Фонд «Вільна Білорусь», зарэгістраваны ва Ўкраіне, паведаміў аб вяртаньні беларускага актывіста і валянтэра Валянціна Цішко, якога ў пачатку траўня ўкраінскія ўлады дэпартавалі ў Польшчу.
«У нас атрымалася вярнуць назад ва Ўкраіну беларуса, якога нядаўна памылкова выправілі ў Польшчу. Цяпер працуем над пытаньнем яго легалізацыі», — паведаміў фонд у сваім тэлеграм-канале.
Трэцяга траўня стала вядома, што Валянціна Цішко вязуць са Львова ў кірунку мяжы з Польшчай. Празь нейкі час Цішко пацьвердзіў «Медиазоне», што ўжо знаходзіцца ў Польшчы — яго дэпартавалі.
Актывіст расказаў, што раніцай 3 траўня яго выклікалі «пагутарыць» у аддзел міграцыйнай службы Ўкраіны і «ўручылі пратакол аб тым, што ён нелегал».
«Паставілі штамп у пашпарт, што ў мяне 5 дзён, каб выехаць у любую іншую краіну. З 8 да гадзіны дня мяне пратрымалі. У гадзіну дня ў іх усё памянялася і ні пра якія 5 дзён размова не ідзе. Мяне ў суправаджэньні траіх супрацоўнікаў прывезьлі дадому, далі 10 хвілін сабраць рэчы першай неабходнасьці», — расказаў беларус.
Па словах беларуса, на статус уцекача ён падаваўся двойчы: у сьнежні 2021 году і месяц таму, аднак да ўчорашняга дня рашэньня не было.
Валянцін Цішко нарадзіўся ў Маладэчне. У Беларусі ён быў раённым каардынатарам руху «За свабоду».