Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве відэакамэры сочаць, як у калёніі працуе Марыя Калесьнікава


Марыя Калесьнікава ў судзе. Менск, 2021
Марыя Калесьнікава ў судзе. Менск, 2021

Пра вядомую беларускую апазыцыянэрку Марыю Калесьнікаму, умовы ў вязьніцы, дзе яе трымаюць ужо тры гады, і стан здароўя палітзьняволенай расказала агенцтва AFP.

AFP цытуе словы яе сястры Тацяны Хоміч і дзьвюх былых зьняволеных 4-й жаночай калёніі ў Гомлі, дзе трымаюць Калесьнікаву.

Былая палітзьняволеная, актывістка фэмінісцкага руху Дар’я Афанасьева была асуджаная на 2,5 года зьняволеньня. Афанасьева вызвалілася з калёніі ўвесну, а цяпер жыве ў Польшчы.

Паводле Афанасьевай, інфармацыя пра Марыю Калесьнікаву даходзіла да жанчын у калёніі вельмі абмежавана, часьцей пасьля таго, як хтосьці трапляў у штрафны ізалятар, дзе большасьць часу трымалі Калесьнікаву, і там чуў празь сьцяну яе голас. Пры гэтым Дар’я Афанасьева мяркуе, што нават трымаць Калесьнікаву ў ШЫЗА лічылася недастатковым, адміністрацыя вязьніцы рабіла надзвычайныя захады, каб ніякія зьвесткі пра Калесьнікаву не даходзілі да іншых зьняволеных. Так, Дар’я Афанасьева прыгадала, як аднойчы ў калёнію прыехаў мэдыцынскі аўтобус, які, імаверна, выклікалі для Калесьнікавай, калі тая цяжка захварэла. Паводле Афанасьевай, адміністрацыя калёніі на гэты час увяла «нейкае ваеннае становішча».

Марыя Калесьнікава ў турэмным шпіталі з бацькам. Скрын зь відэа
Марыя Калесьнікава ў турэмным шпіталі з бацькам. Скрын зь відэа

«Усім загадалі сядзець па пакоях і не дазвалялі нават падыходзіць да вокнаў», — успамінае былая палітзьняволеная. Пазьней Марыю Калесьнікаву з турэмнага шпіталя перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) і некаторым вязьням удалося яе пабачыць. «Яна выглядала вельмі схуднелай», — кажа Дар’я Афанасьева.

Таксама Дар’я ўспамінае, што надзвычайны кантроль за Марыяй Калесьнікавай быў і на яе працоўным месцы ў швейным цэху.

«Яе ізалявалі ад іншых палітычных — накіравалі ў брыгаду, дзе больш палітычных не было. А яшчэ ўсталявалі дзьве відэакамэры над сталом, дзе яна працавала», — расказвае былая палітзьняволеная пра ўмовы, створаныя ў калёніі для Марыі Калесьнікавай.

«Спачатку чулі яе моцны голас»

Расповед Дар’і Афанасьевай дапоўніла Крысьціна Чаранкова, таксама былая палітзьняволеная 4-й жаночай калёніі, якая адбывала пакараньне за допісы ў сацсетках супраць вайны ва Ўкраіне.

«Усё, што зьвязана з Машай, было засакрэчана», — пацьвердзіла Чаранкова. Паводле жанчыны, практычна ўвесь тэрмін, што яна адбыла ў калёніі (гэта год і адзін месяц), Марыя Калесьнікава прабыла ў ПКТ. Крысьціна Чаранкова таксама перадала расповеды жанчын, якія пабывалі ў карцары, калі там трымалі Калесьнікаву.

«Спачатку дзяўчаты казалі, што яна там сьпявае, бо ў яе моцны голас, яны чулі яе сьпевы праз сьцены камэры. Але ў апошнія месяцы майго знаходжаньня ў калёніі ўжо казалі, што яе амаль не чуваць», — падзялілася Крысьціна Чаранкова.

«Калесьнікава важыць усяго 45 кіляграмаў»

«Я хвалююся за яе жыцьцё», — прыводзіць AFP словы сястры Марыі Калесьнікавай Тацяны Хоміч, якая жыве за межамі Беларусі. Тацяна ведае, што пасьля апэрацыі на брушной поласці ў лістападзе 2022 году яе сястра моцна схуднела, але цяпер страціла вагу «яшчэ больш». «Пры росьце 175 сантымэтраў яна важыць толькі 45 кіляграмаў», — сказала Тацяна Хоміч.

Паводле Тацяны, для нармальнага харчаваньня Марыі не хапае грошай, якія дазваляюць патраціць у ПКТ.

«Турэмную ежу яна ня можа есьці, гэта вельмі грубая для яе ежа. Умовы ў ПКТ прадугледжваюць, што можна патраціць 35–70 рублёў на месяц, гэта каля 10–20 эўра. Але ўявіце, што на гэтыя грошы можна купіць у Беларусі? У лепшым выпадку гарбату, печыва. Але ж ёй яшчэ патрэбныя пракладкі, рэчы для гігіены, якія ў перадачах да яе не трапляюць. Таму ўвесь гэты час Маша недаядае, фактычна яна галадае», — расказвала Тацяна Хоміч пра сястру.

Апошні раз сьвет убачыў Калеснікаву пасьля апэрацыі, калі ёй дазволілі пабачыцца з бацькам, а ўлады апублікавалі расплывісты здымак палітзьняволенай. Пасьля гэтага лісты спыніліся: апошні быў датаваны 15 лютага 2023 году. Такім чынам, ужо 19 месяцаў Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў «рэжыме інкамунікада», падлічыла агенцыя AFP.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG