Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў: «Несвабоду мы ўтрымліваем і ў сабе саміх»


Дзьмітры Строцаў
Дзьмітры Строцаў

Расейскамоўны паэт зь Менску Дзьмітры Строцаў за кнігу «Беларусь перакуленая», у аснову якой леглі падзеі 2020 году, атрымаў некалькі міжнародных літаратурных прэмій. А да іх яму давялося паспытаць «узнагароду» ад уладаў — зьняволеньне ў турме на Акрэсьціна.

Цяпер Дзьмітры Строцаў на шматлікіх сустрэчах з чытачамі па ўсёй Эўропе расказвае пра перасьлед беларускіх творцаў на радзіме і ўсяляк імкнецца ім дапамагчы. У тым ліку і праз выданьне кніг беларускіх паэтаў за мяжой, што стала асноўнай тэмай сёньняшняй гутаркі.

— З вашай лёгкай рукі ў замежжы паўстала яшчэ адно беларускае выдавецтва. У Бэрліне вы заснавалі «hochroth Minsk». То хіба і пачнем з назвы, бо ж кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве.

— Hochroth — нэалягізм зь верша нямецкай паэткі Караліны фон Гюндэродэ. З эпохі рамантызму. Слова склалася з двух, якія можна перакласьці як «высокі» і «чырвоны». Так і атрымалася «hochroth» — «зыркачырвоны». У звычайнай гаворцы гэтае слова не выкарыстоўваецца. Яго як назву ўзяў заснавальнік бэрлінскага выдавецтва Марка Бэкендорф.

Цяпер філіі «hochroth» існуюць у некалькіх гарадах — Бэрліне, Ляйпцыгу, Мюнхэне, Гайдэльбэргу і іншых. Па маёй просьбе нямецкія калегі згадзіліся прыняць у супольнасьць выдавецтваў і беларускую філію «hochroth Minsk».

— Як і чаму паэт Дзьмітры Строцаў стаў выдаўцом?

— Выданьнем паэзіі я займаюся зь першай паловы 1990-х. Спачатку было менскае выдавецтва «Виноград», якое я заснаваў зь Ігарам Палевіковым. Потым зьявіўся праект «Новые Мехи», у якім з 2002 году выдаецца паэтычная сэрыя «Минская школа» і альманах з такою ж назваю. Праект не закрыты.

Кніжны кірмаш Svět knihy 2021, Прага, 25 верасьня 2021. Максім Жбанкоў, Сабіна Брыло, Дзьмітры Строцаў.
Кніжны кірмаш Svět knihy 2021, Прага, 25 верасьня 2021. Максім Жбанкоў, Сабіна Брыло, Дзьмітры Строцаў.

— Ваша выдавецтва заявіла пра сябе зьяўленьнем на сьвет адразу трох кніг. І ўсе яны паэтычныя. І аўтары ўсіх трох — жанчыны. Супадзеньне? Сьвядомы выбар? Ці акрэсьленая рэдакцыйна-выдавецкая палітыка?

— «hochroth» выдае толькі паэзію, і мяне прынялі ў супольнасьць як выдаўца паэзіі. Што цалкам супадае з маім настроем. У новай Беларусі, якую мы адкрываем для сябе з 2020 году, выразна праявіўся «жаночы твар». І я шчасьлівы даць магчымасьць прагучаць галасам любімых беларускіх паэтак у першай сэрыі выдавецтва. Але праект, канечне, ня будзе гендэрным.

— Усе тры першыя кнігі маюць аднолькавы графічны дызайн вокладак, толькі адна маленькая дэталь адрозьнівае іх колерам. Ці гэтак будуць аформленыя і наступныя кнігі, і ці стане такі дызайн вашым фірмовым знакам?

— У «hochroth» ёсьць пэўныя прынцыпы, якія ўсталяваліся да майго ўваходжаньня ў супольнасьць выдаўцоў. Гэта агульная ўнівэрсальная канструкцыя кнігі, некалькі стандартных фарматаў, аднолькавы набор матэрыялаў. Кнігі зьбіраюцца ўручную кожным з выдаўцоў. І важна, каб любую з кніг, пры неабходнасьці, можна было падрыхтаваць у любым з выдавецтваў. (Так, з прычыны вялікага наплыву замоваў, частка менскіх кніг цяпер друкуецца ў Ляйпцыгу.) Але гэта тычыцца толькі матэрыялаў і канструкцыі кнігі, вёрстка і дызайн папяровага блёку знаходзяцца ў падпарадкаваньні кожнага з выдаўцоў.

— Чытачы вельмі прыязна сустрэлі вашыя першыя выданьні, актыўна замаўляючы іх. А якая сыстэма распаўсюду вашых кніг? Ці могуць яны трапіць да чытачоў у Беларусь?

— Калі пайшла хваля замоваў на першыя кнігі «hochroth Minsk», нямецкія калегі моцна зьдзівіліся. Яны адрэагавалі на гэта словамі: «У Беларусі паэзія яшчэ мае сацыяльную значнасьць, у Нямеччыне гэта даўно ня так».

У «hochroth» ёсьць сайт, празь які можна замаўляць кнігі з дастаўкай на тэрыторыі Эўразьвязу. Кнігі менскае філіі трапяць у беларускія кнігарні, якія цяпер адкрываюцца ў эўрапейскіх гарадах. Спэцыяльныя пастаўкі нашых кніг у Беларусь пакуль немагчымыя.

— Паэтычных зборнікаў якіх беларускіх аўтараў чакаць?

— Гатовая да друку кніга Ганны Комар. Цяпер вяду перамовы адразу зь некалькімі беларускімі аўтарамі, але іх імёнаў ня буду называць.

— Некаторыя літаратары, заснаваўшы свае выдавецтвы, уласныя творы прынцыпова выдаюць у іншых выдавецтвах. А вы як будзеце?

— У выдавецтвах «Виноград» і «Новые Мехи» выходзілі мае аўтарскія зборнікі. У бэрлінскім «hochroth» у 2020 годзе выйшла мая кніга ў нямецкіх перакладах і цяпер рыхтуецца двухтомнік па-нямецку і па-расейску. Я не абцяжарваю сябе неабавязковымі прынцыпамі.

— А якія прынцыпы жыцьця і творчасьці для вас непарушныя?

— Жыцьцё і творчасьць павінны быць свабоднымі. Гэтае простае патрабаваньне вельмі цяжка выконваецца. Мы абцяжараныя многімі абставінамі, якія навязваюць нам несвабоду ў самых розных формах. Несвабоду мы ўтрымліваем і ў сабе саміх. Творчая інтуіцыя і мастакоўская адчувальнасьць падказваюць нам нашыя тупікі. Але не заўсёды мы гатовыя з гэтым сустрэцца і пачаць дзейнічаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG