Сьцісла:
- У слове «невероятные» можна разгледзець розныя сэнсы. Што менавіта яно значыла ў 2020-м?
- Як і калі беларусы страцілі крытычны погляд на саміх сябе.
- Ці магчыма перамагчы ўласны нацыянальны інфантылізм?
«Неверагодныя» ці «невераемныя»
Слова «невероятные» адразу пераклалі на беларускую як «неверагодныя», у такім выглядзе яно тады пашырылася і прыжылося.
Мовазнаўца Вінцук Вячорка, аднак, пярэчыць:
«Словам „невероятные“ па-расейску людзей пачалі называць нядаўна, пераважна ў сфэры шоў-бізнэсу. Гэта калька ангельскага „You are incredible!“. У беларускай мове расейскаму слову „невероятный“ адпавядае „неймаверны“. Беларускае „неверагодны“ — па-расейску найперш „недостоверный“. Слова ж „верагодны“ — пра дакумэнт ці чалавека, якім можна давяраць. Веры годны».
Заўвага, вядома ж, слушная. У тым выпадку, калі б мы маглі дакладна сфармуляваць тое, што ўкладалася ў гэты вокліч: «Беларусы, вы невероятные!». Бо папраўдзе верагоднасьці ў той эмоцыі зьмяшчалася ня больш, чым неверагоднасьці. А на маю думку, гэта была чыстая эмоцыя, якую па-ангельску найлепей перадаць словам «Wow!» — тое, што не паддаецца ўяўленьню, разуменьню, здароваму розуму, і было гэта менавіта пра беларусаў, беларускую нацыю.
Больш за тое, гэта быў неўсьвядомлены вэрдыкт, нават дыягназ — нацыянальны інфантылізм, няздатнасьць успрымаць сябе як нармальную, «звычайную» нацыю — такую, як усе. Але да такіх высноваў, да паглыбленьня ў сутнасьць справа не даходзіла. Бо эмацыйнае «Wow!» было фінішнай стужкай і кропкай ва ўсёй гэтай гісторыі. Ужо таго, што мы бачылі на масавых маршах, самога карнавалу было дастаткова, каб ня ставіць ніякіх мэтаў, бо мэта карнавалу ў тым, каб ён адбыўся. І ён адбыўся. Гэта значыць, стаў тым абсалютным дасягненьнем, якое не патрабуе ніякага наступнага дзеяньня. У тым ліку і пераменаў.
Філязофская формула «хочаш зьмяніць сьвет — зьмяніся сам» не працуе, бо ты ўжо ідэальны ў гэтым неідэальным сьвеце. І ўсё, чаго ты можаш патрабаваць, — каб сьвет зьмяняўся ў бок тваёй «невероятности», каб ён пачаў адпавядаць табе. Але так не бывае, бо сьвет, якім ты не авалодаў, які ты не зьмяніў, які не ўдасканаліў сваім бачаньнем, разварочваецца на 180 градусаў і пачынае дэградаваць з той самай імклівасьцю, зь якой ты ўявіў сябе «невероятным». І цяпер ужо ён «невероятный», але як бы наадварот — проста канцлягер нейкі пасярод Эўропы, абсалютна неверагодны ўва ўсіх тваіх ранейшых уяўленьнях.
Быццам пасьля агульнага і доўгага наркозу даводзіцца доўга-доўга ачувацца, патроху зноў вучыцца хадзіць, зноў пачынаць думаць, а калі дакладна сказаць, — адумвацца. І што ты бачыш? Ніякія беларусы не «невероятные»: звычайныя людзі, прычым усякія, нават дзікаватыя і брыдкія часам. І ніякая «невероятность» не аб’яднала іх у сілу, каб зьмяніць свой сьвет.
Беспрэцэдэнтныя прыгажэнныя статысячныя бел-чырвона-белыя маршы засталіся карцінкамі нашай гісторыі — нечаканай і без канкрэтных вынікаў — як «ілюстрацыйнае фота».
Зьвесткі ад Чэкмана
Пішучы нядаўна пра літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця, я згадаў сваю колішнюю гутарку зь філёлягам Валерыем Чэкманам на старонках Гедройцевай «Kultury».
У 1994-м, акурат у часе першых выбараў Лукашэнкі, Чэкман праводзіў апытаньні жыхароў новых краін, Беларусі і Літвы, пра тое, кім яны пачуваюцца на выхадзе з камунізму. У Беларусі навукоўцу ўдалося запоўніць 350 анкет — пры тым, што 70% рэспандэнтаў гаварыць адмовіліся і тлумачылі гэта тым, што «не жадаюць удзельнічаць у тым, што робіцца навокал, бо нікому да іхных думак няма справы».
Чэкман тлумачыць галоўнае адрозьненьне беларусаў ад суседзяў шмат мацнейшай люмпэнпралетарызацыяй сьвядомасьці, прынцыпам «не высоўвайся» і ўсьведамленьнем, што заўсёды жылі ў нэндзы, а цяпер во як добра зажылі... Сярод узроставых групаў Чэкман вылучыў адэкватныя адносіны ў моладзі ад 20 гадоў; наступная група, пасьля 35, — суцэльна заклапочаныя бытам, сярод іх шмат беспрацоўных; пасьля 60 — «стопрацэнтовая агрэсія».
Калі ж дадаць, што большасьць рэспандэнтаў за праваслаўе і за супрацу выключна з Расеяй (зь іншымі суседзямі «ня трэба», бо яны незразумелыя або варожыя), атрымаем уласна перамогу Лукашэнкі. Процілеглых поглядаў амаль не прасочваецца. Можна і трэба ўлічыць фактары страху, а таксама суб’ектывізм Чэкмана, але ў цэлым ані намёку на «невероятных»: дамінуе псыхалёгія нявольніка, які ўвесь час паўтарае, што хоча, каб было, як раней.
На мірныя маршы 2020-га выходзіла ў дзясяткі і сотні разоў больш людзей, чым на мітынгі за Лукашэнку. Калі б усё вырашала колькасьць, па ідэі, «невероятные» мусілі перамагчы, але перамаглі «чэкманаўскія». Чаму? Зброя, вядома, была важным чыньнікам. Але ў «невероятных» не было матывацыі перамагаць, яны ў сваім уяўленьні ўжо перамаглі.
«Аднак, — спытаўся я ў Чэкмана, — чаму ўсё ж беларусы хочуць, каб было, як раней?» — «Бо ня маюць ніякай альтэрнатыўнай візіі заўтрашняга дня, — адказаў ён. — Візію фармуеш або ты сам, або яе фармуе прапаганда, а яна ў Беларусі якраз і кажа пра тое, як добра было, калі быў СССР і калі сталіцай была Масква. Таму людзям прасьцей вярнуцца ў колішнія дэкарацыі». Нарэшце, у тым колішнім інтэрвію мы падышлі да тэмы сёньняшняга тэксту. Як беларусы ставяцца да беларусаў?" — спытаўся я ў Чэкмана. Адказ мне здаўся знаёмым:
«Мяне зьдзівіў набор характарыстык, стандартны і безкрытычны. — сказаў Чэкман. — Працавітыя, сьціплыя, гасьцінныя... І ўсё. У Літве мы назьбіралі паказальную колькасьць крытычных заўваг літоўцаў пра літоўцаў. Пераважае крытычны настрой. „Я, вядома, часьцінка гэтай нацыі, адносіны да яе ў мяне, аднак, крытычныя“. У беларусаў стандарт: працавітыя, сьціплыя, цярплівыя, усіх прымаем, усіх талеруем...»
Трэба прызнаць, што гэтае параўнаньне зь літоўцамі не зьмянілася, адно што беларускі стандарт за гэтыя 30 гадоў вырас да бурбалкі «невероятных» і... лопнуў. Тым часам літоўцы ня мелі ілюзіяў адносна саміх сябе і пісалі сваю гісторыю рацыянальна, пільна гледзячы на саміх сябе збоку.
Нацыянальны інфантылізм
Звычайна ня бачаць сябе збоку дзеці. Гэты навык даецца з гадамі. Дзеці неўсьвядомлена выжываюць, маніпулююць дарослымі, не бяруць свайго лёсу ў свае рукі.
Напрыклад, чыста маніпулятыўная пазыцыя — расейскамоўны беларус (насамрэч аксюмаран). З чаго гэта ён, уласна, беларус? Немагчыма сустрэць літоўца ў Літве ці паляка ў Польшчы, якія б не разумелі адпаведна літоўскую і польскую мовы. Беларусаў у Беларусі сёньня такіх ці ня большасьць. Іхная некрытычнасьць да сябе выяўляецца ў тым, што яны ня ставяць такіх пытаньняў перад сабой, дзяржавай і прапагандай, а дэлегуюць адказнасьць за сваю ўласную беларускасьць дзяржаве і прапагандзе.
Асабліва выразна гэтыя рысы праявіліся ў эміграцыі. Беларусы ахвотна канфліктуюць міжсобку, але ня маюць выразнай, пагатоў агульнай візіі будучыні нацыі і свайго месца ў ёй. Як у дзіцяці, у іх звычайна няма адказу на пытаньне «Кім ты хочаш стаць?» (вядома ж, касманаўтам). Яны застаюцца па-за самакрытыкай. Як дзеці, яны ня маюць сьветапогляду, які б стаў калектыўным і які можна было б назваць беларускім. А ў выніку і ніякага руху ні ў які бок няма.
Здымаем кіно
Акурат у часе мірных маршаў 2020-га ў Менску здымалі фільм пра падзеі 13 студзеня 1991 году ў Вільні. Да 30-х угодкаў. Проста перад вачыма паўстала параўнаньне з той літоўскай сытуацыяй. І тут, і там была моцная эўфарыя, але ў Вільні яна была зусім не карнавальная, людзі мелі суворы выраз твару, бо разумелі, што будуць стаяць да канца, і канкрэтную задачу — абараніць свой парлямэнт ад савецкіх танкаў. Што ўрэшце яны і зрабілі. Былі загінулыя і параненыя, але быў і вынік — двоеўладзьдзе на доўгія дзевяць месяцаў. Урэшце яны перамаглі.
Вокліч «Літоўцы! Вы невероятные» ў той сытуацыі ніякім чынам не паклаўся б на душу. Надзеленыя калектыўнай нацыянальнай сьвядомасьцю, яны думалі маштабам сваёй нацыі і краіны, а не сваёй умоўнай працавітасьці і гасьціннасьці. Нацыянальны інфантылізм, як і дзіцячы, пераадольваецца сталасьцю, калі праз уласную культуру, выхаваньне, адукацыю нараджаюцца новыя нацыянальныя аўтарытэты, надзеленыя нацыянальным сьветапоглядам. Яны ўжо ведаюць, што такое нацыянальныя інтарэсы, і ім ня трэба тлумачыць, што трэба рабіць, каб увасобіць гэтыя інтарэсы ў сваёй нацыянальнай дзяржаве.
Калі я згадваю пачаткі цяперашняй беларускай незалежнасьці, то канстатую, што ўсё рабілася менавіта гэткім чынам. І сувора, і самакрытычна. Іншая рэч, што гэтая плынь не ахапіла дастатковае колькасьці народу — не пасьпела.
У 1980-я, калі ствараліся моладзевыя суполкі, іх канфэдэрацыя, потым БНФ, на мітынгах не было і не магло быць воклічу «Беларусы! Вы невероятные!». Бо такі вокліч быццам завяршаў бы сам працэс нараджэньня элітаў, фармаваньня грамадзкага руху, выхад у палітыку ўсім вядомых асобаў, што і адбылося ў 1980-90-я. І чаго не адбылося ў 2020-м. Новыя эліты 1980-х падхапілі нацыянальна-дэмакратычную лінію беларускай суб’ектнасьці. То бок была адноўленая пераемнасьць і гістарычная легітымнасьць беларускай незалежнасьці. Тады і быў укінуты ў гульню джокер-лукашэнка зь лёзунгам «назад у СССР»... Разагнаўшы ў 1995-м парлямэнт і ўвёўшы дыктатуру на штыхах, ён схіліў усіх астатніх бараніцца ад яго праз адчуваньне сябе адваротнымі: самымі добрымі, сьветлымі, чалавечнымі, фактычна дзецьмі. І гэта быў сыход у інфантылізм. І чым даўжэй і больш жорстка паводзіў сябе дыктатар, тым больш інфантыльнай рабілася рэакцыя людзей.
Беларусы знайшлі ў сабе салідарнасьць — можа быць, найбольш карысны і практычны набытак, які пазначае нас народам, але не зьяўляецца канчатковым набыткам, бо кожнага разу мусіць сьцьвярджацца, што ён нікуды ня зьнік. Мы вярнулі нашу нацыянальную сымболіку, адчуўшы пад ёй сваю маральную еднасьць. Мы крок за крокам вяртаем сваю родную мову, у чым прыкметна адстаём ад суседзяў.
Найбольш цяжка даецца разуменьне таго, што быць беларусам — гэта не тэрытарыяльная ці пашпартная характарыстыка, а сьветапогляд, галоўная адзнака якога — цэльнасьць, гарманічная карціна сьвету. Цяжка, бо сёньняшняя мазаіка з расейскіх, савецкіх, лукашэнкаўскіх шкельцаў так ці інакш трапляе ў разумовы калейдаскоп беларуса, не даючы яму скласьціся і зафіксавацца ў тую адзіную карціну, якой і будзе ён сам.
Для пераменаў патрэбна дастатковая колькасьць людзей, надзеленых цэльным сьветапоглядам, з чаго будуць нараджацца аўтарытэтныя эліты і арыентацыя на незалежнасьць, на сваю ў поўным сэнсе слова краіну. Арыентацыя на сябе-«невероятных» даецца лёгка, але гэта аблудны шлях у іншы бок.
Як нацыя, якая зь цяжкасьцю сталела ў 1980-я, якая сьпешна фармавала свае эліты, мы капітальна ад’ехалі ў некрытычнае дзяцінства. І эўфарыя 2020-га гэтаму моцна паспрыяла. Мы паверылі ў сваю неверагоднасьць як у тое, што ёсьць, і адначасова як у тое, чаго папраўдзе няма.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум