Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расея будзе выкарыстоўваць Аляксандра Лукашэнку для паглыбленьня супрацы з Іранам.
«Лукашэнка часта дзейнічаў як васал Крамля ў апошніх паездках у замежныя краіны, і ягоны візыт у Тэгеран, пэўна, зьяўляецца кампанэнтам больш шырокіх намаганьняў Крамля, каб забясьпечыць падтрымку Ірану ва ўмовах міжнародных санкцый», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.
Экспэрты асобна зьвяртаюць увагу на колькасьць падпісаных пагадненьняў аб беларуска-іранскай супрацы і заяву кіраўніка Ірану аб тым, што гэтая супраца дазволіць супрацьстаяць санкцыям.
«11 сакавіка іранскія дзяржаўныя СМІ абвясьцілі, што Іран завяршыў выкананьне пагадненьня аб куплі ў Расеі баявых самалётаў Су-35, што паказвае на тое, што вайсковыя, палітычныя і эканамічныя пагадненьні паміж Тэгеранам і Масквой працягваюць заставацца ўзаемавыгаднымі для абодвух бакоў. Крэмль, падобна, прадоўжыць выкарыстоўваць уплыў Лукашэнкі для паглыбленьня супрацы з Тэгеранам», — мяркуюць экспэрты ISW.
З 13 сакавіка Лукашэнка знаходзіўся ў Тэгеране з двухдзённым візытам. Там ён сустрэўся з прэзыдэнтам Ірана Эбрахімам Раісі які, сярод іншага, абяцаў падзяліцца досьведам абыходу заходніх санкцый.
Падчас перамоваў, які паведамляла прэсавая служба Лукашэнкі, галоўнай тэмай стала «разьвіцьцё ўзаемадзеяньня па ўсім спэктры двухбаковых адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва».
У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што разглядаюць візыт Лукашэнкі ў Тэгеран як «працяг паглыбленьня адносін паміж Іранам і Расеі».
«Такім чынам, цяпер, калі Лукашэнка знаходзіцца ў Іране, у некаторым сэнсе вы можаце бачыць у гэтым працяг паглыбленага партнэрства паміж Іранам і Расеяй. Але гэта тое, за чым мы вельмі пільна сочым. Гэта дзьве птушкі аднаго палёту, і часта яны зьбіраюцца разам», — паведаміў прэс-сакратар амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства Нэд Прайс.