Партал «Зеркало» палічыў, колькі трэба заплаціць у выпадку перавышэньня бязмытнага ліміту.
- Бязмытная столь па лімітах на ўвоз тавараў з-за мяжы праз наземныя межы цяпер складае 1000 эўра і 31 кіляграм. З кастрычніка гэтыя ліміты хочуць зьнізіць да 500 эўра і 25 кіляграмаў.
Калі перавысіць ліміты, то трэба будзе заплаціць мыта ў памеры 30% ад кошту, але ня менш як 4 эўра за 1 кіляграм перавышэньня. Што да правозу цыгарэт, то як цяпер, так і ў красавіку ліміт — 200 цыгарэт, або 50 цыгар, або 250 г тытуню (або гэтыя тавары ў асартымэнце агульнай вагой ня больш за 250 грамаў на аднаго паўналетняга). Абмежаваньні па алькаголі — 3 літры на аднаго паўналетняга.
Журналісты палічылі, што калі паспрабаваць увезьці новую пральную машыну LG коштам 1120 эўра і вагой 65,15 кг, то за перавышэньне лімітаў давядзецца заплаціць 482,1 рубля. Мыта могуць узяць або зь перавышэньня вагі, або кошту — гледзячы якая сума акажацца большай. У гэтым выпадку залічаць перавышэньне па вазе. Да гэтай сумы трэба дадаць мытны збор у 10 рублёў.
Пасьля зьніжэньня бязмытных лімітаў гэтая сума вырасьце.
Якія ліміты на пасылкі і колькі трэба заплаціць за іх перавышэньне
Бязмытныя ліміты на пасылкі з-за мяжы цяпер — 1000 эўра і 31 кіляграм на адну бандэроль. З кастрычніка іх скароцяць да 200 эўра і 31 кіляграма за адно адпраўленьне.
За перавышэньне лімітаў трэба заплаціць 15% ад кошту, але ня менш як 2 эўра за 1 кг вагі. Збор бяруць зь перавышэньня, а не з усяго кошту.
Напрыклад, калі заказаць пасылку коштам 1200 эўра і вагой 5 кг, то мытных пошлін і падаткаў трэба будзе заплаціць 103,68 рубля.