Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Беларусі з трыбуны ААН паскардзіўся на санкцыі і абвінаваціў Захад у вайне «да апошняга ўкраінца»


Максім Рыжанкоў падчас выступу на 79-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН
Максім Рыжанкоў падчас выступу на 79-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН

«Галоўным інтарэсам» Захаду зьяўляецца «захаваньне дамінаваньня на плянэце», — заявіў міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, выступаючы на 79-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН.

Паводле яго, «калі якая-небудзь дзяржава адважыцца праводзіць палітыку ў інтарэсах свайго народу або паспрабуе скінуць ярмо вонкавага кіраваньня сваімі рэсурсамі», то Захадам «да адступніка ўжываецца ўвесь набор незаконных санкцыяў і ціску».

Кіраўнік МЗС заявіў, што вайна ва Ўкраіне патрэбная Захаду «ва ўгоду транснацыянальнаму капіталу», а заходнія краіны зацікаўленыя, каб «Украіна ваявала сёньня да апошняга ўкраінца».

«І калі б усе, як суседняя Беларусь, разумелі, што насамрэч адбываецца ў зоне канфлікту і сапраўды хацелі б спыніць крывавае супрацьстаяньне двух братніх народаў, то даўно б Украіна была з Расеяй не на полі бою, а за сталом мірных перамоваў», — адзначыў Рыжанкоў.

Сярод іншага з трыбуны ААН кіраўнік МЗС Беларусі заявіў:

«10 гадоў таму Менск стаў месцам дзейсных перамоваў па вырашэнні канфлікту ва Ўкраіне. Мы і зараз прапануем свае міратворчыя намаганьні, бо лепш за ўсіх ведаем і разумеем расейцаў і ўкраінцаў».

Крытыка ад Латушкі

Намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), Павал Латушка у сваім youtube-канале пракамэнтаваў заявы міністра замежных справаў Беларусі пра Ўкраіну:

«Такое ўражаньне, што ў беларускай дыпляматыі зьявіўся свой Рыбэнтроп — Рыжанкоў».

Беларускі апазыцыйны палітык адрэагавал і на заявы Рыжанкова аб «незаконных санкцыях», якім была прысьвечана значная частка ягонага выступу.

Так, санкцыі, сьцьвярджае Рыжанкоў, «груба парушаюць цэлыя разьдзелы міжнароднага права і Статуту ААН», «незаконна запавольваюць устойлівае разьвіцьцё, падрываюць харчовую і энэргетычную бясьпеку, абмяжоўваюць доступ да сусьветных рынкаў, парушаюць права на свабоду перамяшчэньня».

«Дарэчы, на апошні пакет незаконных санкцый Беларусь адказала адкрытасьцю і ў аднабаковым парадку скасавала візавы рэжым для грамадзян усіх краін ЭЗ...», — сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства.

Ён заклікаў ААН «сказаць сваё прынцыповае слова аб непрымальнасці аднабаковых захадаў».

Латушка на гэтыя заявы адрэагаваў так:

«Рыжанкоў, вядома, згадвае пра санкцыі, але тэрміналёгія „несправядлівыя, неабгрунтаваныя санкцыі“ — гэта што? Гэта значыць, можна забіваць, гвалціць, катаваць людзей у турмах, даводзіць іх да сьмерці без аказаньня мэдыцынскай дапамогі, масава выганяць беларусаў з краіны, называць і абражаць іх рознымі словамі, фактычна ствараючы катэгорыі падобных асобаў — гэта нармальна? Гэта адпавядае Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якую, напэўна, ведае кожны беларускі дыплямат? І не выключаю, а нават упэўнены, што пра гэта ведае і міністар замежных справаў „рыбэнтроп“ Рыжанкоў», — сказаў Латушка.

Ці было вітаньне ад Гутэрыша Лукашэнку?

Пазьней у МЗС Беларусі таксама паведамілі, што Гэнэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш перадаў Лукашэнку «самыя цёплыя пажаданьні».

У паведамленьні замежнапалітычнага ведамства гаворыцца, што бакі «закранулі пытаньні актуальнага міжнароднага парадку дня», абмеркаваўшы ў ліку іншага тэму «глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі».

На сайце ААН паведамляецца толькі пра факт сустрэчы Гутэрыша і Рыжанкова. Падрабязнасьцяў пра перадачу пажаданьняў не прыводзіцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG