Вечарам у пятніцу 27 верасьня ў блогу польскага судзьдзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь, зьявіліся дзіўныя запісы на польскай і расейскай мовах. Увагу на публікацыі зьвярнуў партал reform. news.
«Яны заб’юць мяне за гэта», — гаварылася ў адной з публікацыяў. Мяркуючы па адказах, блог у сетцы X вядзе сам Шмыт.
Спачатку Шмыт апублікаваў спасылку на песьню нямецкага мэтал-гурту Erdling «Mein Element» і падпісаў: «Люблю іх».
Потым былы судзьдзя дадаў: «Гэтыя ідыёты зь Беларусі ніколі гэтага не зразумеюць. Цяпер я разьвітваюся з Таўмі (магчыма, „вамі“)».
Затым пасты Шмыта прынялі малазразумелы характар. Ён напісаў: «Яны заб’юць мяне за гэта». Адзін з чытачоў удакладніў у яго, ці п’яны ён. «Ня ў гэтай тэме», — адказаў былы судзьдзя.
Яшчэ адзін чытач спытаў пад тым жа допісам, навошта Шмыт піша дурасьці. «Гэта проста праўда. Мне напляваць на дамоўленасьці», — адказаў Шмыт. Чытач паспрабаваў супакоіць яго: «Мне таксама, але мы ня можам бязь іх жыць. Разумею моманты сумневаў, але заўтра будзе лепш». На што Шмыт груба адказаў фразай, якую можна перакласьці так: «Выкінулі расейца». На ўдакладненьні Шмыт больш не адказваў.
Адзначыўся ён і ў іншых камэнтарах пад сваімі допісамі:
«Пляваць на гэта. Я яшчэ магу ім разбурыць гэтую дзяржаву».
«Мае за мной. Цяпер ім проста хана)».
«Работаю братья».
У камэнтарах карыстальнікі сеткі X бурна адрэагавалі на дзіўныя выказваньні зьбеглага польскага судзьдзі. Вось некаторыя з адказаў:
«У Польшчы нікога не перасьледуюць за тое, што ён слухае нямецкія гурты».
«Мядовы месяц скончыўся?😂»
«Да пабачэньня, таварыш».
«Калі ласка, перадайце ад мяне прывітаньне Эмілю Чэчку, калі сустрэнецеся ў Валгале».
- Былога польскага судзьдзю Томаша Шмыта, які папрасіў прытулку ў Беларусі, на радзіме вінавацяць у шпіянажы. Шмыт аб’яўлены ў вышук, у дачыненьні да яго заведзеная крымінальная справа.
- Шмыт уцёк у Беларусь 6 траўня і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
- Акруговы суд у Варшаве выдаў эўрапейскі ордэр на арышт падазраванага ў шпіянажы Томаша Шмыта, паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы.
- Варшаўскі акруговы суд выдаў ордэр 6 чэрвеня. У сярэдзіне траўня пракуратура Польшчы пачала шукаць былога судзьдзю Томаша Шмыта з ордэрам на арышт.
- У чэрвені 2024 год Шмыт уладкаваўся на працу журналістам у БелТА. Цяпер ён вядзе гутаркі на youtube-канале дзяржаўнага беларускага агенцтва. Ён робіць інтэрвію для праекта «У тэме».
Форум