Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЭС аднавіла перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва пасьля дэакупацыі ад расейскіх войскаў


ЧАЭС, архіўнае фота
ЧАЭС, архіўнае фота

Чарнобыльская атамная электрастанцыя ўпершыню пасьля сыходу расейскага войска перадала на пахаваньне перапрацаваныя радыяактыўныя адкіды.

«Мы правялі праверку функцыянальнага стану ўсяго абсталяваньня, якое задзейнічана ў тэхналягічным працэсе — фармаваньне ўпаковак для адкідаў, падрыхтоўка да адпраўкі і адпраўка на пахаваньне. Для аднаўленьня практычных навыкаў увесь наш пэрсанал, які ўдзельнічае ў перапрацоўцы адходаў, прайшоў трэнінг», — паведаміў намесьнік кіраўніка цэху перапрацоўкі радыяактыўных адкідаў Ільля Шумкоў.

На афіцыйным сайце Чарнобыльскай АЭС паведамляецца, што трэнаваньне апошняй зьмены завяршылася 14 жніўня.

Расейскія войскі занялі Чарнобыльскую АЭС, разьмешчаную на поўнач ад Кіева, у першы ж дзень уварваньня на тэрыторыю Ўкраіны, 24 лютага.

Акопы, якія расейскія войскі вырылі ля ЧАЭС, красавік 2022
Акопы, якія расейскія войскі вырылі ля ЧАЭС, красавік 2022

Чарнобыльская АЭС – месца найбуйнейшай у гісторыі атамнай энэргетыкі катастрофы, якая адбылася ў 1986 годзе. Цяпер яна не выпрацоўвае электраэнэргію, але там знаходзяцца спэцыялісты, каб кантраляваць сыстэмы закансэрваванай станцыі.

Украінская кампанія «Енергоатом» заяўляла, што расейскія войскі будавалі фартыфікацыйныя збудаваньні ў так званым Рудым лесе (самай забруджанай тэрыторыі Чарнобылю) і атрымалі значныя дозы апраменьваньня. У Мінабароны РФ гэтую інфармацыю не камэнтавалі.

Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны расьсьледуе крымінальную справу паводле факту захопу расейскімі войскамі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, які разглядаюць як акт ядзернага тэрарызму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG