Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Грошы на адваката былому страйкамаўцу Краўчанку, якога хочуць дэпартаваць зь Літвы, сабралі менш чым за дзень

Грошы на адваката былому страйкамаўцу Краўчанку, якога хочуць дэпартаваць зь Літвы, сабралі менш чым за дзень


Беларусы менш чым за содні сабралі 3 тысячы эўра для былога страйкамаўца Сяргея Краўчанкі, якога ўлады Літвы зьбіраюцца дэпартаваць з краіны.

Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак, патрэбную суму ўдалося сабраць менш, чым за содні.

Сяргей Краўчанка — адзін з актыўных удзельнікаў страйкаму на прадпрыемстве «Беларусьнафта» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі. Быў вымушаны уцякаць ад рэпрэсій у Літву. Нядаўна яму адмовілі ў статусе ўцекача, у той час як ягоная сям’я раней атрымала такі статус у сувязі зь перасьледам Сяргея.

Як распавёў Сяргей Краўчанка, у чэрвені 2023 году ён, як звычайна, падаўся на дазвол на жыхарства па ўз’яднаньні зь сям’ёй. Не атрымаўшы адказу на заяву ў належны тэрмін, ён прыйшоў у Дэпартамент міграцыі Літвы, дзе яму безальтэрнатыўна сказалі падавацца на ўцякацтва. У той жа дзень Сяргея затрымалі на 48 гадзін і паведамілі, што ён зьяўляецца «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы». Пасьля гэтага яго вывезьлі ў лягер для ўцекачоў, дзе адбыўся суд. Пасьля суду беларуса адпусьцілі дадому чакаць рашэньня па запыце на ўцякацтва.

Яшчэ праз паўгода Сяргею прыйшла адмова — справа ў тым, што з 2015 па 2018 год ён працаваў ратавальнікам-пажарнікам. Сяргей Краўчанка з такой фармулёўкай не пагадзіўся і зьвярнуўся ў суд.

«Я нідзе нічога не хаваў пра працу ў МНС, і гэта не лічылі небясьпечным, — расказаў мужчына выданьню «Люстэрка». — Я тушыў пажары, даставаў людзей пасьля ДТЗ. Доступу да сакрэтнай інфармацыі ня меў. На службе змагаўся з несправядлівасьцю і праз рознагалосьсі з кіраўніцтвам звольніўся. Мяне, напрыклад, абурала, што нам нельга езьдзіць па краіне без дазволу кіраўніцтва, атрымліваць вышэйшую адукацыю ў цывільных ВНУ. Ды і стаўленне да падначаленых у той момант рэзка пагоршылася».

Для таго, каб знайсьці неабходныя беларусу для аплаты паслуг адваката 3000 эўра, фонд BYSOL абʼявіў дабрачынны збор, бо Краўчанка ўжо больш за 7 месяцаў знаходзіцца бяз працы і вымушаны прасіць дапамогі, каб наняць адваката і аспрэчыць прынятае рашэньне.

Літва за год (з канца лістапада 2022 па канец лістапада 2023 году) прызнала «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» 1644 беларусаў. За гэты пэрыяд

  • 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне ў Літве, 343 беларусам вырашылі яго не працягваць, 450 беларусам — анулявалі;
  • двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства ў Літве, а ў васьмі выпадках яго анулявалі;
  • 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG