Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даражу ўзаемаразуменьнем паміж намі». Пуцін павіншаваў Лукашэнку з днём нараджэньня


Аляксандар Лукашэнка, 2022
Аляксандар Лукашэнка, 2022

Аляксандру Лукашэнку споўнілася 69 гадоў. Пуцін летась сустрэў свой 70-гадовы юбілей.

У віншавальнай тэлеграме, якую апублікавала прэс-служба Крамля, Пуцін зазначыў, што на працягу многіх гадоў Лукашэнка «нястомна працуе на карысьць брацкага народу Беларусі», праводзіць «пасьлядоўную лінію на ўсебаковае разьвіцьцё дружалюбных сувязяў» паміж Расеяй і Беларусьсю.

«Шчыра даражу ўзаемаразуменьнем, якое ўсталявалася паміж намі. Упэўнены, што сумеснымі намаганьнямі мы зможам пераадолець любыя цяжкасьці і забясьпечыць далейшае нарошчваньне шматплянавага расейска-беларускага супрацоўніцтва, у тым ліку ў фармаце саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў віншавальнай тэлеграме.

Пра іншыя тэлеграмы Лукашэнку ад кіраўнікоў замежных дзяржаў пакуль не паведамляецца.

На сайце Аляксандра Лукашэнкі напісана, што ён нарадзіўся 30 жніўня 1954 году ў г.п. Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласьці. Але паводле іншых зьвестак, ягоны дзень народзінаў 31 жніўня.

Блытаніна з днём нараджэньня Лукашэнкі пачалася пасьля таго, як у публічнай прасторы пачаў рэгулярна зьяўляцца яго малодшы сын Мікалай. Ён нарадзіўся 31 жніўня, і старэйшы Лукашэнка, дзень нараджэньня якога адзначаўся 30 жніўня, пачаў сьвяткаваць яго таксама 31-га.

«Вы ж разумееце, што я таксама чалавек, у мяне ёсьць дзеці, асабліва малодшы Міколенька, у якім я душы ня чую, — расказваў Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Праханаву ў 2010 годзе. — Яму сёньня пяць гадоў, а мне ўжо пяцьдзясят пяць. Нарадзіліся мы зь ім у адзін дзень, 31 жніўня».

Пры гэтым у пашпартных зьвестках Лукашэнкі датай нараджэньня пазначана ўсё ж 30 жніўня, а не 31-га. Гэта пацьвярджаюць і зьлівы «Кібэрпартызанаў», якія сьцьвярджаюць, што атрымалі доступ да пашпартных зьвестак усіх грамадзян Беларусі, і ў якасьці доказу гэтага апублікавалі скрыны пашпарта самога Лукашэнкі.

  • Лукашэнка трымае ўладу ў Беларусі з 1994 году, калі яго выбралі на першых выбарах прэзыдэнта Беларусі.
  • Толькі гэтыя выбары лічыліся дэмакратычнымі, астатнія выбарчыя кампаніі, якія прайшлі з таго часу, не прызнаваліся свабоднымі і справядлівымі, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, заходнімі санкцыямі, крызісам легітымнасьці ўлады.
  • Найбольш масавыя рэпрэсіі пачаліся з 2020 году, калі падчас разгону пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта загінулі людзі, дзясяткі тысяч прайшлі праз арышты, некалькі соцень тысяч эмігравалі зь Беларусі, былі закрытыя недзяржаўныя арганізацыі, партыі, прафсаюзы і незалежныя СМІ.
  • Каля паўтары тысячы чалавек дагэтуль знаходзяцца ў турмах Беларусі з палітычных матываў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG