Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў Тэгеране рабілі Кубракоў і Пантус. Расказваем, хто суправаджаў Лукашэнку ў Іране


Беларуская дэлегацыя ў Іране: зьлева направа: Дзьмітры Пантус, Аляксей Аўраменка, Ігар Брыло, Іван Кубракоў, Аляксандар Рагожнік, Сяргей Алейнік. Фота president.gov.by.
Беларуская дэлегацыя ў Іране: зьлева направа: Дзьмітры Пантус, Аляксей Аўраменка, Ігар Брыло, Іван Кубракоў, Аляксандар Рагожнік, Сяргей Алейнік. Фота president.gov.by.

Разам з Лукашэнкам у Тэгеран прыляцела невялікае кола чыноўнікаў. Агенцтва БелТА і сайт МУС нават не паведамілі пра пагадненьне аб выдачы вязьняў, якое заключыў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

Аляксандар Лукашэнка 12–13 сакавіка быў з афіцыйным візытам у Іране. У міжнародных адносінах найвышэйшая формай выказваньня двухбаковых адносінаў — дзяржаўны візыт, афіцыйны ж заўважна менш урачысты.

Зь дзяржаўнымі візытамі Лукашэнка ня так даўно быў у Зымбабвэ і Кітаі. І там яго суправаджалі вельмі шырокія дэлегацыі, у тым ліку чальцы сям’і. Асабліва добра гэта было відаць у Афрыцы, там разам з Лукашэнкам былі ўсе сыны (Віктар, Дзьмітрый і Мікалай).

Таксама ў Зымбабвэ была і галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага мэдыцынскага цэнтру (Лечкамісіі) Ірына Абельская.

Візыт у Іран быў больш сьціплы. Лукашэнку суправаджала зусім абмежаванае кола чыноўнікаў. Таксама рэпартэры беларускіх і іранскіх СМІ ніводнага разу не паказалі, што ў Тэгеране быў той жа Мікалай Лукашэнка. А хто ж быў?

Сяргей Алейнік: змагацца з санкцыямі па-іранску

Міністар замежных спраў сядзеў на перамовах па левую руку ад Лукашэнкі. Яшчэ да прылёту ў Тэгеран Лукашэнкі Алейнік сустрэўся са сваім іранскім калегам Хасэйнам Амірам Абдалахіянам.

«Кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў аддалі асаблівую ўвагу практычнай рэалізацыі беларуска-іранскіх праектаў. Падкрэсьлена неабходнасьць інтэнсыфікацыі двухбаковых кантактаў», — гаворыцца ў сухой справаздачы на сайце МЗС.

Іранскія СМІ расказалі больш. У прыватнасьці, яны напісалі, што Алейнік выказаў гатоўнасьць скарыстаць досьвед Ірану ў барацьбе з заходнімі санкцыямі, а таксама — што Беларусь хоча выкарыстоўваць іранскую чыгунку для дастаўкі беларускай прадукцыі на сусьветныя рынкі.

Аляксандар Рагожнік: пастаўка БелАЗаў

Міністар прамысловасьці сядзеў ад Лукашэнкі па правую руку. Адметна, што менавіта Рагожнік і Алейнік — тыя міністры ва ўрадзе, якія знаходзяцца на сваіх пасадах найменей часу (з канца 2022 году).

Таксама Рагожнік і Алейнік разам з паслом Беларусі ў Іране Дзьмітрыем Кальцовым бралі ўдзел у закрытай частцы перамоваў Лукашэнкі і прэзыдэнта Ірану Эбрахіма Раісі.

Рагожнік таксама загадзя правёў сустрэчу зь міністрам прамысловасьці, шахтаў і гандлю Ірану Сэйедам Рэза Фатэмі Амінам. Тут ужо прагучала больш канкрэтыкі, размаўлялі пра пастаўку ў Іран беларускай кар’ернай тэхнікі, а таксама грузавой і пасажырскай тэхнікі. Гаварылі таксама пра пагадненьне аб сумеснай зборцы трактароў у Іране.

Аляксей Аўраменка: рэйс між Тэгеранам і Менскам

Міністар транспарту і камунікацый, мабыць, адзіны, хто вярнуўся з Ірану зь нейкімі канкрэтнымі дамоўленасьцямі. У прыватнасьці, Аўраменка паведаміў, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у разьвіцьці міжнароднага транспартнага калідору Поўнач — Поўдзень, а менавіта ў пабудове чыгункі да порту Бэндэр-Абас.

Таксама ад 26 сакавіка ўзнаўляюцца прамыя пералёты паміж Менскам і Тэгеранам. Лётаць будзе не беларуская «Белавія», а іранская кампанія Mahan Air.

Іван Кубракоў: пагадненьне, пра якое не гавораць беларускія СМІ

Яшчэ тры высокапастаўленыя чыноўнікі прысутнічалі на большасьці сустрэч у Тэгеране. На сайтах МУС і дзяржаўнага агенцтва БелТА няма ніводнай згадкі, пра што і з кім дамаўляўся ў Іране міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

А вось іранскае агенцтва Tasnim паведаміла, што Кубракоў разам зь міністрам юстыцыі Ірану Амінам Хасэйнам Рахімі падпісалі пагадненьне аб узаемнай выдачы вязьняў, каб тыя дабывалі тэрмін зьняволеньня ў родных краінах. Невялікае паведамленьне пра гэта было толькі ў тэлеграм-канале МУС Беларусі.

Ігар Брыло: беларускае мяса і малако Ірану

Міністар сельскай гаспадаркі дамаўляўся пра павелічэньне паставак малочнай і мясной прадукцыі зь Беларусі ў Іран. Паводле дадзеных за 2022 год, экспарт беларускіх сельскагаспадарчых тавараў у Іран складае ўсяго 1,4 мільёна даляраў. Беларусы пастаўляюць у азіяцкую краіну солад, а таксама пухіры і страўнікі жывёл. Імпартуе Беларусь з Ірану фінікі, арэхі, цытрусы, таматы, капусту, цыбулю і іншыя пазыцыі на 16 мільёнаў даляраў.

Дзьмітры Пантус: невядома нічога

Пра мэты візыту ў Тэгеран кіраўніка Вайскова-прамысловага камітэту нічога не паведамілі ні беларускія, ні іранскія СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG