Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі гросмайстар здолеў выступіць на чэмпіянаце сьвету ў шахматах дзякуючы ахвяраваньням землякоў


Уладзіслаў Кавалёў
Уладзіслаў Кавалёў

Аднак Уладзіслава Кавалёва празь ягоную грамадзкую пазыцыю не ўзгадала беларуская спартовая газэта. А перамог зноў нарвэжац Карлсэн.

З 26 па 30 сьнежня ў Самаркандзе (Узбэкістан) прайшоў чэмпіянат сьвету ў шахматах у дысцыплінах «рапід» і «бліц» (партыі з абмежаваным часам на абдумваньне хадоў). Агульны прызавы фонд турніру склаў 1 мільён даляраў.

Спаборніцтвы праводзіліся ў традыцыйнай швайцарскай сыстэме, калі ўдзельнікам супрацьстаяць апанэнты, якія знаходзяцца блізка ад іх у актуальнай турнірнай табліцы.

У рапідзе быў устаноўлены час 15 хвілін плюс 10 сэкундаў за кожны ход, пачынаючы зь першага. У бліцы давалася 3 хвіліны на партыю з дабаўленьнем 2 сэкундаў за кожны ход.

Перамогу ў мужчын у абедзьвюх дысцыплінах атрымаў галоўны фаварыт турніру нарвэжац Магнус Карлсэн. Цяпер ён 7-разовы чэмпіён сьвету ў шахматах бліц і 5-разовы чэмпіён у рапідзе. У жанчын наймацнейшымі сталі расейкі: у рапідзе — Анастасія Баднарук, у бліцы — Валянціна Гуніна.

На турніры былі і прадстаўнікі Беларусі. Праўда, праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне на баку Расеі супраць Украіны беларускім шахматыстам давялося выступаць пад сьцягам Міжнароднай фэдэрацыі шахматаў у нэўтральным статусе, піша by.tribuna.com.

Найлепшым сярод беларусаў у абедзьвюх дысцыплінах стаў 17-гадовы Дзяніс Лазавік. У рапідзе ён заняў 31-е месца. У бліцы Лазавік увайшоў у топ-10, заняўшы 8-е месца.

Падпісант ліста за сумленныя выбары ў Беларусі Ўладзіслаў Кавалёў у рапідзе заняў толькі 88-е месца, у бліцы ў яго 78-ы вынік.

Апавядаючы пра беларусаў, якія ўзялі ўдзел у чэмпіянаце сьвету ў Самаркандзе, чамусьці менавіта пра Кавалёва вырашыў ня згадваць «Прессбол», адзначае «Трыбуна». Асноўная калісьці беларуская газэта пра спорт цалкам перайшла пад кантроль Беларускай фэдэрацыі футболу і перастала пісаць вострыя крытычныя артыкулы, якімі славілася, як і сваёй бесстароннасьцю.

Газэта раней ужо ігнаравала спартоўцаў, якія выступілі супраць гвалту і фальсыфікацый.

Затое пра Кавалёва не забылі простыя беларусы, адзначае «Трыбуна». За два тыдні да турніру пры падтрымцы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці быў аб’яўлены збор на суму 1600 даляраў, каб дапамагчы Кавалёву ў падрыхтоўцы да чэмпіянату. Гэтыя грошы сабралі за содні.

Мабыць, самай запамінальнай партыяй у Самаркандзе стаў двубой расейскіх гросмайстраў — Даніла Дубаў супраць Яна Няпомняшчага. У бліцы яны правялі партыю, якая завяршылася ўнічыю пасьля 12-га ходу. Такі вынік гарантаваў бы лідэрства абодвум шахматыстам у выніку першага гульнёвага дня, але ўмяшаўся галоўны арбітар турніру: ён палічыў матч дамоўным і ануляваў вынік партыі, а расейцам прысудзіў штраф. Яны атрымалі 0 балаў замест належных 0,5. Пры гэтым дамоўны характар партыі быў відавочным: расейцы гулялі толькі коньмі.

Назвы шахматных фігур па-беларуску

Дарэчы, Няпомняшчы раней адкрыта асудзіў маскоўскую агрэсію супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG