гаспадарчы суд Палтаўскай вобласьці таксама патлумачыў, што даручэньні на выкананьне рашэньняў іншаземных судоў не прымаюцца ў трох выпадках: калі гэта можа прывесьці да парушэньня сувэрэнітэту аб стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны, калі не належыць да юрысдыкцыі гэтага суду або супярэчыць закону ці міжнароднай дамове, на абавязковасьць выкананьня якой пагадзілася Вярхоўная Рада Ўкраіны.

Крамянчуцкі колавы завод, які вырабляе сталёвыя дыскі для сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі, зьяўляецца прыватным прадпрыемствам. Яго генэральны дырэктар Уладзімір Касэ ў канцы лютага 2022 году паведаміў аб форс-мажорнай сытуацыі, якая склалася ў выніку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Маштабныя баявыя дзеяньні ва Ўкраіне, выкліканыя ўварваньнем расейскіх войскаў, няспынныя бамбаваньні і ракетныя абстрэлы, вайсковая блякада марскіх партоў, разбурэньне наземнай інфраструктуры выключаюць магчымасьць выкананьня дагаворных абавязаньняў», — адзначалася ў лісьце кіраўніка прадпрыемства.

Форс-мажорныя абставіны ўкраінскага прадпрыемства пацьвердзіла Гандлёва-прамысловая палата Ўкраіны 28 лютага 2022 году.

«Мы паведамляем, што ПАТ „Крамянчуцкі колавы завод“ цягам тэрміну дзеяньня форс-мажорных абставін, выкліканых ваеннымі дзеяньнямі на тэрыторыі Ўкраіны, ня можа выконваць свае дагаворныя абавязаньні. Просім не прымяняць да нашай кампаніі меры адказнасьці за парушэньне абавязаньняў, вызначаных у дамовах», — паведаміў завод усім сваім партнэрам.

З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка і вышэйшае вайсковае кіраўніцтва Беларусі, Расея некалькі разоў наносіла ракетныя ўдары па Краменчуку. У выніку абстрэлу 2 красавіка 2022 году спыніў сваю працу Крамянчуцкі нафтаперапрацоўчы завод.

Крамянчуцкі колавы завод цягам 2023 году значна скараціў сваю вытворчасьць, якая склала ўсяго 6,7 % ад даваеннага ўзроўню.

Летась у чэрвені стала вядома, што Беларусь вяртае ва Ўкраіну без выкананьня ўсе даручэньні ўкраінскіх судоў, якія накіроўваліся па дыпляматычных каналах у справах за пазовамі ўкраінскіх кампаній аб вяртаньні грошай за непастаўленыя прадукцыю і паслугі з прычыны расейскага ваеннага ўварваньня з 24 лютага 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG