Пра гэта ды іншае расказвае сузаснавальнік і дырэктар кампаніі Iomico, які прадстаўляе ў Каліфорніі Асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой, — Мікалай Мурзянкоў.
10 жніўня 2020 году ён выступіў зь відэазваротам супраць гвалту, які набраў мільёны праглядаў. У выніку быў вымушаны зьехаць, цяпер мае пасьпяховы бізнэс у Каліфорніі і спрабуе стварыць супольнасьць беларускіх прадпрымальнікаў, дапамагаючы ім у адкрыцьці і вядзеньні бізнэсу.
Сьцісла
- Беларусы ў ЗША замацаваліся ў такіх галінах бізнэсу як IT, транспарт, камэрцыйныя перавозкі, мантаж тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, асабліва на ўсходзе і паўночным усходзе ЗША.
- Прыклад кампаніі PandaDoc, калі іх работнікі апынуліся ў зьняволеньні, многіх напалохаў. Я вымушаны канстатаваць, што дагэтуль многія беларусы, якія вядуць свой бізнэс, ня хочуць зьвязвацца з «экстрэмісцкімі арганізацыямі» кшталту Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой.
- Ува мне ўсё моцна закіпела, і я згадаў апошні званок з ПВТ, калі папярэдзілі мяне і маю кампанію, каб мы не выходзілі на вуліцы гораду і не падтрымлівалі тое, што там адбываецца. Я ў эмацыйным парыве вырашыў запісаць відэазварот, разьмясьціць яго на Linkedin, і там усё пачалося.
- Хуткага вяртаньня ў Беларусь можа і не адбыцца. Але мы абавязаныя працягваць жыць, і жыць пасьпяхова, каб нават не пры нашым пакаленьні, але пры наступным пакаленьні зьявілася акно магчымасьцей вярнуцца назад і мы прыехалі з назапашаным капіталам адраджаць гэтую краіну.
Што такое беларускі бізнэс у ЗША
— Мікалай, мы размаўляем, калі выпраўляецеся ў Вашынгтон на Беларускі бізнэс-форум, які адбываецца ў рамках стратэгічнага дыялёгу ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой і фэдэральнымі структурамі ЗША. Вы адзін са сьпікераў. Якая галоўная мэта бізнэс-форуму і што вы хочаце данесьці ў сваім выступе?
— Мы хочам заклікаць беларусаў, якія жывуць за мяжой, каб яны інвэставалі назапашаны капітал ведаў, інвэстыцый, экспэртызы, нэтворкінгу, бізнэс-нэтворкінгу, усяго таго, чым можна падзяліцца з астатнімі беларусамі, якія жывуць за мяжой, каб тыя пасьпяхова ці пачалі ці працягнулі весьці свой бізнэс.
— Як бы вы ахарактарызавалі беларускі бізнэс у ЗША — вялікія і малыя кампаніі, сфэры бізнэсу, шматгадовы бізнэс і адкрыцьцё бізнэсу пасьля 2020 году?
— Нельга сказаць, што беларуская дыяспара ў ЗША зьяўляецца масава пасьпяховай, хутчэй посьпех беларусаў у ЗША — гэта кропкавы панятак. Я маю на ўвазе сфэру бізнэсу, бо беларусы ў большай ступені рэалізавалі сябе як спэцыялісты ў іншых кампаніях. Тым ня менш ёсьць добрыя прыклады, але адзінкавыя.
З таго, што мне вядома, беларусы ў ЗША замацаваліся ў такіх галінах бізнэсу, як транспарт, камэрцыйныя перавозкі, мантаж тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, асабліва на ўсходзе і паўночным усходзе ЗША. Беларусы традыцыйна многія гады нядрэнна сябе паказваюць у ІТ-бізнэсе. Ёсьць і пасьпяховыя кампаніі і ў ЗША, і ў цэлым за мяжой. Вядома, што была вялікая хваля рэлякацыі, таму многія кампаніі зьвязваюць са словам «беларускія» толькі іх карані, а фактычна яна ператварыліся ў заходнія кампаніі.
Беларусі замацаваліся ў розных відах сэрвісу. Калі казаць пра ЗША, то гэта кампаніі мэдычнага абслугоўваньня, розныя формы грамадзкага харчаваньня. Будаўнічы бізнэс сярод беларусаў сустракаецца даволі часта. У мяне пазыцыя даволі вузкая, бо я працую ў вузкатэхналягічнай сфэры і ў асноўным такія кампаніі назіраю вакол сябе.
— Давайце ўявім, як гэта можа выглядаць. Людзі хочуць пераехаць у Амэрыку, адкрыць бізнэс. Ці будзе ім нейкім чынам дапамагаць супольнасьць беларускіх бізнэсоўцаў?
— Тыповая сытуацыя. Пасьля абвесткі пра тое, што ў Каліфорніі адкрылася прадстаўніцтва Беларускага бізнэсу за мяжой, пачалі зьвяртацца беларусы, якія ці плянуюць зьехаць у ЗША, ці знаходзяцца тут. Адно зь першых пытаньняў: чым вы можаце нам дапамагчы? І далей чалавек называе сфэру бізнэсу. З майго боку хочацца падзяліцца сувязямі ў той галіне, якая яго цікавіць. Таксама падзяліцца інфармацыяй пра правераных юрыстаў у тых галінах, якія іх цікавяць. Часта ў людзей узьнікаюць прымітыўныя пытаньні наконт вядзеньня бізнэсу ў ЗША, вядзеньня бухгальтэрыі ў ЗША, пытаньні права ў пэўных сфэрах. Напрыклад, дзе лепей за ўсё адкрыць кампанію.
У ЗША ёсьць фэдэральная падаткі, ёсьць падаткі на ўзроўні штатаў. Чалавеку хочацца зразумець, якія плюсы і мінусы адкрыцьця таго ці іншага бізнэсу. У некаторых штатах больш сур’ёзнае ліцэнзаваньне, некаторыя штаты больш ляяльныя. Назапасіць такія веды, калі вядзеш свой бізнэс, як раблю я цяпер у ЗША, дастаткова цяжка. Для гэтага трэба ахвяраваць ці бізнэсам, ці сямʼёй, ці асабістым часам. Таму хочацца, каб беларусы з розных сфэраў бізнэсу прыйшлі і падзяліліся гэтай інфармацыяй, каб нам не прыйшлося назапашваць гэта дзясяткі гадоў, а каб дзякуючы добрай волі і жаданьню дзяліцца мы ўсё сабралі з розных бакоў.
Я ўвесь час чую пра беларусаў, якія дасягаюць посьпеху ў розных галінах. Каб мы ўсе прыйшлі і сказалі — у нас ёсьць такія сувязі, у нас ёсьць доступ да пэўнага капіталу, ёсьць разуменьне, як атрымаць доступ да капіталу. Нам усім гэта будзе вельмі важна і карысна.
— Наколькі я разумею, такога раней не было, і кожны ў бізнэсе працаваў сам па сабе?
— На маім вяку не было.
Ці падтрымалі бізнэсоўцы мірную рэвалюцыю
— Ці можна сказаць, што беларускі бізнэс падтрымаў (або не падтрымаў) мірную рэвалюцыю 2020 году? Ці падтрымлівае ён (або не падтрымлівае) дэмакратычныя сілы, былых палітвязьняў, людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе пасьля эміграцыі?
— Пазыцыя бізнэсу што да падтрымкі як падчас выбараў 2020 году, так і пазьней, была неадназначная. Пачынаючы з 2020 году часта сустракаю страх, перажываньне за сваіх супрацоўнікаў, за сваіх блізкіх, за сваіх знаёмых і за сваё жыцьцё, калі чалавек дагэтуль захоўвае жаданьне вяртацца ў Беларусь, аказваць тую ці іншую дапамогу людзям, якія асацыююцца зь небясьпечнымі групамі для рэжыму. У чым гэта праяўляецца? Людзі, якія вядуць бізнэс, ухіляюцца адказваць на першую прапанову аб сустрэчы. Калі яны адказваюць на першае паведамленьне, потым яны спасылаюцца на тое, што ў іх ёсьць родныя ці засталіся супрацоўнікі.
Прыклад кампаніі PandaDoc, калі іх работнікі апынуліся ў зьняволеньні, многіх напалохаў. Таму неахвотна ідуць на кантакт. Я вымушаны канстатаваць, што дагэтуль многія беларусы, якія вядуць свой бізнэс, ня хочуць зьвязвацца з «экстрэмісцкімі арганізацыямі» кшталту Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой. Ня хочуць. Але я ведаю і іншыя супрацьлеглыя прыклады, калі не наўпрост, а апасродкавана беларускі бізнэс дапамагаў і працягвае дапамагаць сёньня, але гэта ня носіць масавага характару.
Ці магчыма, каб беларускіх палітыкаў фінансаваў беларускі бізнэс?
— Наколькі я ведаю, у Абʼяднаным пераходным кабінэце людзі практычна бясплатна працуюць. Няма ў іх заробкаў. Ці магчыма такое, каб беларускіх палітыкаў фінансаваў беларускі бізнэс? Ня дзеля таго, каб яны лабіравалі яго інтарэсы, але каб мець, прынамсі, ад іх пэўную справаздачнасьць?
— Магчыма, але пры дзьвюх умовах. Першая — адсутнасьць страху, другая — інтарэсы бізнэсоўцаў павінны супадаць з інтарэсамі палітыкаў.
— Як бізнэсовец як бы вы сказалі, ці супадаюць цяпер гэтыя інтарэсы?
— Не заўсёды. Беларускі бізнэс не прадстаўлены ў такой масе ў палітычных колах, для таго каб інтарэсы часьцей супадалі.
Знакаміты відэазварот да кіраўніка ПВТ Янчэўскага
— Давайце раскажам вашу гісторыю нашай аўдыторыі. Чым вы займаліся ў Менску, што зрабілі 9–10 жніўня і як гэта зьмяніла ваша жыцьцё? І якім чынам, зьмяніўшы некалькі краінаў, вы апынуліся ў ЗША і сталі пасьпяховым бізнэсоўцам?
— У ноч з 9 на 10 жніўня я вымушаны быў пакінуць тэрыторыю Беларусі з прычыны адсутнасьці інтэрнэту. Калі цэлая кампанія зьнікла і не адказвае сваім кліентам, трэба было прымаць нейкія рашэньні. Пад дамовамі ў маёй кампаніі стаіць мой подпіс, таму мне трэба было сесьці ў аўтамабіль, зьехаць у бліжэйшае замежжа, знайсьці інтэрнэт і патлумачыць, што адбываецца ў маёй краіне. Больш за тое, калі я перасек мяжу з Украінай з маёй жонкай і двума дзецьмі (у мяне іх пяцёра), мы спыніліся ў Кіеве, і я паспрабаваў наладзіць сувязь з маімі кліентамі, патлумачыць, што адбываецца, і паабяцаў быць на сувязі.
Мая кампанія аказвае паслугі ў галіне праектаваньня электронікі, праграмаваньня. Напрыклад, роўтэры, камэры, партатыўная мэдычная электроніка, антэны, розныя прылады для запісу — усе рэчы, якія далучаныя да інтэрнэту і працуюць ад батарэйкі ці ад сілкаваньня. Калі я апынуўся ў Кіеве і папярэдзіў партнэраў аб тым, што адбываецца ў маёй краіне, і паабяцаў быць на сувязі, я разьлічваў на тое, што нейкую колькасьць дзён застануся ва Ўкраіне і буду інфармаваць іх па меры вяртаньня маёй каманды ў онлайн.
Але пачалі паступаць новыя навіны зь Беларусі. І навіны нядобрыя. Ужо на мяжы ў тэлеграм-каналах зьявіліся паведамленьні пра забітых людзей на праспэкце Пушкіна. Зьявілася інфармацыя пра тое, што адзін з маіх супрацоўнікаў быў затрыманы. Тут ува мне ўсё моцна закіпела, і я згадаў апошні званок з ПВТ, калі папярэдзілі мяне і маю кампанію, каб мы не выходзілі на вуліцы гораду і не падтрымлівалі таго, што там адбываецца. Я ў эмацыйным парыве вырашыў запісаць відэазварот, разьмясьціць яго на Linkedin, і там усё пачалося. Я разьлічваў на рэакцыю 500, можа тысячы чалавек. Мой зварот пачаў трапляць у розныя СМІ, і пачалі званіць нават тыя людзі, якія са мной даўно не кантактавалі.
— Гэта быў відэазварот на імя кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Янчэўскага.
— Так. Калі я знайшоў мой відэазварот на Youtube у некаторых СМІ, то ў некаторых выпадках колькасьць праглядаў перавышала мільён. Я зразумеў, што цяпер мне трэба пераканацца, ці змагу я вярнуцца. Пачалі тэлефанаваць сябры, якія сядзяць у высокіх кабінэтах, і казалі, што відэа дайшло да адрасата, і што яго глядзяць таксама кіраўнікі сілавых ведамстваў. Празь некаторы час адбылася перапіска зь сілавіком зь Ленінскага РУУС. Зноў на эмоцыі перайшлі. Я яму ў эмацыйным тоне сказаў, што тое, што яны робяць зь беларусамі, недапушчальна. А ён у эмацыйным тоне сказаў, што па мяне ўжо выехалі і я чацьвёрты ў чарзе. Ён прадыктаваў адрас маёй кватэры, некалькі фактаў з маёй біяграфіі, пацьвердзіўшы тым, што ён ведае пра мяне ўсё. І сказаў, што яны вось-вось са мной разьбяруцца. Пасьля гэтага вяртацца ў Беларусь я не сьпяшаўся. Чытаў навіны ў сеціве, пачакаў, пакуль выйдуць з-за кратаў 11 маіх супрацоўнікаў. Сачыў за навінамі аб затрыманьні маіх былых супрацоўнікаў (да Iomico я кіраваў іншай кампаніяй).
Цягам першага тыдня інтэрнэт не стабілізаваўся. Калі беларусы выходзілі на вуліцы, яго адключалі. Я заставаўся ў Кіеве і разумеў, што ня будзе бясьпечнага вяртаньня. Празь некаторы час мы забралі траіх дзяцей на мяжы Беларусі і Расеі. Мае бацькі дапамаглі дзяцей перавезьці. Мы яшчэ затрымаліся некаторы час у Кіеве, потым пераехалі ў Львоў. Мая жонка — карэнная львавянка. Пажылі ў Львове, дапамаглі яшчэ адной беларускай сямʼі, якая ўцякла зь Беларусі зь мінімальным наборам рэчаў. Яны жылі ў нас некалькі месяцаў, мы дапамагалі ім як маглі. Потым яны пераехалі ў Польшчу, і мы вырашылі пераехаць у Польшчу за імі.
Далей пачалася вайна супраць Украіны. Яе мы сустрэлі ў Варшаве. Раней я вучыўся ў Кіеве, заканчваў Кіеўскую духоўную сэмінарыю. У мяне было шмат сяброў і знаёмых з Украіны, у жонкі таксама. Мы не маглі застацца абыякавымі. Ведаючы, што да мяжы з Украінай 4–5 гадзінаў, мы прыехалі туды і дачакаліся некаторых семʼяў. Кагосьці бралі сабе ў кватэру, кагосьці давозілі да разьмеркавальных пунктаў, потым мой сябра на маю просьбу кагосьці адвозіў у Нямеччыну. У такім рэжыме праходзілі месяцы. Самыя гарачыя былі тыдні, калі ў маёй кватэры знаходзілася каля 30 чалавек.
Часта згадваю той момант, калі ў адным пакоі спалі я, жонка, пяцёра дзяцей і яшчэ двое людзей. Нават туалеты былі занятыя, і даводзілася выбачацца, калі камусьці з гасьцей хацелася скарыстацца імі. Вельмі гарачы час быў.
Летам 2022 году зьявілася акно магчымасьцей для ўкраінцаў, каб прыехаць у ЗША, мы скарысталіся праграмай адпаведнай рэлякацыі (жонка Мікалая — грамадзянка Ўкраіны. — РС). Такім чынам у жніўні мы апынуліся ў ЗША. З 2012 году ў мяне была зарэгістраваная кампанія ў ЗША, таму жыцьцё ў ЗША для мяне было больш знаёмае і зразумелае, чым у Польшчы. Тым больш што па матчынай лініі ў мяне каля 200 родных жыве ў ЗША.
— Што адбывалася ўвесь гэты час з вашым бізнэсам? Ці змаглі вы яго вывезьці ва Ўкраіну, потым у Польшчу і ЗША?
— У сувязі з рэзанансам ад майго звароту ў 2020 годзе мне прыйшлося хутка выйсьці са складу заснавальнікаў, каб не падставіць каманду, якая заставалася ў Беларусі. Нашу каманду мы перавозілі чалавека за чалавекам у Польшчу, мы пасьпяхова ажыцьцявілі гэтую апэрацыю за некалькі гадоў. У кагосьці хутка атрымалася выехаць, у кагосьці не. На бягучы момант кампанія большасьць сваіх супрацоўнікаў разьмяшчае ў Польшчы, таксама ў нас ёсьць супрацоўнікі ў іншых краінах — у Паўднёвай Амэрыцы (Аргентына, Бразылія, Вэнэсуэла).
«Духоўная сэмінарыя зрабіла сурʼёзны ўплыў на мой погляд на бізнэс, на форму кіраваньня бізнэсам, на форму лідэрства»
— Вы казалі, што скончылі духоўную сэмінарыю. Наколькі гэтая адукацыя дапамагае вам у бізнэсе?
— Усё, што тычыцца тэалягічнага, — я яго для сябе называю філязофскай адукацыяй, бо найперш гэта пра лад жыцьця, пра форму жыцьця, пра сутнасьці і неабходнасьці жыцьця. Сэмінарыя зрабіла сурʼёзны ўплыў на мой погляд на бізнэс, на форму кіраваньня бізнэсам, на форму лідэрства. Што мне і дае сёньня асэнсаванае права крытыкаваць тое, які чынам кіруюць Беларусьсю, якім чынам дзяржаўны апарат ставіцца да людзей. Біблія і вучоба ў сэмінарыі далі мне маральныя арыенціры.
— Як вы ацэньваеце сытуацыю ў Беларусі з пункту гледжаньня гэтых маральных арыенціраў, філязофіі? Як доўга гэта можа адбывацца?
— Калі вельмі коратка апісаць, то гэта непавага да свабоды чалавека, да свабоды яго альтэрнатыўнай думкі, непавага да прыватнай уласнасьці чалавека, да яго прыватнага жыцьця. І недапушчальныя мэтады кантролю за жыцьцём як чалавека, так і бізнэсу... Беларуская дзяржава выбудавала сыстэму, якая на кароткай дыстанцыі дае ім адчуваньне кантролю, адчуваньне кіраваньня праз страх, пагрозы, запалохваньня, але на доўгай дыстанцыі такая дзяржава выраджае саму сябе за кошт фундамэнтальна няслушных прынцыпаў кіраваньня.
— Што трэба зрабіць, каб зьявілася рэальнае беларускае лобі ў ЗША, якое будзе ўплываць на прыняцьце рашэньняў, палітычных у тым ліку?
— Мы робім усе намаганьні. Мы вырашылі, што нельга быць сьціплымі і сядзець ціха і выконваць сваю працу. Нам трэба быць публічнымі, трэба быць гучнымі, нам трэба заяўляць пра сваё знаходжаньне за мяжой, заяўляць аб сваіх правах. Мы ж прыносім пэўную карысьць і народу, і эканоміцы. Мы хочам заявіць, што ў нас таксама ёсьць пэўныя чаканьні ад амэрыканскага народу, ад эўрапейскага народу. Таму Асацыяцыя стараецца гучна заяўляць пра тое, што нам неабходна, каб быць пасьпяховымі і інтэгравацца ў гэтае грамадзтва, каб прыносіць яму больш карысьці.
— Працуючы ў ЗША, спрабуючы абʼяднаць беларускіх бізнэсоўцаў, ці думаеце вы, калі і як вы зможаце вярнуцца ў Беларусь і рабіць бізнэс там пры адпаведных умовах?
— Унутры асацыяцыі неаднаразова абмяркоўвалі гэта. Мы прынялі для сябе адназначнае рашэньне. Хуткага вяртаньня ў Беларусь можа і не адбыцца. Але мы абавязаныя працягваць жыць, і жыць пасьпяхова, каб, калі нават не пры нашым пакаленьні, але пры наступным пакаленьні зьявіцца акно магчымасьцей вярнуцца назад, мы не прыехалі з працягнутай рукой у адносінах з Захадам, каб мы прыехалі з назапашаным капіталам адраджаць гэтую краіну.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.