Напрыканцы верасьня беларускія ўлады чарговым разам зьмянілі заканадаўства аб арганізацыі канцэртаў. Цяпер у дзяржаўны рэестар тых, хто можа ладзіць музычныя выступы, уключаць толькі асобаў з трохгадовым досьведам у гэтай сфэры.
Таксама арганізатар мусіць даць згоду на апрацоўку сваіх пэрсанальных дадзеных, прадаставіць выпіску, ці былі ў яго правапарушэньні, копію працоўнай кніжкі са зьвесткамі аб папярэдніх месцах працы і інфармацыю аб тым, якія мерапрыемствы ён арганізоўваў цягам 3 гадоў.
Паводле рэестру юрыдычных асобаў і ІП, якім у Беларусі дазволена ладзіць канцэрты, займацца гэтым цяпер могуць 58 кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў. У асноўным гэта ІП. Раней, да 2020 году, у сьпісе было каля 600 пазыцый.
Хто асноўныя арганізатары канцэртаў
Да 2020 году канцэрты ў Менску ды іншых гарадах Беларусі арганізоўвалі як дзяржаўныя, так і прыватныя кампаніі. Напрыклад, масавыя канцэрты замежных зорак ладзіла «Карпарацыя пацех» і кампанія «All stars». «Карпарацыя пацех», напрыклад, прывозіла Rammstein у Менск у сакавіку 2010 года. Цяпер гэтая фірма існуе пад назвай «Atom Entertainment», і ў адпаведным рэестры яе няма. Яе кіраўнік Андрэй Аляксееў (першае прозьвішча — Бандзюкевіч. — РС) нэгатыўна выказваўся пра пратэстоўцаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Тады ж ён спрабаваў арганізаваць канцэрт з замежнымі артыстамі на пляцоўцы ля Палаца спорту. Аднак беларусы пачалі пісаць патэнцыйным музыкам-удзельнікам, і тыя перадумалі там выступаць, канцэрт адмянілі.
У 2022 годзе кампанія яшчэ займалася арганізацыяй канцэртаў: прывозілі Валерыя Мэладзэ і Дзіяну Арбеніну. Ці працуе гэтае агенцтва цяпер як арганізатар канцэртаў — невядома. Па тэлефонах, указаных у сацыяльных сетках, адказваюць людзі, не зьвязаныя з кампаніяй. Не адкрываецца і сайт кампаніі.
У сьнежні 2022 году гэтая ж каманда пад назвай Unbreakable Concerts у сацсетках і юрыдычнай назвай «Дракон і фенікс» арганізоўвалі ў Менску канцэрт расейскай сьпявачкі Anna Asti.
А сёлета яе канцэрт арганізоўвае ўжо Палац Рэспублікі.
«All stars» у рэестры арганізатараў ёсьць, але ня бачна, каб яны рабілі канцэрты. У асноўным кампанія займаецца арганізацыяй карпаратыўных мерапрыемстваў і вясельляў. Таксама канцэрты рабілі клюбы: «Republic», «Брюгге», «Графіці» ды іншыя. Цяпер там наогул няма музычных выступаў, а ў некаторых выпадках няма і клюбаў. Канцэртную сфэру занялі дзяржаўныя арганізацыі. Напрыклад, 12 лістапада ў залі «Мінск» мае адбыцца выступ беларускага музыкі «ДиДюЛя». Арганізатар — Берасьцейская абласная філярмонія.
11 лістапада, таксама ў канцэртнай залі «Мінск» будзе выступаць расейскі рок-гурт «Воскресенье», арганізатар — Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.
Філіп Кіркораў будзе выступаць у менскім Палацы спорту 11 лістапада, арганізатар — Берасьцейская абласная філярмонія.
2 сьнежня ў залі «Мінск» пройдзе канцэрт Аляксея Гаршанёва — брата лідэра гурту «Король и Шут» Міхаіла Гаршанёва. Аляксей будзе граць іхныя песьні. Арганізатар канцэрту — Берасьцейская абласная філярмонія.
За найбліжэйшыя два месяцы ў афішы мы не знайшлі ніводнага канцэрту, які б арганізоўвалі прыватнікі. Найчасьцей нават у Менску гэта абласныя філярмоніі: Берасьцейская, Гомельская ды іншыя.
«Прывозіць музыкаў можа толькі дзяржава»
Аўтар youtube-канала пра музыку «Міністэрства сепультуры» Аляксандар Чарнуха кажа, што цяпер прывозіць у Менск артыстаў-замежнікаў можа толькі дзяржава.
«Недзяржаўныя ўстановы ня могуць ладзіць канцэрты з удзелам замежных артыстаў. Нават такія арганізацыі, як „Atom Entertainment“, зьніклі з рэестру арганізацый, якія маюць такое права. Там ужо ня проста ляяльныя да ўлады, там проста свае. Дзяржава дала сабе магчымасьць зарабляць і пазбавіцца ад усіх, хто становіць хаця б нейкую небясьпеку для канцэртнага рынку», — кажа Аляксандар Чарнуха.
Уплывае на сытуацыю і тое, што прыватныя кампаніі мусяць плаціць падатак за гастрольныя пасьведчаньні, а дзяржаўныя — не. Таму ім прасьцей і таньней арганізоўваць канцэрты, дадае Аляксандар Чарнуха.
«Сьвята безгустоўнасьці»
На думку суразмоўцы, у канцэртнай сфэры Беларусі, дзе засталіся амаль толькі расейскія і беларускія эстрадныя выканаўцы, усё можа стаць яшчэ горш.
«Дзяржаўныя кампаніі — гэта такое сьвята безгустоўнасьці. Для іх важны толькі ідэалягічны складнік, проста забясьпечыць густы аўдыторыі, якія адпавядаюць іхным густам. У гэтай сфэры ў дзяржаўных арганізацыях няшмат маладых людзей і людзей з досьведам эстэтычнага ўспрыняцьця рэальнасьці. Для іх мастацтва — гэта нешта зразумелае, там Кіркораў як зорка, якая была даўно ў тэлевізіі, ці нейкі шансон. А сталыя спажыўцы шансону — гэта сілавы апарат Беларусі. А да яго ў Беларусі ўлады ставяцца асабліва пяшчотна», — кажа Чарнуха.