Расейскія войскі ў ноч на 30 жніўня і раніцай ажыцьцявілі найбольшую зь вясны атаку на Кіеў і Кіеўскую вобласьць, а ў Расеі як мінімум у двух гарадах спынялі паветраны рух.
У Кіеве загінулі два чалавекі
Атака расейцаў на Кіеў і Кіеўскую вобласьць была камбінаванай: спачатку запусьцілі дроны, а потым — крылатыя ракеты. Ракетныя ўдары наносілі з Касьпійскага мора і Саратаўскай вобласьці — Расея падняла ў паветра 11 баявых самалётаў Ту-95мс, а бесьпілётнікамі — з Курску і Краснадарскага краю.
У Кіеве абломкі зьбітых ракет упалі на гандлёвы цэнтар і адзін з адміністрацыйных будынкаў. У Кіеўскай вобласьці пашкодзілі як мінімум 17 прыватных будынкаў.
У Кіеве загінулі два чалавекі і яшчэ траіх шпіталізавалі з траўмамі і раненьнямі, а ў вобласьці трое цывільных атрымалі раненьні.
У Жытомірскай вобласьці расейцы дронамі атакавалі адзін з аб’ектаў інфраструктуры. Як паведамілі абласныя ўлады, абломкі зьбітых бесьпілётнікаў часткова пашкодзілі інфраструктурны аб’ект і чыгуначныя шляхі. Ахвяр і пацярпелых няма. Выратавальнікі хутка зьліквідавалі пажары, якія пачыналіся на месцы падзеньня абломкаў дронаў.
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея атакавала Ўкраіну 28 ракетамі Х-101/Х-555/Х-55 і 16 дронамі, зь іх сродкі супрацьпаветранай абароны не змаглі зьбіць толькі адзін дрон.
У другой палавіне дня 30 жніўня ў Міністэрстве абароны Расеі назвалі ўсе пашкоджаныя ва Ўкраіне аб'екты «пунктамі кіраваньня і выведкі Ўзброеных сіл Украіны», па якіх расейскія вайскоўцы нанесьлі «групавы ўдар высокадакладнай зброяй». Паводле Мінабароны, усе аб'екты атрымалі пашкоджаньні.
У Маскве спынялі рух цывільнай авіяцыі, а ў Пскове гарэлі самалёты
Міністэрства абароны Расеі і рэгіянальныя ўлады паведамілі, што супрацьпаветраная абарона працавала адразу ў некалькіх расейскіх гарадах — Маскве, Разані, Пскове, Калузе і Бранску.
У выніку з чатырох аэрапортаў сталіцы Расеі вымушаны былі перанакіраваць на іншыя аэрапорты 11 цывільных авіярэйсаў.
У Бранску дрон пацэліў у будынак Сьледчага камітэту, пашкоджаны дах і шыбы. Яшчэ адзін дрон, як паведамілі мясцовыя ўлады, накіроўваўся на тэлевежу, але яго нібыта зьбілі.
У Пскоўскім аэрапорце праз атаку дронамі скасавалі шэсьць авіярэйсаў. Улады пераконваюць, што «ўсе аб’екты паветранага транспарту, які забясьпечваюць рух, працуюць у штатным рэжыме». Ахвяр і пацярпелых няма. Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі паведаміла, што ў аэрапорце загарэліся транспартныя самалёты Іл-76.
Пазьней сьпікер Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў паведаміў, што цалкам зьнішчаныя 4 і пашкоджаны яшчэ неккалькі транспартных самалётаў, якія знаходзіліся ў пскоўскім аэрапорце.
Сродкі расейскай СПА працавалі таксама ў Разані, Калускай вобласьці і ў Севастопалі. Але пра наступствы атакі дронаў у гэтых рэгіёнах пакуль нічога не паведамляюць.
Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі, заявіў, што Ўладзіміру Пуціну паведаміліа аб выніках атакі дронамі па расейскіх гарадах. Ён дадаў, што «спэцыяльная ваенная апэрацыя» таму і будзе працягвацца, каб спыніць такія атакі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.