Сьцісла:
- Пуцінская вайна ва Ўкраіне ці ня першая ў найноўшай расейскай гісторыі, калі патэнцыйных салдатаў завабліваюць пэрспэктывай разбагацець, а маладых прызыўнікоў абяцаюць ня гнаць на фронт.
- Зарабіць столькі, колькі на вайне ва Ўкраіне, сярэднестатыстычны расейскі грамадзянін (калі ён не чыноўнік і ня мае ўплывовых сувязяў) ня можа нідзе. Асабліва гэта датычыць дэпрэсіўных рэгіёнаў, нацыянальных ускраін, расейскай «глыбінкі», дзе заробак памерам 30-40 тысяч рублёў (100 расейскіх рублёў ≈ 3,46 беларускага) — звыклая справа.
- Калі б у вайну было ўцягнута ўсё расейскае грамадзтва і калі б у краіне адбылася маштабная масавая мабілізацыя, Пуцін сутыкнуўся б са значнымі рызыкамі грамадзкіх пратэстаў. Два з паловай гады для вялікай няўдалай вайны — крытычны тэрмін.
- Сёньняшняя Беларусь намаганьнямі Лукашэнкі фактычна знаходзіцца ў такім жа, як і Расея, рэжыме пуцінскай вайны: палітычныя рэпрэсіі, панаваньне страху ў грамадзтве, жорсткая цэнзура. З той толькі розьніцай, што на ўласных ляндскнэхтаў у Лукашэнкі няма грошай.
Вялікая вайна ва Ўкраіне цягнецца ўжо 2 гады і 7 месяцаў. Колькасьць ахвяраў з расейскага боку вымяраецца некалькімі сотнямі тысяч; ніякіх прыкметных перамог з боку агрэсара апошнім часам не дасягнута і не прадбачыцца. Тым ня менш колькі-небудзь прыкметных антываенных пратэстаў у Расеі не назіраецца. Ды і крытычнай стомленасьці ці масавага раздражненьня ад няўдалай вайны і палітыкі ўладаў сацыёлягі ў расейскім грамадзтве не фіксуюць. Чаму? Якім чынам гэтага ўдалося дамагчыся рэжыму Пуціна?
Тры вайны ў жыцьці Пуціна
У расейскай (і савецкай) гісторыі рэдкае дзесяцігодзьдзе абыходзілася без таго, каб Масква з кім-небудзь не ваявала. Калі не вялікая вайна, то лякальны канфлікт, узброенае адстойваньне геапалітычных інтарэсаў імпэрыі дзе-небудзь на іншым кантынэнце — абавязковы атрыбут замежнай палітыкі Масквы. Але дагэтуль асноўны цяжар такіх войнаў і канфліктаў клаўся пераважна на плечы салдатаў-прызыўнікоў, рэкрутаў, якіх гналі на вайну, не пытаючыся іхнай згоды і практычна ня плацячы за ўдзел у баявых дзеяньнях. Пуцінская вайна ва Ўкраіне ці ня першая ў найноўшай расейскай гісторыі, на якую патэнцыйных салдатаў завабліваюць пэрспэктывай разбагацець, а маладых прызыўнікоў абяцаюць ня гнаць на фронт (што праўда, не заўсёды гэтыя абяцаньні выконваюць).
На долю таго пакаленьня, да якога належаць Пуцін і Лукашэнка, прыпалі тры значныя вайны: савецка-афганская ў 1979–1989 гадах і дзьве чачэнскія ў другой палове 90-х. Усе тры істотна адбіліся на лёсе краіны, так ці інакш закранулі біяграфіі тагачасных палітыкаў. За афганскай вайной малады супрацоўнік КДБ Пуцін назіраў, пэўна, пераважна з дыстанцыі, са свайго кабінэта ў Дрэздэне. А вось да чачэнскіх войнаў 90-х, у прыватнасьці да другой чачэнскай, прыклаў непасрэдна руку, асабліва на заключным яе этапе, калі ўжо займаў высокія дзяржаўныя пасады ў Маскве. І з усіх трох гэтых войнаў, відавочна, зрабіў важныя высновы, якія непасрэдна адбіліся на тым, як адбываецца вайна цяперашняя, разьвязаная ім самім.
«Абмежаваны кантынгент» і «інтэрнацыянальны абавязак»
Вайна ў Афганістане для шараговага савецкага чалавека была на першым часе чымсьці далёкім і малазразумелым. Гэта была сьвядома выбраная тактыка камуністычнага рэжыму: замоўчваць падзеі, абмяжоўвацца сьціслымі няўцямнымі паведамленьнямі. З кароткіх заметак у савецкіх газэтах і невялікіх сюжэтаў тэлевізіі можна было даведацца хіба тое, што «абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў доблесна выконвае свой інтэрнацыянальны абавязак».
Хаваць праўду станавілася значна цяжэй, калі вайна зацягнулася: на радзіму пачалі прыходзіць цынкавыя труны, на вуліцах сталі зьяўляцца маладыя інваліды з баявымі мэдалямі на грудзях. Сярод журналістаў на той час было нямала тых, хто спрабавалі данесьці праўду пра тое, што адбывалася, хоць бы зрабіўшы інтэрвію з удзельнікамі вайны. Але магчымасьці для гэтага былі абмежаваныя. Любая публікацыя на такую тэму зазнавала папярэднюю ваенную цэнзуру. Фармальна цэнзар павінен быў сачыць толькі за тым, каб не былі выдадзеныя якія-небудзь армейскія таямніцы. Але ў рэчаіснасьці пад нож цэнзуры траплялі любыя выказваньні, якія хоць крыху сьведчылі пра няўдачы савецкіх вайскоўцаў, пра пакуты мірнага насельніцтва, пра рэальнае стаўленьне да гэтай вайны з боку сем’яў, чыіх сыноў і братоў прымусова паслалі ў Афганістан.
Ажно да 1987 году цынкавыя труны загінулых у Афганістане хавалі ў паўтаямніцы. На надмагільных помніках забаранялася ўказваць, што салдат загінуў на афганскай вайне. На паседжаньні Палітбюро ЦК КПСС 30 ліпеня 1981 году нават абмяркоўвалася гэтае пытаньне. Галоўны камуністычны ідэоляг Міхаіл Суслаў на тым сходзе засьцерагаў:
«...Калі зараз мы будзем увекавечваць памяць, будзем пра гэта пісаць на надмагільлях (а на некаторых могілках такіх пахаваньняў будзе некалькі), то з палітычнага пункту гледжаньня гэта не зусім правільна».
Зразумела, што савецкі таталітарны рэжым на той момант заставаўся яшчэ моцным: ніякія адкрытыя масавыя антываенныя выступленьні былі немагчымыя. Супраць вайны адважваліся выступаць хіба што савецкія дысыдэнты. Менавіта за публічныя антываенныя выказваньні на пачатку 1980 году з Масквы выслалі акадэміка Сахарава. Але тое, што ў грамадзтве шырылася глухое незадавальненьне, было відавочна ўсім. Бадай, найбольш абурала тое, што ў полымя вайны кідалі зусім маладых хлопцаў — 18-20-гадовых, фактычна яшчэ дзяцей. Пры гэтым ні за цяжкую небясьпечную службу, ні за раненьні, ні нават за гібель ні яны, ні іхныя сем’і не атрымлівалі ад дзяржавы амаль ніякай больш-менш значнай грашовай кампэнсацыі. Асабліва цынічным выглядала тое, што нават годнае ўшанаваньне іх памяці на нейкім этапе дзяржава лічыла «немэтазгодным». Гэтым вострым адчуваньнем крыўды, трагізму і несправядлівасьці такой вайны была прасякнутая грамадзкая атмасфэра ў позьнім СССР.
У канцы 80-х, калі дзякуючы палітыцы Гарбачова шырока адкрыліся шлюзы галоснасьці, усе гэтыя недасказанасьці, абвінавачаньні і крыўды сталі гучаць на поўную моц. Што ў выніку нямала паспрыяла таму, што ў 1989 годзе непапулярная вайна была хутка згорнутая, а савецкія войскі пасьпешліва і бясслаўна пакінулі Афганістан.
Чачэнская праўда
Абедзьве чачэнскія вайны, якія Расея вяла ў сярэдзіне і ў канцы 90-х гадоў, былі ў сэнсе цэнзурных абмежаваньняў і антываеннага руху поўнай супрацьлегласьцю вайне афганскай. Расея на той час перажывала кароткі пэрыяд мала чым абмежаванай свабоды слова. І гэта вырашальным чынам адбілася на асьвятленьні чачэнскіх падзеяў у расейскіх СМІ і на магчымасьці грамадзтва выказваць сваё стаўленьне да іх. Баявыя дзеяньні ў Чачэніі асьвятляліся нон-стоп, часта ў жывым эфіры. У рэгіёне працавала мноства журналістаў розных выданьняў. Ваенныя злачынствы, масавыя забойствы палонных альбо мірных жыхароў, захопы закладнікаў — пра ўсё гэта імгненна станавілася вядома са СМІ. Грамадзкая думка ўнутры Расеі, добра інфармаваная такім чынам, часта станавілася на бок Чачэніі, якая спрабавала абараніць сваю незалежнасьць. У Маскве адбываліся масавыя антываенныя мітынгі. З актыўнай антываеннай пазыцыяй выступаў «Дэмакратычны выбар Расеі» на чале зь Ягорам Гайдарам. Спыніць вайну актыўна спрабавалі многія лібэральна настроеныя дэпутаты Дзярждумы і праваабаронцы на чале з упаўнаважаным у правах чалавека ў Расеі Сяргеем Кавалёвым.
Усё гэта ўжо тады выклікала вялізную незадаволенасьць з боку генэралаў, «дзяржаўнікаў», спэцслужбаў. Гэта паўплывала нават на паводзіны Ельцына, які ў сваім вядомым тэлезвароце 27 сьнежня 1994 году абвінаваціў расейскіх журналістаў у тым, што іхнымі рукамі чачэнскія лідэры спрабуюць раскалоць цэнтральныя ўлады і грамадзкую думку: «Мне вядома, што не без удзелу чачэнскіх грошай функцыянуе шэраг сродкаў масавай інфармацыі Расеі. Я павінен шчыра пра гэта сказаць». Тады гэта выклікала вялікае абурэньне сярод журналісцкай супольнасьці. Праўда, ні да якой цэнзуры ці абмежаваньняў дэмакратычных заваёў пры Ельцыну справа не дайшла. Хоць Сяргея Кавалёва з пасады ўпаўнаважанага ў правах чалавека ў Расеі ў сакавіку 1995 году Дзярждума ўрэшце адхіліла — менавіта за ягоную антываенную пазыцыю.
Усіх, хто замінае вайне і бескантрольнасьці вайскоўцаў, у Расеі па-сапраўднаму прыціснуць (вынішчаць, рэпрэсуюць, выціснуць з краіны) праз 30 гадоў. І досьвед сярэдзіны 90-х у гэтай справе выканае не апошнюю ролю.
«Загінуў? Затое колькі грошай зарабіў на вайне!»
Зарабіць столькі, колькі на вайне ва Ўкраіне, сярэднестатыстычны расейскі грамадзянін (калі ён не чыноўнік і ня мае ўплывовых сувязяў) ня можа нідзе. Асабліва гэта датычыць дэпрэсіўных рэгіёнаў, нацыянальных ускраін, расейскай «глыбінкі», дзе заробак памерам 30-40 тысяч рублёў — звыклая справа. Некалькі красамоўных лічбаў. Толькі падпісаўшы гадавы кантракт, патэнцыйны расейскі салдат атрымлівае ў якасьці разавай выплаты ад 1 да 2 мільёнаў рублёў (сума адрозьніваецца ў залежнасьці ад рэгіёну: у Маскве гэта 1 мільён 900 тысяч, у Татарстане — 1 мільён 700 тысяч, у Санкт-Пецярбургу — 1 мільён 800 тысяч). За першы год службы (калі ўдасца ацалець на фронце) франтавік-масквіч у якасьці толькі аднаразовых выплат атрымлівае 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў. А да гэта ж яшчэ — штомесячны заробак ад 200 да 300 тысяч рублёў, у залежнасьці ад вайсковай спэцыяльнасьці.
Калі вайсковец атрымаў раненьне на фронце, то можа атрымаць 3 мільёны рублёў (а страхавая кампанія можа дадаць яшчэ 2,5 мільёна, асабліва калі раненьне цяжкое і прывяло да калецтва). А калі кантрактнік загінуў, то сям’і належыць выплата ў памеры 5 мільёнаў рублёў. У многіх рэгіёнах гэтыя сумы выглядаюць астранамічнымі: такіх грошай людзі не трымалі ў руках ніколі ў жыцьці.
Што адметна: гэтыя лічбы ў сёньняшняй Расеі, нягледзячы на жорсткую ваенную цэнзуру, ні для кога не сакрэт: іх актыўна рэклямуюць усімі магчымымі спосабамі. Вядома, галоўная мэта — прыцягнуць на вайну як мага больш тых, хто гатовы рызыкнуць дзеля «доўгага рубля». (Зарабіць 100 тысяч рублёў можна, нават толькі прывёўшы на пункт адбору кантрактніка). Але яўна ёсьць і іншая мэта, якая не афішуецца. Фантастычныя заробкі франтавікоў выклікаюць у рэшты грамадзтва зусім пэўныя эмоцыі. Для вельмі і вельмі многіх яны — прадмет зайздрасьці. Лёгіка прыблізна такая: «Загінуў на вайне? Але ж ён ведаў, на што йшоў. Затое як сваю сям’ю забясьпечыў!». А там, дзе зайздрасьць і хцівасьць, рэдка знаходзіцца месца спагадзе, спачуваньню і салідарнасьці. Гэтымі вялізнымі (па расейскіх мерках) выплатамі рэжым, па сутнасьці, значна зьніжае рызыку пратэстаў у краіне.
Колькі плацілі савецкім салдатам у Афганістане
Калісьці, у 70-80-я гады, амаль кожнае пахаваньне 18-20-гадовага хлопчыка-прызыўніка, цела якога прывезьлі ў цынкавай труне з Афганістану, выклікала лявіну людзкой спагады, спачуваньня, сьлёз. Усё гэта спалучалася з шэрагам зусім зразумелых пытаньняў і прэтэнзій да дзяржавы. Чаму на вайну забіраюць прызыўнікоў, учорашніх школьнікаў, без усялякага вайсковага і жыцьцёвага досьведу? І чаму, несучы такую сьмяротна небясьпечную службу, яны не атрымліваюць за яе ніякай больш-менш вартай аплаты?
Фармальна «денежное довольствие» салдатам і сяржантам у Афганістане належала, але што гэта былі за грошы? Паводле ўспамінаў колішніх «афганцаў», за месяц плацілі ад 9 да 12 рублёў чэкамі «Зьнешпасылгандлю» (такія чэкі — сурагат валюты, якім можна было разьлічыцца ў «валютных» савецкіх крамах «Берёзка»). Грошы мізэрныя, якіх хапала хіба што на некалькі шакалядак ды на тубік зубной пасты. Зрэшты, часта так здаралася, што і гэтыя маленькія грошы ў маладых салдатаў бессаромна адбіралі «дзяды».
Паранены салдат ці сяржант мог разлічваць на грашовую кампенсацыю ў памеры максымум 200-300 рублёў, у залежнасці ад колькасьці і характару раненьняў. «Куркі» (тыя, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях і чыё жыцьцё было зьвязана са штодзённай рызыкай) і «сьпяцы» (інструктары КДБ і ГРУ) атрымлівалі ў межах 100 рублёў. Больш за ўсё чэкавай валюты круцілася ў асяродзьдзі афіцэраў, кадэбістаў. У 1981 годзе малодшыя афіцэры за поўны месяц у Афганістане атрымлівалі каля 180 чэкаў, старэйшыя — 250. З «Афгану» яны ў вялікай колькасьці вывозілі імпартную аўдыё- і відэатэхніку, дываны, імпартнае адзеньне — усё, што ў СССР было ў вялізным дэфіцыце і на перапродажы чаго можна было добра зарабіць. Зрэшты, нават тыя афіцэрскія заробкі «афганцаў» на тле сёньняшніх заробкаў ляндскнэхтаў пуцінскай вайны ва Ўкраіне выглядаюць мізэрнымі і жабрацкімі.
Ілюзія нармальнасьці
Калі б у вайну было ўцягнута ўсё расейскае грамадзтва, калі б у краіне адбылася маштабная масавая мабілізацыя, Пуцін сутыкнуўся б зь вялікімі рызыкамі. Два з паловай гады для вялікай няўдалай вайны — крытычны тэрмін. Згадайма досьвед Першай сусьветнай. Два гады і сем месяцаў з часу ўцягваньня ў яе Расеі — гэта люты 1917 году: вялізная стомленасьць ад вайны і ў грамадзтве, і ў арміі, рост антываенных і рэвалюцыйных настрояў. А як вынік — манархія дажывала апошнія тыдні, краіна стаяла на парозе Лютаўскай рэвалюцыі і наступных вялізных узрушэньняў, якія ўрэшце зьнішчылі імпэрыю і перакулілі ўсё дзяржаўнае ўладкаваньне ў Расеі. Гэта якраз тое, чаго больш за ўсё баіцца сёньня Пуцін.
Таму такая боязь маштабнай мабілізацыі, спробы абысьціся ўсё новымі наборамі наймітаў, абяцаньні ім усё вышэйшых заробкаў. А адначасова — жорсткія палітычныя рэпрэсіі супраць хоць якога іншадумства і агрэсіўная прапаганда. Галоўная задача — стварыць і падтрымліваць ілюзію, што вайна недзе далёка, што вашы сем’і яна не зачэпіць, што ваяваць будуць толькі адмысловыя вайскоўцы, «нашы цуда-волаты», якім плацяць за гэта вялізныя грошы. І ўсё гэта пры жорсткім унутраным рэжыме: ніякіх антываенных рухаў, ніякіх публічных альтэрнатыўных пунктаў гледжаньня.
Сёньняшняя Беларусь намаганьнямі Лукашэнкі фактычна знаходзіцца ў такім жа рэжыме пуцінскай вайны: палітычныя рэпрэсіі, панаваньне страху ў грамадзтве, жорсткая цэнзура. З той толькі розьніцай, што на ўласных ляндскнэхтаў у Лукашэнкі няма грошай: хапае хіба што на шчодрае фінансаваньне карнага апарату, які стаіць на варце ягонай аднаасобнай улады.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум