Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы стаміліся ад вашай вайны». Калі надыходзіць момант, пасьля якога ваяваць больш немагчыма


Антонію Салазар, Сьвятлана Ціханоўская, Уладзімір Зяленскі, Шарль дэ Голь, каляж
Антонію Салазар, Сьвятлана Ціханоўская, Уладзімір Зяленскі, Шарль дэ Голь, каляж

Войны заканчваюцца тады, калі ад іх стамляюцца і зьнясільваюцца. Прычым стамляюцца ўсе, хто так ці інакш удзельнічае ў канфлікце: і тыя, хто распачаў агрэсію, і тыя, хто абараняецца, і тыя, хто дапамагае тым і другім.

Імпэрскія (і асабліва каляніяльныя) войны часта заканчваліся не таму, што імпэрыя ня здольная была дамагчыся перамогі або ў яе вычэрпваліся сілы, а таму, што ў пэўны момант і ў грамадзтве, і ў дзяржаве, і сярод вайскоўцаў з абодвух бакоў фронту надыходзіла непераадольная стомленасьць ад вайны. Здавалася, што нейкая таемная нябачная батарэя сілкаваньня, якая на працягу многіх гадоў падмацоўвала і рухала сілы вайны, у адно імгненьне раптам разрадзілася. Як і чаму так адбываецца?

Хутчэй бы гэта скончылася

Пра стомленасьць і імкненьне хутчэй скончыць узброенае супрацьстаяньне ва Ўкраіне ўсё часьцей гавораць многія на Захадзе, дзе, адрозна ад Расеі і Беларусі, можна адкрыта выказваць розныя пункты гледжаньня на тэму вайны. Гэтыя размовы — адлюстраваньне зьменлівых грамадзкіх настрояў.

Здавалася, гэта было зусім нядаўна: люты і сакавік 2022 года — усёабдымная масавая падтрымка ўкраінцаў, прэзыдэнта Зяленскага, справядлівай барацьбы ўкраінскага грамадзтва супраць расейскай агрэсіі. З энтузіязмам і самаахвярнасьцю. Масавае валянтэрства, гарачыя абеды для ўсіх, хто перасякае ўкраінскую мяжу ў заходнім кірунку, украінскія сьцягі на будынках, вулічных ліхтарах і ў вокнах кватэр, гатовасьць дапамагаць кожнаму, хто пакажа ўкраінскі пашпарт.

Эвакуацыя дзяцей з зоны баёў на Данбасе. 2022
Эвакуацыя дзяцей з зоны баёў на Данбасе. 2022

... І вось усё гэта спакваля амаль зьнікла. Зьніклі ня толькі сьцягі, валянтэры і лёзунгі. У сацсетках у краінах, якія прымалі мільёны ўкраінскіх уцекачоў, усё больш глухога раздражненьня. Тым, што сярод гэтых уцекачоў чамусьці ўсё больш мужчын прызыўнога ўзросту, якім выезд з радзімы нібыта забаронены; што наплыў украінцаў прывёў да рэзкага росту цэнаў на нерухомасьць; што многія з тых, што прыехалі, патрабуюць для сябе льготаў і грашовых дапамог, а паводзяцца не заўсёды так, як належала б у гасьцях. І што тая вялізная грашовая і вайсковая дапамога кладзецца цяжарам на мясцовыя бюджэты, адбіваецца на інфляцыі, даходах, а ўрэшце — на дабрабыце. І гэтую грамадзкую думку ва ўмовах дэмакратыі немагчыма ня ўлічваць: яна адразу ж адбіваецца на палітыках і палітыцы.

Гэта не азначае, што Ўкраіну не падтрымліваюць. Але ад вайны многія яўна стаміліся. Амаль кансэнсусная выснова: добра было б яе як-небудзь хутчэй скончыць.

У Расеі: калі зьнікаюць літары «Z»

У Расеі таксама ўсё хутка мяняецца. Спакваля зьнікаюць літары «Z» з фасадаў будынкаў і за шыбамі прыватных аўтамабіляў. Прылівы вялікадзяржаўнага шавінізму схлынулі нават сярод самых заўзятых z-патрыётаў. Глухое раздражненьне і абыякавасьць адчуваюцца ў грамадзтве — паралельна з тым, як абясцэньваецца расейскі рубель, краіна закрываецца ад сьвету і ўсё глыбей апускаецца ў прыцемкі таталітарызму.

Падпалены ваенкамат у Расеі. Кемерава, лістапад 2022
Падпалены ваенкамат у Расеі. Кемерава, лістапад 2022

Рэжым Пуціна яўна загадзя рыхтаваўся да вайны і з гістарычнага досьведу ведаў пра небясьпекі, якія могуць напаткаць яго ў выпадку, калі ў публічнай прасторы застануцца сілы, здольныя пратэставаць альбо гаварыць праўду пра вайну. Таму і ў Расеі, і ў Беларусі задоўга да 24 лютага 2022 года былі зробленыя адпаведныя захады: разгром апазыцыі, жорсткая цэнзура, арышт альбо выцісканьне за мяжу палітычных апанэнтаў. Цяжка ўявіць, што ў сёньняшніх беларускіх альбо расейскіх гарадах нехта адважыўся б на антываенны пікет: за плякацік «Не — вайне!» пагражае шматгадовае турэмнае зьняволеньне. З другога боку, каб папярэдзіць і залагодзіць магчымыя антываенныя настроі, Крэмль выкарыстаў тактыку, якую раней ні ў Расейскай імпэрыі, ні ў СССР не выкарыстоўвалі. Размова пра шчодрую па расейскіх мерках аплату ўсім, хто пад прымусам ці добраахвотна пагодзіцца ісьці на фронт. На першым часе гэта досыць эфэктыўна дзейнічала. Але спакваля на тле адсутнасьці колькі-небудзь значных перамог на фронце стомленасьць і расчараваньне ўсё роўна пачалі адчувацца.

Прызыў у расейскае войска ў анэксаваным Расеяй Крыме. Севастопаль, сьнежань 2022
Прызыў у расейскае войска ў анэксаваным Расеяй Крыме. Севастопаль, сьнежань 2022

Чэргаў з добраахвотнікаў на прызыўных пунктах не было і раней. Цяпер набіраць кантрактнікаў на вайну даводзіцца шляхам абавязковых разнарадак для ўсіх рэгіёнаў. Рэжым Пуціна асьцерагаецца абвяшчаць усеагульную мабілізацыю, але да яе практычна ўсё гатова.

Ва Ўкраіне: прывід зацяжной вайны

Асэнсаваньне таго, што хуткай і аглушальнай перамогі ня будзе, прыходзіць цяжка і марудна.

Згуртаванасьць грамадзтва вакол Зяленскага супраць агульнага ворага, уласьцівая для першых тыдняў вайны, спакваля зьмяншаецца, як і колішняя негалосная забарона на крытыку прэзыдэнта і ягонага атачэньня. Раптам выяўляецца, што ня ўсе ўкраінцы цярпяць страты ад гэтай вайны. Хтосьці невядома якім чынам, замест таго каб атрымаць позву і накіравацца на фронт, апынуўся на Захадзе; хтосьці ўвогуле зарабляе на гэтым немалыя грошы; хтосьці сумняваецца ў тым, што вайны нельга было пазьбегнуць.

Настройваліся на кароткі спрынт, а выяўляецца, трэба бегчы доўгі і зьнясільвальны маратон.

У часе баёў на Запарожжы, 19 жніўня 2023
У часе баёў на Запарожжы, 19 жніўня 2023

Праява стомленасьці — гэта і яўнае раздражненьне і папрокі афіцыйнага Кіева ў адрас Захаду: маўляў, марудзіце з пастаўкамі зброі і тэхнікі, абяцалі, а не выконваеце; як тут прарваць фронт, калі няма абяцаных самалётаў... І адначасова балюча ўспрымаць папрокі з боку саюзьнікаў у адказ — пра недастатковыя праявы ўдзячнасьці Кіева за тое, што ўжо было з боку заходніх краін зроблена (пастаўлена, аплачана, пракрэдытавана). Там, на Захадзе, таксама стаміліся...

Нядаўнія недвухсэнсоўныя намёкі Зяленскага ў адрас Ціханоўскай і беларускіх апазыцыянэраў пра тое, што ім у справе супрацьстаяньня з рэжымам Лукашэнкі ня варта спадзявацца на ўкраінскія войскі, — з гэтага ж шэрагу. Па сутнасьці, гэта сыгнал стомленага Зяленскага стомленаму вайной украінскаму грамадзтву: мы яшчэ і за беларусаў ваяваць не зьбіраемся, нам бы сваю вайну закончыць.

Вайна за Альжыр: прызнаць непазьбежнасьць паразы

Расея ня першая і не апошняя імпэрская дзяржава, якая спрабуе гвалтам вярнуць пад крыло колішнія імпэрскія правінцыі, што захацелі незалежнасьці. Як тут не згадаць фантомныя болі Францускай імпэрыі, якая ў пакутах памірала на рубяжы 50-60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Адпускаць на волю Альжыр Парыжу было асабліва крыўдна: адрозна ад многіх іншых каляніяльных валоданьняў, ён нават паводле заканадаўства лічыўся не калёніяй, а неад’емнай часткай Францыі. У Альжыры жыло каля мільёна каляністаў-французаў. Многія ў Францыі не ўяўлялі будучыні сваёй краіны без Альжыру, а таму вайна за яго ўтрыманьне ў сваім складзе была для іх чымсьці натуральным: вайной за тэрытарыяльную цэласнасьць радзімы. Цікавая дэталь: на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў, усю другую палову ХХ стагодзьдзя, у Францыі было забаронена называць альжырскія падзеі вайной — толькі «аднаўленьнем грамадзкага парадку». Забарона была зьнятая толькі ў 1999 годзе. (Як тут не згадаць прыдуманы ў Крамлі тэрмін «спэцыяльная ваенная апэрацыя» і забарона на слова «вайна» ў дачыненьні да цяперашняй агрэсіі ва Ўкраіне).

Шарль дэ Голь, 1940
Шарль дэ Голь, 1940

Вайна цягнулася восем гадоў. Францыі давялося прайсьці праз паласу найцяжэйшых унутрыпалітычных крызісаў: падзеньне Чацьвёртай рэспублікі, два вайсковыя путчы, стварэньне і дзейнасьць ультранацыялістычнай арганізацыі OAS, якая спрабавала з дапамогай тэрору спыніць працэс прызнаньня незалежнасьці Альжыру. Спатрэбілася вяртаньне да ўлады на хвалі альжырскага крызісу жорсткага і аўтарытэтнага нацыянальнага лідэра Шарля дэ Голя, каб урэшце спыніць вайну, ад якой усе стаміліся, і прызнаць відавочнае і непазьбежнае: Альжыр давядзецца адпусьціць.

Што адметна: паводле стану на канец 1959 года, альжырскія паўстанцы стаялі на мяжы паразы: яны страцілі забітымі каля паловы свайго каманднага складу, былі зьнішчаны камандуючыя ўсімі вайсковымі акругамі. Здавалася, да поўнага задушэньня альжырскіх камбатантаў адзін крок. І тут раптам вайна нібы выдыхаецца. Улетку 1961-га ваяваць ужо ня хочуць ні адны, ні другія. Дэ Голь насуперак зацятаму супраціву (і нават тэрарыстычным атакам і спробам замаху) з боку праварадыкалаў і ўльтрапатрыётаў пагаджаецца на незалежнасьць Альжыру. У сваіх пазьнейшых мэмуарах ён напіша:

«Многія кіраўнікі рэжыму ўсьведамлялі, што праблема патрабуе кардынальнага рашэньня... Але прыняць жорсткія рашэньні было вышэй за іхныя сілы. Рэжым абмяжоўваўся тым, што з дапамогай салдатаў, зброі і грошай падтрымліваў супрацьстаяньне, якое лютавала па ўсёй тэрыторыі Альжыру і ўздоўж межаў. Матэрыяльна гэта каштавала вельмі дорага, бо даводзілася трымаць там узброеныя сілы колькасьцю 500 тысяч чалавек. Гэта абыходзілася дорага і з пункту гледжаньня замежнапалітычнага, бо ўвесь сьвет асуджаў безвыходную драму. Што ж датычыцца, нарэшце, аўтарытэту дзяржавы, гэта было літаральна разбуральна».

Сёньня прыблізна тое ж можна было б напісаць і пра становішча пуцінскай Расеі, якая вядзе ўласную вайну за захаваньне імпэрыі. З той розьніцай, што ў Расеі няма свайго дэ Голя, які б здолеў гэта асэнсаваць і прызнаць непазьбежнасьць паразы.

Партугалія: калі абрыдлі і вайна, і дыктатура

Партугалія даўжэй за іншыя эўрапейскія каляніяльныя дзяржавы не жадала адпускаць на волю свае калёніі (і тут напрошваюцца празрыстыя аналёгіі з пуцінскай Расеяй). Згадайма пачатак 70-х. Даўно мінуў «Год Афрыкі». Вялікая Брытанія і Францыя ўжо дзесяць гадоў як зьмірыліся з непазьбежнай стратай сваіх колішніх афрыканскіх калёній, якія сталі незалежнымі дзяржавамі. А Партугалія з 1961 года вядзе бясконцыя зьнясільваючыя каляніяльныя войны (пераважна ў Анголе і Мазамбіку). Дыктатар Антонію Салазар, які на той час ужо больш як 35 гадоў пры ўладзе, упарта не жадае даваць свабоду паднявольным народам. Вайна дорага абыходзіцца краіне. Заняпад эканомікі, масавая эміграцыя (моладзь ратуецца ад прымусовага прызыву ў войска і накіраваньня на фронт), падзеньне міжнароднага прэстыжу краіны... Праўда, Салазар з прычыны хвароб і старэчай нямогласьці з 1968 года ўжо ня мог кіраваць дзяржавай. У выніку вострай закуліснай барацьбы кіроўных кланаў знайшлася кампрамісная фігура на пасаду прэм’ер-міністра — Марселу Каэтану. Прызначэньне абстаўлялася шэрагам умоў, галоўная зь якіх — працяг вайны ў Афрыцы дзеля захаваньня каляніяльнай імпэрыі.

Антонію Салазар
Антонію Салазар

Тое, як Партугалія паступова пазбаўлялася ад дыктатарскага рэжыму, магчыма, падказвае будучы шлях, які чакае наперадзе і Расею, і Беларусь. Каэтану працягваў вайну і захоўваў пераемнасьць з рэжымам Салазара, але адначасова спрабаваў лібэралізаваць краіну, палепшыць адносіны з краінамі ЭЭС. Пры ім трохі аслабла цэнзура, скараціліся палітычныя рэпрэсіі, атрымалі магчымасьць вярнуцца на радзіму многія палітэмігранты...

Але ўрэшце ён не задавальняў ні лібэралаў (якія лічылі яго непасьлядоўным і нерашучым), ні прыхільнікаў дыктатуры, якія бачылі ў такой палітыцы аслабленьне дзяржавы і пагрозу каляніяльнай імпэрыі.

Урэшце на тле вайны, ад бясплённасьці і жорсткасьці якой усе стаміліся, у красавіку 1974-га ў Партугаліі ўспыхвае Рэвалюцыя гвазьдзікоў, галоўнай рухальнай сілай якой быў Рух капітанаў — вайскова-палітычная арганізацыя ў асяродзьдзі афіцэрскага корпусу, які нёс асноўны цяжар каляніяльных войнаў.

Высланы ў выгнаньне Каэтану лічыў бунт вайскоўцаў нацыянальнай катастрофай. Асабліва палохала яго дэкалянізацыя, якая, як ён думаў, пазбаўляла Партугалію неабходных матэрыяльных рэсурсаў і асуджала на страту сувэрэнітэту.

Насамрэч партугальцы на той момант стаміліся і ад вайны, і ад дыктатуры, і проста хацелі вяртаньня на тую дарогу, якой ішлі ўсе іхныя эўрапейскія суседзі. Марсэлу Каэтану, які ціха дажываў свой век у Бразыліі, яшчэ пры жыцьці меў магчымасьць пераканацца ў гэтым. Каляніяльная імпэрыя распалася, Ангола і Мазамбік сталі незалежнымі, але новай дэмакратычнай Партугаліі гэта ўрэшце пайшло толькі на карысьць.

Непераадольная стомленасьць ад вайны

Калі ў жніўні 1914 года Расея, апанаваная імпэрскім чадам, уступала ў Першую сусьветную вайну, на вуліцы Санкт-Пецярбурга падтрымаць Мікалая ІІ выходзілі шматтысячныя натоўпы пад мілітарысцкімі лёзунгамі. У адзіным парыве станавіліся на калені, сьпявалі «Боже, царя храни!», запісваліся добраахвотнікамі на фронт і кляліся дайсьці да Басфора і захапіць Канстантынопаль.

Расстрэл дэманстрацыі ў Петраградзе, ліпень 1917
Расстрэл дэманстрацыі ў Петраградзе, ліпень 1917

Праз два з паловай года, у лютым 1917-га, гэтыя ж людзі (толькі ўжо апранутыя ў шэрыя салдацкія шынялі, раззлаваныя абрыдлай безвыніковай вайной, прымусовай мабілізацыяй, сядзеньнем у акопах і адсутнасьцю хлеба) выйшлі на вуліцы таго ж Санкт-Пецярбургу, пракліналі цара і ягоных міністраў, грамілі склады і крамы і ўрэшце зрынулі самадзяржаўны рэжым. А неўзабаве пасьля гэтага распалася і ўся імпэрыя. Што адметна: за некалькі месяцаў да таго, як Антанта атрымала перамогу ў Першай сусьветнай.

Ніводная імпэрыя не існавала вечна, а ўсе спробы аднавіць былую веліч заўсёды былі асуджаныя на няўдачу. Нягледзячы на гэтую даўно вядомую ісьціну, шматкроць пацьверджаную чалавецтвам, чужы досьвед нікога нічому ня вучыць, а новыя валадары, асьлепленыя прагай застацца ў гісторыі вялікімі зьбіральнікамі колішніх уладаньняў, зноў і зноў спрабуюць павярнуць назад кола гісторыі.

І ўсё ж, калі сёньня пільна ўгледзецца ў няясную засмужаную будучыню, за цемрай і беспрасьветнасьцю цяперашняй рэчаіснасьці можна разгледзець сьціплыя пробліскі хуткага канца гэтай бессэнсоўнай вайны. Стомленасьць, раздражненьне, расчараваньне, адчуваньне безвыходнасьці і марнасьці ўсіх намаганьняў — гэта і ёсьць дакладная прыкмета таго, што неўзабаве ўсё гэта скончыцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG