Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МАГАТЭ праверыла Чарнобыльскую АЭС на незаяўленыя ядзерныя матэрыялы


Чарнобыльская АЭС, архіўнае фота
Чарнобыльская АЭС, архіўнае фота

Інспэкцыя праходзіла ў межах выкананьня Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі.

Інспэктары Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) наведалі Чарнобыльскую АЭС і шэраг іншых прадпрыемстваў у зоне адчужэньня, каб пераканацца ў адсутнасьці незаяўленых ядзерных матэрыялаў і праверыць інфармацыю аб канструкцыі ядзернай устаноўкі.

Як паведаміла Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны, інспэкцыя праходзіла ў межах выкананьня Дагавору аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі.

«Заўваг з боку інспэктараў не было», — адзначаецца ў паведамленьні Дзяржінспэкцыі.

Інспэктары МАГАТЭ рэгулярна працуюць на ўсіх украінскіх АЭС (Ровенскай, Хмяльніцкай і Паўднёваўкраінскай). Зь верасьня 2022 году яны знаходзяцца і на станцыі ў Запарожжы, тэрыторыю якой акупавалі расейскія вайскоўцы.

Чарнобыльская АЭС толькі ў жніўні 2022 году змагла аднавіць перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва — празь пяць месяцаў пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў.

Чарнобыльская АЭС — месца найбуйнейшай катастрофы ў гісторыі атамнай энэргетыкі, якая адбылася ў 1986 годзе. Цяпер яна не выпрацоўвае электраэнэргіі, але там знаходзяцца спэцыялісты, каб кантраляваць сыстэмы закансэрваванай станцыі.

Украінская кампанія «Енергоатом» заяўляла, што расейскія войскі будавалі фартыфікацыйныя збудаваньні ў так званым Рудым лесе (самай забруджанай тэрыторыі Чарнобылю) і атрымалі значныя дозы апраменьваньня. У Мінабароны РФ гэтай інфармацыі не камэнтавалі.

Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны расьсьледуе крымінальную справу па факце захопу расейскімі войскамі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, які разглядаюць як акт ядзернага тэрарызму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG