Ізраіль раніцай 30 верасьня нанёс удар па цэнтральным раёне лібанскай сталіцы Бэйрут.
Як паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на крыніцу ў лібанскіх службах бясьпекі, ізраільскі бесьпілётнік атакаваў кватэру ў шматпавярховым жылым доме, які належыць удзельнікам суніцкай групоўкі «Аль-Джамаа Аль-Ісламія», зьвязанай з «Хэзбалой», якую ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй, тады як Эўразьвяз прызнаў такой толькі яе ваенізаванае крыло, але не палітычную партыю.
На кадрах зь месца падзей можна пабачыць разбураны адзін з паверхаў дому. Пасьля ўдару там пачаўся пажар.
Паводле крыніцы AFP, у выніку атакі загінулі чатыры асобы, 16 чалавек пацярпелі.
Пазьней у арганізацыі «Народны фронт вызваленьня Палестыны» (НФВП) заявілі, што ў выніку ўдару па Бэйруце загінулі тры яе лідэры. Паводле зьвестак AFP, сярод загінулых — кіраўнік службы бясьпекі НФВП Мухамад Абдэль-Ааль.
У Арміі абароны Ізраілю пакуль не камэнтавалі гэтых паведамленьняў.
Гэта першы ўдар па цэнтры лібанскай сталіцы з моманту цяперашняй эскаляцыі канфлікту на Блізкім Усходзе, які пачаўся амаль год таму пасьля маштабнага нападу на Ізраіль з боку прызнанай ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС. Раней ізраільскія вайскоўцы атакавалі пераважна паўднёвыя ваколіцы Бэйруту, дзе знаходзяцца аб’екты «Хэзбалы».
У ноч на 30 верасьня ЦАХАЛ паведаміла, што яе баявая авіяцыя нанесла сэрыі ўдараў па аб’ектах «Хэзбалы» на ўсходзе і поўдні Лібану. Як сьцвярджаюць у арміі Ізраілю, у выніку ўдараў пашкоджаныя ракетныя сыстэмы і склады з боепрыпасамі.
Новым кіраўніком «Хэзбалы» стаў стрыечны брат загінулага Насралы
Як паведаміла выданьне Al-Arabia, новым генэральным сакратаром «Хэзбалы» замест загінулага 27 верасьня Хасана Насралы выбралі Сафі ад-Дына, ягонага стрыечнага брата і зяця колішняга камандуючага іранскімі сіламі Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Касэма Сулеймані.
Яго лічылі найбольш імаверным пераемнікам Насралы. Раней ён быў кіраўніком выканаўчай рады «Хэзбалы» і яго намесьнікам.
Паводле крыніц выданьняў Al-Arabia і Al-Hadath, выбары новага лідэра адбыліся 29 верасьня на радзе арганізацыі.
- За апошнія 10 дзён Ізраіль нанёс шэсць удараў па кантраляваных «Хэзбалой» паўднёвых кварталах Бэйруту, вядомых як Даахія, у выніку якіх загінулі прынамсі тры высокапастаўленыя вайсковыя камандзіры «Хэзбалы».
- Атака 27 верасьня была значна больш магутнай: у часе некалькіх выбухаў дрыжалі шыбы па ўсім горадзе, нагадваючы аб ізраільскіх авіяўдарах падчас вайны ў 2006 годзе.
- Удары нанесьлі неўзабаве пасьля таго, як прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу ў сваёй прамове ў ААН паабяцаў працягваць атакі на баевікоў у Лібане, якіх падтрымлівае Іран, калі страцілі надзею на спыненьне агню, што магло б перадухіліць паўсюдную рэгіянальную вайну.
- Агенцтва Reuters назвала гэтую атаку самай магутнай за год канфлікту з «Хэзбалой». Крыніцы службы бясьпекі ў Лібане пацьвердзілі, што ў выніку ўдару пацярпеў раён, у якім звычайна знаходзяцца найвышэйшыя асобы «Хэзбалы».
Форум