Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пагражае, што «ў выпадку агрэсіі Беларусь імгненна ўжыве ядзерную зброю». Што яшчэ ён нагаварыў прарасейскай прапагандыстцы


Аляксандар Лукашэнка і Дзіяна Панчанка
Аляксандар Лукашэнка і Дзіяна Панчанка

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію ўкраінскай журналістцы, прарасейскай прапагандыстцы Дзіяне Панчанцы.

Пагражаў ядзернай зброяй

Лукашэнка адзначыў, што не спаборнічае з Польшчай, Літвой, Латвіяй: «За імі NATO стаіць. Мы разумеем, што сілы несувымерныя, але мы нанясём па іх непрымальны ўдар, яны атрымаюць непрымальныя страты».

Чарговы раз Лукашэнка падкрэсьліў, што ядзерная зброя, якая знаходзіцца ў Беларусі, ня будзе ўжытая, калі супраць яе не будзе ўчыненая агрэсія.

Ён прызнаў, што Беларусь «можна захапіць за месяц», таму на выпадак нападу «адказ будзе імгненным» адпаведна пляну, які ёсьць на гэты выпадак. Паводле слоў Лукашэнкі, стрымальным фактарам зьяўляецца стратэгічная ядзерная зброя, а не тактычная, якая ёсьць у Беларусі.

Адказваючы на пытаньне, ці не выключае ён ужываньне ядзернай зброі супраць Украіны, Лукашэнка сказаў: «Калі яна зробіць агрэсію супраць нас. У нас ёсьць сёе-тое, акрамя ядзернай зброі. Мы ня будзем вас папярэджваць, што калі вы пяройдзеце чырвоныя лініі, мы па цэнтрах прыняцьця рашэньняў нанясём удар. Гэта будзе зроблена без папярэджаньня. Вы нас не чапайце. Мы вас не чапаем, і вы нас не чапайце», — заклікаў Лукашэнка, адзначыўшы, што яго развагі тычацца менш за ўсё Ўкраіны, а больш — «вар’ятаў на Захадзе, якія рыхтуюцца».

На думку Лукашэнкі, «вайна NATO з Расеяй і Беларусьсю — гэта сусьветная вайна з ужываньнем ядзернай зброі». «Проста так не абыдзецца, як ва Ўкраіне, таму гэтага трэба пазьбегнуць. Захад ня хоча ядзернай вайны, таму што выжыць нікому ня ўдасца. Расея першая краіна ў сьвеце ў запасах ядзерных боегаловак, прыкладна столькі ж ёсьць і ў ЗША. Уцягнутыя будуць усе. Горача будзе. Ніхто ня хоча паміраць, усе хочуць жыць хаця б так, як жывём, і спадзявацца на лепшае. Я ня бачу абгрунтаваньня, што гэтая вайна магчымая», — сказаў ён Панчанцы.

У сярэдзіне чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка заявілі, што частка тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) ужо дастаўленая на беларускую тэрыторыю.

1 жніўня Лукашэнка назваў наяўнасьць на беларускай тэрыторыі ТЯЗ і АЭС фактарамі бясьпекі. «На ядзерную краіну яшчэ ніколі ніхто не нападаў. У нас атамная станцыя — гэта, я вам павінен сказаць, вельмі моцны фактар бясьпекі: калі рване, крый Божа, то мала ня здасца, і там (на Захадзе. — BPN) у тым ліку», — растлумачыў ён.

Паводле Лукашэнкі, больш за палову ТЯЗ, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне.

Расказаў, як прыкрываў Пуціна

У інтэрвію Панчанцы Лукашэнка заявіў, што ня ведаў загадзя аб расейскім уварваньні ва Ўкраіну 24 лютага 2022 года, аднак за некалькі дзён да таго расейскі прэзыдэнт папрасіў яго «прыкрыць у выпадку чаго».

Лукашэнка сказаў: «Я вам клянуся, што ў нас не было размовы аб тым, што Расея будзе ўчыняць нейкія дзеяньні супраць Украіны». Пры гэтым, паводле Лукашэнкі, за некалькі дзён да ўварваньня яны сустракаліся з Пуціным, і той сказаў яму: «Слухай, Саша, ты ведаеш, такая сытуацыя, калі, крый Божа, што здарыцца, ну, мы саюзьнікі... Ну, усякае можа быць. Ты прыкрый мяне, калі ласка». Лукашэнка мяркуе, што Пуцін «баяўся ўдару ў сьпіну з Захаду».

Раней Лукашэнка казаў, што Пуцін папярэдзіў яго аб уварваньні за некалькі гадзінаў да яго, у ноч на 24 лютага. Лукашэнка прызнаў, што расейскія вайскоўцы ўварваліся на тэрыторыю Ўкраіны ў тым ліку зь Беларусі. Ён таксама прызнаў, што Менск дапамагае Расеі ў вайне, але заявіў, што беларускае войска ня будзе ў ёй удзельнічаць, калі не будзе нападу Ўкраіны на саму Беларусь.

Лукашэнка таксама выказаў думку, што Пуцін не звар’яцеў і што ў яго няма «імпэрскіх замашак», хоць памер дзяржавы і «накладвае адбітак на характар чалавека».

Паводле Лукашэнкі, пасьля мяцяжу ПВК «Вагнэр» Пуцін стаў толькі мацнейшым — як ён выказаўся, «гэта ўжо Пуцін у квадраце». Ён таксама заявіў, што наступным прэзыдэнтам Расеі зноў стане Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG