Пра тое, што яго вывезьлі «трое супрацоўнікаў калёніі ў форме і некалькі чалавек у цывільным», за некалькі гадзін перад тым паведаміў са спасылкай на свае крыніцы «Белсат».
«Паводле нашай інфармацыі, Віктар Бабарыка ўсё яшчэ знаходзіцца ў бальніцы гораду Наваполацку», — паведаміла прэс-служба палітыка.
Паплечнікі Бабарыкі са спасылкай на наваполацкіх лекараў адзначылі, што «было праведзена абсьледаваньне [палітвязьня], зь ягоных лёгкіх адводзяць вадкасьць».
«Стан Віктара ацэньваецца як сярэдняй цяжкасьці. Ён знаходзіцца пад назіраньнем мэдычнага пэрсаналу шпіталя. Аб прычынах шпіталізацыі па-ранейшаму не паведамляецца», — удакладняе штаб экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта.
«Любое транспартаваньне на сёньняшні момант можа быць спалучана са сьмяротнай пагрозай жыцьцю і здароўю», — лічыць каманда палітыка.
Пра тое, што ў ноч на 25 красавіка Віктара Бабарыку даставілі з наваполацкай калёніі № 1 у аддзяленьне хірургіі мясцовай бальніцы са сьлядамі зьбіцьця і пнэўматораксам, увечары 26 красавіка паведаміла плятформа аб’яднаньня працоўных Беларусі «Рабочы рух». Сьцьвярджалася, што ён у стане сярэдняй цяжкасьці.
Раніцай 27 красавіка ў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой лякарні Свабодзе пацьвердзілі шпіталізацыю палітвязьня Віктара Бабарыкі. «Бабарыка ў хірургіі знаходзіцца», — адказалі ў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой лякарні на пытаньне аб тым, ці сапраўды Віктара Бабарыку шпіталізавалі.
У праваабарончым цэнтры «Вясна» BPN паведамілі, што апошнім часам не атрымлівалі інфармацыі пра Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда, які больш як два гады знаходзіцца пад сьледзтвам.
Ініцыятыва мэдычных работнікаў «Белыя халаты» на той момант таксама ня мела зьвестак пра стан і месцазнаходжаньне Бабарыкі: яна апублікавала паведамленьне са спасылкай на «Рабочы рух» і папрасіла калегаў падзяліцца інфармацыяй.
27 красавіка каманда Бабарыкі пацьвердзіла факт ягонай шпіталізацыі.
У гэты ж дзень крыніцы BPN паведамілі, што ў «пацыента з прозьвішчам Бабарыка 1963 году нараджэньня», які паступіў у Наваполацкую гарадзкую бальніцу, «узяты аналізы, праводзіцца мэдычнае абсьледаваньне». Таксама быў пацьверджаны пнэўматоракс. Іншая крыніца заявіла, што, «магчыма, у лёгкіх у Бабарыкі знойдзена вада».
- Бацьку і сына Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 году. Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Бабарыку кандыдатам у прэзыдэнты, хоць той сабраў у чатыры разы больш подпісаў, чым патрабаваў Выбарчы кодэкс (425 тысяч пры неабходных 100 тысячах). Падставай стаў ліст з Камітэту дзяржкантролю аб парушэньнях, якія нібыта зьдзейсьніў Бабарыка.
- 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд прыгаварыў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу) і «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Бабарыка віну не прызнаў.