Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белпошта» страціла 4,6 млн рублёў за год празь ліміт у 22 эўра на пасылкі з-за мяжы


«Белпошта» яшчэ год таму прапаноўвала вярнуць ліміт на пасылкі з-за мяжы да 200 эўра на месяц. Цяпер наракае, што зазнала празь ліміт у 22 эўра вялікія страты — магчыма, большыя за суму, атрыманую з падаткаў.

Праз ўвядзеньне лімітаў на пасылкі з-за мяжы страты даходаў РУП «Белпошта» у 2017 годзе склалі 4,6 млн рублёў, паведамілі прадстаўнікі «Белпошты» на сустрэчы зь першым віцэ-прэм’ерам ураду Беларусі Аляксандрам Турчынам 11 верасьня.

Колькі за гэты час у бюджэт паступіла грошай за перавышэньне лімітаў, не ўдакладняецца. Але за 2016 год за перавышэньне беларусы заплацілі толькі 2,4 млн рублёў, амаль удвая меней за страты «Белпошты» ў 2017-м.

У красавіку 2016 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога за пасылкі з таварамі, даражэйшымі за 22 эўра і цяжэйшымі за 10 кг, трэба плаціць дадатковы мытны збор. Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч тады заявіў, што пасылкі з таварамі з-за мяжы, якія заказваюць праз інтэрнэт-крамы, «абвалілі» беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасьці.

Калі ліміт перавышаны, адрасат мусіць заплаціць 30% ад сумы перавышэньня (але ня менш за 4 эўра за кг), а таксама мытны збор 5 эўра. Да гэтага ў Беларусі ліміт на пасылкі для асабістага карыстаньня складаў 200 эўра і 31 кіляграм на месяц.

За перавышэньне лімітаў на пасылкі з-за мяжы беларусы ў 2016 годзе заплацілі ў дзяржбюджэт 2,4 мільёна рублёў. Пры гэтым кошт 1% пасылак, якія фізычныя асобы атрымалі з-за мяжы, перавысіў ліміт у 22 эўра.

У чэрвені 2017 году «Белпошта» прапаноўвала вярнуць ліміт на пасылкі з-за мяжы да 200 эўра ў месяц, матывуючы гэта стратамі ў даходах. Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю заявіла, што ня супраць павышэньня лімітаў, і дзяржаўныя органы на чале з Мытным камітэтам пачалі абмяркоўваць магчымыя зьмены ва ўказ № 40 (павелічэньне кошту пасылак да 200 эўра і вагі да 31 кіляграму на месяц у сукупнасьці), але канкрэтных захадаў дасюль зроблена не было.

У канцы 2017 году ў рамках ЭАЭС зацьвердзілі канцэпцыю паэтапнага зьніжэньня мытных лімітаў, у тым ліку на тавары, якія дастаўляюць з-за мяжы з дапамогай міжнародных паштовых адпраўленьняў або перавозчыкам. У прыватнасьці, на працягу трох гадоў у краінах ЭАЭС павінны прыняць адзіныя ліміты максымальнага кошту і вагі пасылак з-за мяжы. Так, Расея і Казахстан зьнізяць свае ліміты з 1000 эўра да 200, а Беларусь можа павысіць з 22 да 200 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG