«У судовым парадку. Найверагодней, быў прыменены арт. 33 Закону аб выдавецкай справе. Калі не памыляемся, такое здараецца ўпершыню ў найноўшай гісторыі», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-канала «Кнігаўка».
Выдавецтва «Янушкевіч» рыхтавала і выдавала разнастайную кніжную прадукцыю, пераважна на беларускай мове.
У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
22 сакавіка 2021 году стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А ў Менску. Пасьля гэтага выдавецтва абвясьціла распродаж кніг, і хутка ля офісу сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая стаяла некалькі дзён.
Празь менш як два месяцы выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла новую кнігарню «Кнігаўка». Але працавала яна нядоўга. 16 траўня 2022 году ў памяшканьне прыйшлі сілавікі, пасьля ператрусу ў краме яны затрымалі Андрэя Янушкевіча разам з супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай. Суд прызначыў яму спачатку 10 дзён адміністрацыйнага арышту, аднак пасьля іх адбыцьця выдавец на волю ня выйшаў, а быў перазатрыманы і асуджаны яшчэ на 10 сутак.
Трэці суд над Янушкевічам адбыўся 6 чэрвеня. Тады выдаўцу і кіраўніку кнігарні «Кнігаўка» прысудзілі 8 дзён арышту.
Неўзабаве пасьля выхаду з 28 сутак у зьняволеньні Андрэй Янушкевіч пакінуў Беларусь і цяпер жыве ў Варшаве.