«Маральна супакоіўся і адчаю больш ня мае». Як землякі дапамаглі беларусу ўратаваць руку
Беларус Алег Кірлік зьехаў з краіны пасьля падзеяў 2020 году. У Варшаве ён працаваў кур’ерам. У лістападзе 2023 году Алег на скутэры ўрэзаўся ў слуп і пашкодзіў плячо. Мэдычнай страхоўкі ён ня меў, таму ня здолеў зрабіць неабходныя дасьледаваньні. Рука пачала ўсыхаць. Грошай Алег ня меў, мог застацца ўвогуле без рукі.
Ягоны брат кінуў заклік у суполку беларускай дыяспары.
«Вечарам брат напісаў просьбу аб дапамозе — хоць парадай, хоць добрым словам. Ранкам на рахунку ў мяне „аказалася“ больш за 7 тысяч злотых! Я быў у шоку», — расказаў Свабодзе Алег.
Ён кажа, што, апроч грошай, займеў ад людзей падтрымку, парады і ўпэўненасьць.
Абсьледаваньне паказала, што пашкоджаныя нэрвовыя вузлы ў плячы. Праз гэта пачалася дэградацыя цягліц.
«Рука ўсохла страшна, аж да косткі, мне страшна было на яе глядзець», — кажа Алег.
Зь фінансавай падтрымкай землякоў ён зрабіў мэдычную страхоўку і пачаў дыягностыку. У Польшчы з страхоўкай NFZ (Нацыянальны фонд здароўя. — РС) вялікія чэргі да спэцыялістаў. Таму, каб уратаваць руку, беларусу даводзіцца зьвяртацца да лекараў прыватна. Пагатоў яму трэба спэцыфічныя дасьледаваньні і лекары вузкіх спэцыялізацыяў.
Пакуль Алег ходзіць да лекараў і спадзяецца, што рука адновіцца і будзе функцыянаваць. З адной рукой ён не дае рады працаваць. Яшчэ трэба плаціць за жытло, на нешта жыць. Алег меў аўтамабіль, але пасьля траўмы прадаў яго, каб аплаціць абсьледаваньні.
Цяпер дзякуючы неабыякавым беларусам ён «супакоіўся маральна», кажа, што пачаў есьці нармальна, піць вітаміны, спаць.
«Адчаю больш няма», — гаворыць беларус.
На сёньня ён ня мае канчатковай высновы лекараў, чакае яе з дня на дзень. Але яму дакладна будзе патрэбная доўгая і якасная рэабілітацыя. На яе Алег зьбірае грошы.
З заяўленых 15 тысяч эўра на 15 сакавіка сабрана больш за 6 тысяч. Алег плянуе паступіць на курсы і асвоіць новую прафэсію.
«Дапамагаць — маё правіла, як плаціць за інтэрнэт ці электрычнасьць». Пра раскіданых па сьвеце беларусаў, якія ахвяруюць грошы землякам
Беларуска Аксана (імёны суразмоўцаў зьмененыя з прычыны бясьпекі. — РС) доўгі час жыла ва Ўкраіне і дапамагала спачатку Майдану (2013–2014 гады), затым добраахвотніцкім батальёнам на ўсходзе Ўкраіны. Потым ахвяравала грошы для хворых дзяцей.
Калі мусіла зьехаць з Украіны, то амаль цалкам пераключылася на дапамогу беларусам.
«Цяпер я працую ў эўрапейскай краіне, сплачваю вялікія падаткі ў бюджэт дзяржавы, якая вельмі істотна дапамагае Ўкраіне, значыць, у гэтай дапамозе ёсьць і мая частка, хоць часам я ўсё яшчэ дапамагаю і ўкраінцам — знаёмым ці калегам, якія пайшлі абараняць сваю краіну», — тлумачыць Аксана.
Беларусам яна дапамагае праз абвесткі фонду BySol.
«Я зрабіла гэта сваім правілам — раз у месяц пасьля заробку я адпраўляю ад 20 да 50 эўра, якія пералічваю з карткі. Пасьля некалькіх пераказаў пачала атрымліваць рассылкі аб зборах на дапамогу рэпрэсаваным і пацярпелым ад крымінальнага перасьледу актывістам. Вядома, хочацца дапамагчы ўсім, але так не бывае, таму выбіраю найбольш складаныя сытуацыі. Напрыклад, калі дапамогі просіць жанчына, якая ўцякла разам зь дзецьмі і ня мае ні працы, ні рэчаў для дзяцей, або палітвязень, якому пасьля турмы патрэбна аднавіць здароўе і прайсьці рэабілітацыю», — расказала беларуска.
Яна дадала, што беларусы часам уцякаюць цэлымі сем’ямі, і гэта ў той час, «калі да беларусаў, скажу мякка, ня вельмі добразычліва ставяцца».
«Таму вельмі важна не стамляцца, дапамагаць, не дазваляць людзям страчваць надзею», — упэўненая Аксана.
Беларус Сяргей жыве ў Польшчы з 2021 году, працуе PR-мэнэджарам. Ён дапамагае беларусам фінансава — як праз фонды, так і асабіста беларускім добраахвотнікам, якія пакінулі Ўкраіну і зараз за мяжой сутыкаюцца з ПТСР ці іншымі праблемамі здароўя. Сяргей кажа, што актыўна ўдзельнічаў і ў маратоне салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна».
«У 2020, 2021-м, калі быў у Беларусі, то дапамагаў купляць прадукты для рэпрэсаваных і іхных сваякоў. Зараз стараюся перадаваць гатоўку, калі ёсьць магчымасьць, у Беларусь», — зазначае Сяргей.
Ён палічыў, што з 2020 году ахвяраваў і перадаў «прыкладна 5-6 тысяч эўра».
«Матывацыя простая — беларус беларусу беларус у кожных абставінах», — кажа эмігрант.
Настасься з 2012 году жыве ў Канадзе, але не застаецца ў баку ад беларускіх справаў.
«Пачалося ў мяне ўсё з Дашы Лосік, зь яе кранальнай барацьбы за свабоду мужа. Я знайшла яе ў сацыяльных сетках, пачала перапісвацца, дапамагаць неяк. Потым знайшла фонды і дапамагала тым, хто найбольш меў патрэбу. Зьвязвалася зь сем’ямі наўпрост, кантактавала зь імі. Далучыла суседку, яшчэ людзей знайшла», — кажа Настасься.
Яна дапамагала ня толькі грашовымі пераводамі, а яшчэ і пасылкамі, перадачамі, паштоўкамі.
«Некаму тэлевізар у камэру СІЗА куплялі. Займалася ангельскай мовай онлайн. Ды ўсяго ўжо і не памятаю. Я зьехала ў 2012-м, але пасьпела трапіць на мітынгі і разгон іх. Ведаю пэўна, што каб жыла там, то сядзела б у турме. Дапамагаю, бо жахліва ад гэтага поўнага беззаконьня ў краіне», — кажа беларуска.
Цяпер яна са знаёмымі стараецца падтрымліваць батальён «Волат» у складзе полку Каліноўскага.
«Ніколі з такімі людзьмі не стасавалася, па-сапраўднаму адважныя, патрыёты, захапляюся імі!», — дадала Настасься.
Беларуска Тацьцяна жыве ў Японіі, працуе ў фінансавай сфэры. Яна кажа, што з 2020 году ахвяруе грошы прыблізна раз на 2-3 месяцы, але адразу вялікімі сумамі. У асноўным яна дапамагае праз фонды — на агульныя і прыватныя зборы. З прыватных збораў выбірае тыя, на якія дрэнна зьбіраюцца грошы — «праз тое, што гісторыя ня самая кранальная ці мала падрабязнасьцяў».
«У лютым 2022 году зрабіла асэнсаваны выбар не ахвяраваць Украіне (хоць і вельмі хацелася), а яшчэ больш падтрымліваць беларусаў, бо беларусам, акрамя беларусаў, больш ніхто не дапаможа. Невядома, колькі гэта ўсё яшчэ будзе доўжыцца, але спыняць дапамогу не зьбіраюся, пакуль ёсьць праца і заробак», — кажа Тацьцяна.
Яна ўспрымае ахвяраваньні як штомесячную плату за спартовую залю, інтэрнэт ці электрычнасьць.
«Мы павінны рабіць тое, што можам, каб гэтае сьвятло гарэла», — дадала беларуска.
«Людзі ахвяруюць ад 5 да 1000 эўра» Пра беларуса, фонд якога зьбірае мільёны на дапамогу землякам
Адзін з заснавальнікаў фонду BySol Андрэй Стрыжак расказаў у камэнтары Свабодзе, што людзі ахвяруюць грошы ў фонд рознымі спосабамі — разавымі складкамі ці падпіскай. Ён зазначае, што разавы данат — гэта такая «эмацыйная штука», калі чалавека чапляе нейкая гісторыя і ён вырашае дапамагчы. Ёсьць і людзі, каля 200 чалавек, якія аформілі падпіску на збор для статутных мэтаў фонду. Падпіска працуе аўтаматычна.
«Адтуль мы кідаем частку грошай на падтрымку палітвязьняў і эвакуацыю і на падтрымку каманды. Тыя, хто ахвяруе разава, даволі часта прыходзяць да нас яшчэ і яшчэ. Ёсьць такія, што зрабілі па 30-40 ахвяраваньняў», — кажа заснавальнік фонду.
Паводле ягоных словаў, сумы данатаў бываюць розныя — ад 5 эўра да 1000 і больш.
«Для нас галоўнае ня сума, а тое, што чалавек прызвычайваецца да данату як да нармальнага дзеяньня, да таго, што падтрымліваць ініцыятывы — нармальна. Чым большы адсотак людзей прызвычайваецца да такога, тым больш устойлівым будзе грамадзтва. Гэта крыніца разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, магчымасьць „адрасьціць“ здольнасьць грамадзтва хутка рэагаваць на выклікі. У нас быў выдатны прыклад — ініцыятыва ByCovid у 2020 годзе. Яна паказала, як працуюць прыватныя грошы ў экстрэмальнай сытуацыі», — тлумачыць Андрэй Стрыжак.
Ён дадаў, што BySol мае сумы каля 1 — 1,2 мільёна эўра на год ад прыватных донараў. Гэта ўсе, хто ахвяруе грошы. Разам з падтрымкай інстытуцыянальных донарскіх структураў сума сягае прыблізна 2 мільёнаў эўра.
Стрыжак дадаў, што моцны ўсплёск ахвяраваньняў быў, безумоўна, у 2020 годзе — спачатку каранавірус, потым рэпрэсіі, гвалт над людзьмі.
«Цяпер трэш стаў нормай, людзі прызвычаіліся. Але мы спрабуем камбінаваць, зьмяняць падыходы, мэханізмы — і гэта вядзе да посьпеху, трымаемся на тым узроўні, які мы ўсталявалі», — кажа заснавальнік фонду.