Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пасьля шпіталізацыі палітвязьня Бабарыкі зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці


Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

«Становішча Бабарыкі і іншых палітвязьняў патрабуе неадкладнай міжнароднай увагі», заявіла Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што «адзіным магчымым выхадам з крызісу зьяўляецца неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў з забесьпячэньнем рэабілітацыі іх і іхніх сем’яў».

«26 красавіка зьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку перавялі з калёніі ў бальніцу, яму робяць апэрацыю. Па паведамленьнях незалежных СМІ, ён быў дастаўлены ў бальніцу са сьлядамі зьбіцьця. Яго адвакатам і членам сямʼі адмаўляюць у інфармацыі ці кантактах зь ім», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская і падкрэсьліла, што гэта не адзінкавы выпадак.

Яна зазначыла, што інфармацыя пра стан здароўя палітвязьняў, якіх няспынна катуюць, трымаецца ў сакрэце.

«Мы патрабуем, каб да Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай і іншых палітвязьняў, якія маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе, дапусьцілі незалежных мэдработнікаў. Мы патрабуем, каб рэжым дазволіў дыпляматам і прадстаўнікам міжнародных арганізацый, у тым ліку АБСЭ, доступ да палітвязьняў, каб ацаніць умовы, у якіх яны ўтрымліваюцца, і якая экстраная дапамога ім патрэбная», — гаворыцца ў заяве Ціханоўскай.

Яна заклікала ўлады выконваць беларускае заканадаўства і даць палітвязьням права на належную прававую працэдуру, а таксама дазволіць беларускім адвакатам бесьперашкодна выконваць свае прафэсійныя абавязкі.

«Мы асуджаем гвалт і катаваньні ў беларускіх турмах, парушэньні правоў чалавека, палітвязьняў, іх семʼяў, а таксама перасьлед па палітычных матывах і пакараньні за палітычныя погляды і перакананьні.
Мы лічым, што адзіным магчымым выхадам з крызісу зьяўляецца неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў з забесьпячэньнем рэабілітацыі іх і іхніх сваякоў».

«Мы побач», — Амбасада ЗША ў Беларусі пра сутуацыю з Бабарыкам

Занепакоенасьць станам Бабарыкі выказала і амбасада ЗША ў Менску, а таксама дэпутат Эўрапарлямэнту Каталін Чэх.

Пасольства ЗША ў Беларусі «занепакоена інфармацыяй аб шпіталізацыі Віктара Бабарыкі з магчымымі траўмамі, атрыманымі ў зьняволеньні», — гаворыцца ў паведамленьні дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Twitter.

Амэрыканскія дыпляматы «ўважліва сочаць» за сытуацыяй. Яны заклікалі ўлады Беларусі даць да яго доступ «у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі».

«Мы побач», — падкрэсьлілі ў пасольстве.

У сваю чаргу, дэпутат Эўрапарлямэнту Каталін Чэх назвала тое, што адбываецца з Бабарыкам, «трывожнымі навінамі».

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG